Усе навіны

Кірыл Альшэўскі: «Я трэнер. Усё, што адбываецца з камандай, – мая віна»

4 кастрычніка, 08:05

Галоўны трэнер БАТЭ Кірыл Альшэўскі падзяліўся меркаваннем аб форвардзе дубля Вадзіме Кісялёве, а таксама няўдалым адрэзку каманды.

У апошніх трох матчах барысаўчане набралі адно ачко. На рахунку 18-гадовага Кісялёва 17 мячоў за рэзервістаў каманды.

– У дублі БАТЭ выступае Вадзім Кісялёў – ён найлепшы бамбардзір турніру. Чаго яму не хапае, каб патрапіць у галоўную каманду?

– У яго ёсць усе якасці, каб там гуляць. Проста ўсяму свой час. Мы ведаем гэтага хлопца, сочым за ім. Ведаем усе найлепшыя якасці. Ведаю яго яшчэ з дзіцячага футбола. Але на працягу доўгай колькасці часу ў яго шмат траўм. Каб яго не кідаць у пекла, трэба крыху прыберагчы, каб у патрэбны момант змог гуляць і паказаць той футбол, які ён можа. Тут пытанне ў тым, каб яго падводзіць паступова, каб у будучыні было ўсё лепей.

– Бязвыйгрышная серыя каманды працягваецца тры матчы. Якое выйсце з сітуацыі бачыце?

– Цяпер цяжка казаць з нагоды выхаду. Мы спрабавалі і тыя, і іншыя рэчы. Насамрэч тут пытанне крыецца не ў гульнявых момантах. Мы занадта акадэмічна дзейнічалі ў першым тайме. Недастаткова добра – у другім.

Не стварыўшы, па сутнасці, галявога моманту. Былі перадумовы, нейкія пагрозы. На гол па сукупнасці мы найгралі. Але той гол, які нам забіў «Энергетык-БДУ» – няхай і пасля нашай памылкі – гэта іх заслуга. У нас такога моманту і не было.

Як выходзіць з гэтай сітуацыі... Я трэнер. Усё, што адбываецца з камандай, – мая віна. Ні ў якім разе ні на кога не хачу перакладаць. Таму не магу ў поўнай ступені адказаць на гэтае пытанне. Усё, што сказаў, напэўна, дастаткова, – сказаў Альшэўскі.