Усе навіны

«Мы вам не канкурэнты, мяне першае месца не цікавіць». На дзяржТБ паказалі нібыта запіс слоў прадстаўніка «Энергетыка-БДУ» калегу з «Шахцёра»

19 траўня 2023, 18:41

На беларускім дзяржТВ прадэманстравалі аўдыёзапіс размовы, якая нібыта адбылася паміж уплывовымі прадстаўнікамі «Энергетыка-БДУ» і «Шахцёра» напярэдадні 30-га тура ЧБ-2022.

Нагадаем, да таго тура «студэнты» адставалі ад «гарнякоў» на чале табліцы на два ачкі. У выпадку роўнасці ачкоў у каманд па выніках 30 тураў быў бы прызначаны «залаты матч». Цяпер сілавікамі Лукашэнкі сцвярджаецца, што гульні 30-га тура і сапернікам «Шахцёра» «Белшынай», і «Энергетыкам-БДУ» былі праведзеныя так, каб гарантаваць чэмпіёнства салігорскага клуба.

Запіс гучыць так:

«Прадстаўнік «Энергетыка-БДУ»: «Каб вы спакойныя былi: як бы вы там ні гулялі, мы вам не канкурэнты. Разумееце, так?»

«Прадстаўнік «Шахцёра»: «Пакуль не, таму што па табліцы зусім іншае пакуль».

«Прадстаўнік «Энергетыка-БДУ»: «Ну, па табліцы вам, не дай Бог, [згуляць] унічыю, а мы выйграем – і да пабачэння. Але мяне гэтае [першае] месца не цікавіць, разумееце, так?»

«Прадстаўнік «Шахцёра»: «Я зразумеў, я зразумеў. Перадам»

Нагадаем, КДК АБФФ разгледзеў інфармацыю, што ў ЧБ-2022 кіраўніцтва «Шахцёра» арганізавала дагаворныя матчы і фінансава стымулявала клубы вышэйшай лігі. У выніку «Шахцёр» быў пазбаўлены залатых медалёў, «Энергетык-БДУ» – сярэбраных. У гэтых клубаў і «Белшыны» таксама знялі ачкі на сезоны 2023 і 2024 гадоў. 30 чалавек атрымалі розныя дыскваліфікацыі і штрафы, але 25 з іх не будуць забаненыя, калі выплацяць прызначаныя сумы. Падрабязней пра справу «Шахцёра» можна даведацца па спасылцы ніжэй.