Усе навіны

Галоўны трэнер «Мінска» Яромка: «Добрая гульня ў цэлым. Так, з тэрытарыяльнай перавагай «Дынама», але мы былі да гэтага гатовыя»

28 траўня, 09:15

Галоўны трэнер «Мінска» Сяргей Яромка пракаментаваў нічыйны вынік у матчы з мінскім «Дынама» (1:1), а таксама выступленні сталічнага клуба ў Гарадзеі.

«Добрая гульня ў цэлым. Так, з тэрытарыяльнай перавагай «Дынама», але мы былі да гэтага гатовыя. Калі хтосьці са спецыялістаў паглядзеў – падрыхтавалі невялікі тактычны сюрпрыз мінскаму «Дынама». На апошніх хвілінах гэта спрацавала – гонар і хвала хлопцам. Я баяўся, але мае чаканні не спраўдзіліся – баяўся, што народ не прыйдзе. Але вы бачылі, колькі сёння было людзей. Футбол вярнуўся ў Гарадзею, дзякуючы «Мінску», і я бачыў сёння былых заўзятараў «Гарадзеі», з якімі знаёмы яшчэ па працы ў гэтым клубе, якія падышлі перад гульнёй і падчас матчу заўзелі за нас. Гэта дарагога варта. Народу сабралася нямала – гэта, можна сказаць, як у тыя часы, калі мы тут працаваць. Таму вялікі дзякуй і тым людзям, якія падрыхтавалі поле, якія неабыякавыя да нашага клуба.

І яшчэ раз словы падзякі хлопцам. У нас сапраўды моцны згуртаваны калектыў. Малады, баяздольны, які імкнецца паказваць добры, яркі футбол. Хлопцы хочуць пра сябе заявіць. Прыемна, калі і заўзятары адказваюць узаемнасцю.

Стадыён у Гарадзеі? Вядома, ва ўсіх настальгія. І ў Паўла Пласконнага, які тут гуляў, таксама. Шкада, што такі ўтульны стадыёнчык прастойвае без футбола. Але мы Гарадзею выручылі», – пракаментаваў Яромка.