Усе навіны

Намеснік старшыні АБФФ Ботнікаў: «Шахцёр» не ў поўным аб'ёме даваў звесткі па заробках. Таму ім было адмоўлена ў выдачы еўраліцэнзіі»

15 траўня, 23:00

Намеснік старшыні АБФФ Міхаіл Ботнікаў распавёў пра прычыну нявыдачы салігорскаму «Шахцёру» ліцэнзіі для ўдзелу ў еўракубках.

– Сутнасць у наступным. У нас ёсць аўтаматызаваная сістэма кіравання футболам – так званая COMET. Туды ўсе клубы заносяць звесткі, неабходныя для атрымання ліцэнзіі, у тым ліку па трэнерах, гульцах і гэтак далей. І мы можам бачыць інфармацыю толькі пасля таго, як яе ўнёс клуб. Калі клуб не занёс нейкага грамадзяніна ў якасці кагосьці, мы пра гэта не ведаем. І, канешне, мы не можам ведаць, што адбываецца ў клубе, груба кажучы, за плотам. Таму спадзяюся, што кампетэнтныя органы разбяруцца ў тым, пра што мы зараз гаворым, і будуць прыняты рашэнні, каб не дапусціць гэтага ў далейшым.

– Узнімаецца гісторыя з Акеухі і Калабарычам, якія нібыта мелі другія пагадненні з «Шахцёрам» у абыход зарплатнага ліміту. І быццам бы гэтая інфармацыя дайшла да УЕФА.

– Так. Гэта крыху іншая тэма, але раз ужо вы закранулі, дазволю сабе адказаць на гэтае пытанне. Сапраўды, у канцы мінулага года асацыяцыяй было прынята рашэнне праверыць аб'ектыўнасць звестак, якія прадстаўляюцца клубамі [па заробках]. Правяралася даволі вялікая колькасць клубаў. І было выкрыта, што «Шахцёр» не ў поўным аб'ёме даваў звесткі. Нядаўна адбылося паседжанне Ліцэнзійнага камітэта, на якім «Шахцёру» было адмоўлена ў выдачы еўраліцэнзіі. І адначасова – «Энергетыку-БДУ».

– А як развіваецца сітуацыя з нібыта падробленым подпісам былога трэнера варатароў «Шахцёра» Чыжова?

– На жаль, не валодаю інфармацыяй. Але ў любым выпадку вызначэнне сапраўднасці таго ці іншага почырку, подпісы – гэта сфера дзейнасці Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, які, у сваю чаргу, дзейнічае на падставе паступіўшага запыту. Таму, калі нейкія факты ёсць, то грамадзянін павінен звярнуцца ў адпаведныя органы. І яны ўжо будуць разбірацца. Відавочна ж, што асацыяцыя не можа ўстанавіць, правільны подпіс ці няправільны, – сказаў Ботнікаў.