Усе навіны

Мікалай Хадасевіч: «У гульцоў з Беларусі два варыянты: скончыць кар'еру альбо выконваць умовы, прыдуманыя «Мінспорту»

21 жніўня, 20:31

Беларускі журналіст Мікалай Хадасевіч падзяліўся меркаваннем аб пакаянных прэс-канферэнцыях футбалістаў Станіслава Драгуна і Аляксандра Гутара.

– Як ставіцеся да пакаянных прэс-канферэнцый Станіслава Драгуна і Аляксандра Гутара?

– Калі бачу такія рэчы, то думаю, што ў гульцоў з Беларусі сёння два варыянты: скончыць кар'еру і займацца сваімі справамі альбо выконваць умовы, прыдуманыя «Мінспорту», камісіямі ці яшчэ кімсьці, калі хочаш застацца ў футболе. Драгун і Гутар зрабілі выбар на карысць футбола. Ім за гэта і несці адказнасць. Я не бог, каб судзіць.

– Ці здзівіла адсутнасць салідарнасці сярод гульцоў з тымі, хто апынуўся ў чорным спісе і не мог выходзіць на поле?

– А калі яна была? Усё клішэ, што спартоўцы, футбалісты ядуць адзін хлеб, – толькі гучныя словы. Мы бачым, што ў Беларусі хлеб розны, і ніхто не будзе аб'ядноўвацца і абараняць калег. І падобных прыкладаў хапае. Трэнеры вышэйшай лігі не адстойвалі калектыўна пазіцыю наконт штучнага ўвядзення ў склад маладых гульцоў, хоць нібыта пагалоўна былі супраць.

Спускаецца ўстаноўка федэрацыі – і кропка. Так і ў дадзенай сітуацыі. Складана ўявіць калектыўную забастоўку ці акцыі салідарнасці перад матчамі, – сказаў Хадасевіч.