Усе навіны

Аляксандр Хацкевіч: «Валерый Лабаноўскі апераджаў свой час. Ён быў бы запатрабаваны і цяпер»

19 кастрычніка, 17:06

Беларускі спецыяліст Аляксандр Хацкевіч у інтэрв'ю «Нашай Нiве» падзяліўся думкамі пра лепшыя трэнерскія якасці на прыкладзе Валерыя Лабаноўскага.

– У чым была топавасць Валерыя Лабаноўскага як трэнера? Ці ёсць падобныя трэнеры цяпер?

– Ён працаваў як у шахматах, дзе кожнае дзеянне пралічваецца, меў сваю адзнаку эфектыўнасці дзеянняў, бачыў сітуацыю на некалькі крокаў наперад. Кажуць, што ён апераджаў свой час, бачыў, як футбол будзе развівацца далей.

Усё вырашаюць кадры, падбор футбалістаў, але самае галоўнае ва ўсім гэтым – інтэлект. Ён падбіраў інтэлектуальных футбалістаў, якія дапаўнялі адзін аднаго, і сам быў вельмі інтэлектуальным трэнерам. Для яго быў вельмі важны не толькі футбольны інтэлект, але і жыццёвы: каб футбаліст быў цікавым суразмоўцам не толькі ў сваёй прафесіі, але і разумеў жыццё.

– Маеце на ўвазе адукацыю?

– Так. Аднак адукацыя можа быць і сярэдняй, а выхаванне мусіць быць вышэйшым. 

– Ці ёсць цяпер ва Усходняй Еўропе хоць нечым падобныя да яго трэнеры?

– Для мяне ў тым пакаленні было два футболы. Сілавы футбол Валерыя Лабаноўскага і татальны футбол, які ў «Барселоне» пачаў выкарыстоўваць Ёхан Кройф, потым яго сталі развіваць галандскія трэнеры і Гвардыёла. Футбол эвалюцыянуе, але я ўпэўнены, што Лабаноўскі быў бы запатрабаваны і ў цяперашнім футболе, – распавёў Хацкевіч.