Усе навіны

Крыштыяну Раналду – журналістам: «Вы занадта шмат памыляецеся. Задавайце гульцам зборнай пытанні пра ЧС, а не пра мяне»

21 лістапада 2022, 13:54

Капітан зборнай Партугаліі Крыштыяну Раналду заклікаў журналістаў не пытацца ў футбалістаў каманды пра яго канфлікт з «Манчэстэр Юнайтэд».

«Калі б мне прыйшлося штосьці даказваць у свае 37 гадоў і восем месяцаў, я б турбаваўся пра гэта. Пасля таго, што я ўжо зрабіў і выйграў у сваёй кар'еры, гэта было б для мяне нечаканасцю.

Вядома, з году ў год я павінен дэманстраваць, хто я. Для мяне таймінг – гэта ўсё. Лёгка пісаць пра мяне праўду ці хлусню, але мне не трэба думаць пра іншых.

Я ўпэўнены, што ўсё гэта не адаб'ецца на тым, чаго жадае зборная. Усе гульцы і персанал ведаюць, хто я. Яны ведаюць мяне з 11 гадоў, таму на іх не паўплывае тое, што людзі гавораць ці пішуць пра мяне.

На гэтых заключных этапах увесь час узнікаюць спрэчкі. Напрыклад, памылковая сітуацыя з Брунам Фернандэшам. Вы (прэса – заўв.) занадта шмат памыляецеся.

Я пажартаваў над Брунам, у нас выдатныя адносіны. Праблема ў тым, што ўсё, што верціцца вакол Раналду заўсёды выклікае дэбаты. Бруна прыбыў позна, таму што яго самалёт затрымаўся, і я спытаўся ў яго, ці дабіраўся ён на лодцы. Гэта быў жарт, з якога развялі праблему.

Тое ж было і з Жаау Канселу на трэніроўцы. Ён быў крыху засмучаны пасля жорсткага адбору Фелікса, я схапіў яго за шыю, падцягнуў і сказаў: «Ідзём, мужык».

Але атмасфера ў складзе выдатная, праблем няма. У нас ёсць адна мэта – выйграць гэты турнір. Таму прашу – калі наступны гулец прыйдзе на прэс-канферэнцыю, не пытайце яго пра Крыштыяну.

Задавайце пытанні пра чэмпіянат свету. Справа Раналду закрыта. Пастаянная пісаніна пра Крыштыяну раздражняе», – сказаў форвард.

Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com