Усе навіны

Кіраўнік польскай «Тэрмалікі» была супраць Паўлючэнкі як чалавека з краіны-суагрэсара ў вайне з Украінай

8 кастрычніка, 20:08

У студзені 2022 года беларускі брамнік Павел Паўлючэнка перайшоў у «Тэрмаліку», якая ў сярэдзіне сезона замыкала табліцу польскага Д1. Нядаўна стала вядома, чаму з часам Паўлючэнка перастаў трапляць у асноўны склад.

Пасля трох дэбютных паспяховых матчаў ў шасці наступных з Паўлючэнкам каманда набрала ўсяго два ачкі пры 13 прапушчаных мячах. Пасля гэтага футбаліст стала засеў на лаўку.

Як распавялі польскія крыніцы, на перавод Паўлючэнкi ў запас паўплывала не яго гульня – трэнер варатароў Вальдамар Пёнтак быў за тое, каб Паўлючэнка заставаўся ў варотах. Аднак прэзідэнт клуба Данута Віткоўская не хацела, каб практыку ў клубе атрымліваў чалавек з краіны-суагрэсара ў вайне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Супраць пазіцыі жанчыны штаб не пайшоў. Ды і пры зменшчыку Паўлючэнкi Томашы Лоску каманда прайграла толькі адну гульню з пяці, набраўшы 8 ачкоў. Але на гэтым сезон скончыўся, і «Тэрмаліка» ўсё ж вылецела ў Д2.