Усе навіны

Свярчынскі пра Драгуна: «Сваю вайну ён даўно прайграў – за незалежнасць асабістага выбару пасля завяршэння кар'еры»

13 ліпеня, 23:42
2

Экс-футбаліст чэмпіянату Беларусі і стваральнік прафсаюза футбалістаў Аляксандр Свярчынскі падзяліўся меркаваннем пра прэс-канферэнцыю Станіслава Драгуна.

– У маім разуменні Стас усё сказаў па справе. На яго сапраўды наважвалі ярлыкі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці.

Ён ніякі не апазіцыянер. Ён абсалютна мае рацыю, калі кажа, што гэта не ягоная вайна. Сваю вайну Стас даўно прайграў. Гэта была вайна за незалежнасць асабістага выбару пасля завяршэння кар'еры.

Ён звязаў сваю будучыню з Беларуссю, калі адмовіўся вывучаць замежныя мовы, калі адмовіўся развіваць іншыя кампетэнцыі, якія яму дазволілі б бачыць сваю будучыню па-за Беларуссю і разлічваць на той узровень жыцця, да якога прывык, па-за Беларуссю.

Замест гэтага даводзіцца даваць такія інтэрвію. Гэта тое, што чакае кожнага футбаліста Беларусі, хлопцы – адсутнасць выбару. Я заклікаю вас зараз, задумайцеся зараз, задумайцеся сёння пра сваю будучыню, каб заўтра вам не прыйшлося залазіць у кайданы, станавіцца на калені перад чарговым беларускім начальнікам, а рабіць тое, што вам падабаецца і працаваць у той краіне, дзе не трэба ў ламбард дзяржаве закладваць пачуццё ўласнай годнасці і сумленне ўзамен на нармальнае, годнае жыццё, – сказаў Свярчынскі.