Усе навіны

Экс-арбітр ЧБ Аніхімоўскі: «Заходжу да «Нёмана» – адразу зразумеў, што Кавалевіч п'яны. Рэальна! Увесь чырвоны, амаль у нуль»

19 верасня, 18:05
3

Былы арбітр чэмпіянату Беларусі Віталь Аніхімоўскі расказаў пра канфліктную сітуацыю з галоўным трэнерам «Нёмана» Ігарам Кавалевічам.

– Быў сезон, калі УЕФА ўвяло правіла, што чацвёрты арбітр за гадзіну да матчу павінен зайсці ў распранальні да каманд і правесці мінімальны інструктаж з футбалістамі з нагоды формы. Бо калі ёсць нейкія парушэнні ў вонкавым выглядзе, адпраўляюць пераапранацца. Дык вось, зайшоў я да гульцоў «Руху», без праблем пагутарылі. Заходжу да «Нёмана», а ў раздзявалцы стаіць Кавалевіч. Па-першае, на той матч ён быў дыскваліфікаваны, таму не меў права знаходзіцца ў падтрыбунным памяшканні, не кажучы ўжо пра распранальню. Па-другое, адразу зразумеў, што ён п'яны. Рэальна! Увесь чырвоны, амаль у нуль. Заходжу ў распранальню, а ён да мяне: «Ты хто такі? Што ты сюды прыйшоў? Адказваю яму: «Я чацвёрты арбітр». Кавалевіч на гэта кажа: «У вас няма нармальных першых арбітраў, а тут прыйшоў нейкі чацвёрты». І далей цытата: «###### ##### адсюль» [Пайшоў адсюль]». У галаве ў мяне адразу: «Вось ты і трапіўся, Ігар Мікалаевіч. Вось ён твой канец». Бо, па-першае, Кавалевіч парушыў сваю дыскваліфікацыю. Па-другое, пры ўсіх паслаў арбітра на тры літары. Вяртаюся ў судзейскую, распавядаю, што адбылося, і прапаную інспектару, дэлегату выклікаць нарад, таму што пʼяны галоўны трэнер у распранальні дазваляе сабе такія паводзіны ў стаўленні афіцыйных асоб матчу. Трэба ў такім выпадку праводзіць і медыцынскі агляд. Але мы не сталі нікога выклікаць з нейкіх прычын. Накшталт, інспектар і дэлегат неяк пастараліся згладзіць сітуацыю, сказалі, што ўсё адлюструюць у пратаколе. Пасля матча Кавалевіч яшчэ выйшаў на поле, абдымаўся з камандай, а гэта таксама забаронена. Дэлегат адзначыў гэта ў рапарце.

У аўторак прыехаў у АБФФ і напісаў рапарт, дзе ўсё падрабязна выклаў. І нават сфатаграфаваў сабе на памяць гэты дакумэнт.

– Чым у выніку ўсё скончылася?

– Прайшло некалькі дзён, тыдзень – цішыня. На нарматывах сустрэўся з Чэпай. Ён мне кажа: «Віталь, не ведаю, што там, сапраўды. Прабач». Адказаў, што ніякіх пытанняў не маю, разумею, што ёсць рэчы, на якія мы не можам паўплываць. Гэта зараз мы ўжо разумеем, якія сувязі наверсе ў Кавалевіча, з кім ён сябруе і гэтак далей. Значыць, і тады ўсё было замята дзякуючы падвязкам. Трэнеру ці то папярэджанне далі, ці то яшчэ два матчы дадалі да дыскваліфікацыі, але нічога сурʼёзнага. А ўяві, што такое адбываецца ў іншым чэмпіянаце, у іншай краіне? Як мінімум бан да канца сезона, а то і канчатак карʼеры. Вось тады я сурʼёзна расчараваўся ў тым, што робіцца ў нашым футболе, што робіць Базанаў, як ён выгароджвае тых, каго трэба. Ну і як Кавалевіч вырашае пытанні праз сувязі…

Чаму ў нас найталенавітых арбітраў, як Сяргей Шмолік, могуць за алкаголь, за адну правіннасць, пажыццёва адхіліць ад працы, а трэнера, які дазваляе сабе падобныя паводзіны, гэта не дакранаецца? Бо ў яго сувязі? – распавёў Аніхімоўскі.