Усе навіны

Футбаліст DMedia атрымлівае за матч 150 рублёў, асноўныя выдаткі – пералёты

23 траўня, 21:22

Па інфармацыі Tribuna.com, выдаткі на ўтрыманне DMedia аказаліся не такімі маленькімі для аматарскага ўзроўню. Бюджэт на сезон-2024 закладзены ў памеры 100 тысяч долараў.

Часткова гэта сума фармуецца з паступленняў партнёраў і спонсараў. Але палова бюджэту – гэта ўсё-ткі ўласныя сродкі кіраўнікоў DMedia.

На што ідуць грошы? Наколькі нам вядома, прыкладна 50 тысяч долараў плануецца патраціць на пераезды і пералёты. DMedia ў 2024 годзе атрымала запрашэнне ў расійскую медыялігу, хаця летась з гэтым меліся праблемы.

Такім чынам, пры ідэальным раскладзе DMedia, калі выйдзе з гурта з першага месца і дойдзе да фіналу, на працягу сезона медыялігі згуляе 10 матчаў. Палову з іх – дома, палову – на выездзе.

Лётае ў госці беларуская каманда рэгулярнымі рэйсамі, а колькасць дэлегацыі ў сярэднім складае 22-25 чалавек.

Нягледзячы на тое, што DMedia – аматарская каманда, гульцы ўсё роўна атрымліваюць грошы за ўдзел у матчах. Праўда, гэта не тыя сумы, якія фігуруюць у расійскім медыяфутболе. Там футбалісты могуць атрымліваць 1-2 тысячы долараў за матч. У DMedia плацяць фіксавана – 150 рублёў за гульню. Прычым, як кажуць нашыя суразмоўцы, усім аднолькава незалежна ад статусу і ўнёску ў вынік. Можна падлічыць, колькі гулец, які паўдзельнічаў ва ўсіх матчах каманды цягам апошняга месяца, зарабіў. DMedia з 20 красавіка правяло чатыры матчы ў медыялізе і дзве сустрэчы ў Кубку Беларусі. Адпаведна, максімальная аплата – 900 рублёў.

Далёка не самыя вялікія грошы для тых, хто яшчэ нядаўна займаўся футболам прафэсійна. Пры гэтым у DMedia ёсць гульцы, якія не абʼяўлялі пра заканчэнне карʼеры і могуць у любы момант вярнуцца ў профі. Гэта і 34-гадовы Бага, і 26-гадовы Арсеній Канцадайлаў, і 35-гадовы Андрэй Варанкоў, і 29-гадовы Уладзіслаў Ясюкевіч.

Як кажуць нашыя крыніцы, футбалісты з прафесійным досведам ідуць у медыялігу не за грашыма, а каб «акунуцца ў варушняк, які пануе ў лізе, стаць часткай камʼюніці, плюс падкупляе арганізацыя і асвятленне матчаў».