Усе навіны

Крывушэнка пасля 1:3 ад «Нёмана»: «Зашмат дапусцілі памылак. Не ўбачыў агню ў вачах»

30 студзеня 2023, 20:41

Галоўны трэнер брэсцкае «Дынама» Ігар Крывушэнка падзяліўся меркаваннем аб матчы з «Нёманам» (1:3) на турніры «Белазавец-2023».

– Зашмат дапусцілі памылак. Не ўбачыў агню ў вачах. Накшталт першая гульня, але нічога страшнага. У другім тайме весялей пайшло, моманты пачалі ствараць, хоць і ў першай палове былі падыходы, дзе трэба было распарадзіцца. Добры момант палягае ў тым, што гульня паказала, над чым трэба працаваць. Інфармацыя да разважання.

– Наколькі гульня пад нагрузкамі адбіваецца на выніку і тым, як дзейнічае каманда?

– Натуральна, мы спецыяльна не рыхтаваліся да гэтага турніру. Калі праводзілі ў Брэсце двухтыднёвы збор, то зрабілі шмат бегавой працы. Магчыма, няма той свежасці. Думаю, усе каманды зараз працуюць над кандыцыямі, таму ўсё ў роўных умовах.

– Гэта значыць, няма канкрэтных мэтаў на гэты турнір?

– Мэта – у кожным матчы гуляць на вынік. Спорт ёсць спорт, так што наладжваем рабят на перамогу ў кожнай гульні. Ёсць момант з гульцамі на праглядзе, якіх мы вывучаем. Мэты ў асноўным такія.

– У першым тайме гуляў блізкі да асноўнага склад і прайграў з лікам 0:3, а ў другім выйшлі гульцы на праглядзе і моладзь, якія выглядалі лепш. З чым звязана такая розніца?

– Магчыма, момант псіхалогіі. Магчыма, для кагосьці штучнае поле не самай лепшай якасці. Магчыма, трэба яшчэ сыграцца. Ёсць нюансы. Інфармацыя для трэнерскага штаба атрымана, – лічыць Крывушэнка.