Все новости

Гулец вышэйшай лігі пра пакаранне для «Шахцёра»: «Парушэнні былі ў 2022 годзе. Не думаю, што іх пазбавяць чэмпіёнства»

7 траўня 2023, 16:42

Гулец вышэйшай лігі ў інтэрв'ю тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир!» падзяліўся меркаваннем пра тое, ці могуць пазбавіць «Шахцёр» чэмпіёнства мінулага сезона.

Нагадаем, што «Шахцёр» падазраецца ў стымуляванні трэціх клубаў чэмпіянату Беларусі. Пад падазрэннем аказаліся пяць матчаў мінулага сезона. Таксама пад падазрэнне трапіў «Энергетык-БДУ».

– Цяперашняя сітуацыя тычыцца ж не толькі «Шахцёра», а ўвогуле ўсяго беларускага футбола. Раней колькі было скандалаў з дамоўнымі матчамі, несумленнымі справамі. Усё гэта непрыемна чытаць, ведаць... У нашым футболе і там не ўсё добра, а тут усплываюць новыя факты. Паўтаруся, мне непрыемна.

Чаму вырашылі ўзяцца за «Шахцёр»? У Беларусі перыядычна выбіраюць структуры, і да іх прыцягваецца асаблівая ўвага. Вось прыйшла, мусіць, чарга «Шахцёра». Плюс клуб цягам многіх гадоў дазваляў сабе тое, што нельга было іншым. Так, у ФК не казалі пра гэта адкрыта, не выхваляліся, але ўсё роўна пракручвалі [справы на сваё меркаванне]. Можа, камусьці надакучыла на гэта глядзець, цярпець, можа, нехта вырашыў усё гэта спыніць. Не бяруся судзіць.

– «Шахцёр» пакараюць?

– Мы выдатна ведаем, што ў кабінетах рашэнні прымаюцца не заўсёды па зацверджаных статутах, законах, правілах. Таму можа быць усё, што заўгодна. Ды ўспомніце, як ужываліся пакаранні пры мінулых справах, дамоўных матчах. Кагосьці каралі жорстка, кагосьці – не, хоць і тыя, і тыя здзяйснялі аднолькавыя правапарушэнні.

– Па некаторых крыніцах, з «Шахцёра» і «Энергетыка-БДУ» могуць зняць шмат ачкоў. Што думаеце з гэтай нагоды?

– А ачкі будуць здымаць у якім сезоне – у мінулым ці цяперашнім? Вось пытанне, бо парушэнні былі ў 2022 годзе. Але я не думаю, што «Шахцёр» пазбавяць чэмпіёнства. Можа, знімуць сёлетнія балы, можа, будуць старацца ўсё зацягнуць так, каб у наступным сезоне прымяніць пакаранне. А калі ўсё ж такі пазбавяць чэмпіёнства, а потым яшчэ і «Энергетык-БДУ» пакараюць – ну, тады мінскае «Дынама» пройдзе ў еўракубкі, і можна будзе казаць аб тэорыях змовы :), – сказаў гулец Д1.

Tribuna.com публікуе каментарыі спікераў, якія знаходзяцца ў Беларусі, ананімна для іх бяспекі.