Усе навіны

«МЮ» папрасіў прабачэння за запрашэнне на матч былога трэнера жаночай каманды клуба, які ў 2011-м быў асуджаны за педафілію

8 верасня, 15:33

«Манчэстэр Юнайтэд» апублікаваў заяву з прабачэннямі за запрашэнне на леташні хатні матч жаночай каманды клуба супраць «Эвертана» спецыяльнага госця Джэфа Канопкі, паведамляе The Guardian.

Канопка працаваў трэнерам жаночай каманды «Юнайтэд» з 1983 па 2001 гады. У 2011-м ён быў прыгавораны да 4 гадоў пазбаўлення волі і ўнесены на 10 гадоў у рэестр сексуальных злачынцаў па 19 пунктах абвінавачання ў грубай непрыстойнасці і непрыстойным нападзе на дзяўчат ва ўзросце да 16 і 14 гадоў.

У клубе заявілі, што нядаўна атрымалі інфармацыю пра крымінальнае мінулае 79-гадовага Джэфа і ў тэрміновым парадку звязаліся з адпаведнымі юрыдычнымі і футбольнымі органамі, каб пацвердзіць гэтыя факты.

«Пасля атрымання інфармацыі клуб прыняў адпаведныя меры і больш не будзе мець сувязі з гэтай асобай. «Манчэстэр Юнайтэд» выказвае сваё шчырае спачуванне ахвярам і ўсім, хто пацярпеў ад гэтых жахлівых злачынстваў», – гаворыцца ў заяве.