Усе навіны

Сяргей Гурэнка: «Калі беларускія ФК увойдуць у РПЛ, то іх і зборную Беларусі з верагоднасцю 90 працэнтаў адхіляць ад міжнародных турніраў»

21 кастрычніка, 17:07

Экс-паўабаронца зборнай Беларусі Сяргей Гурэнка пракаментаваў словы міністра спорту Расіі пра магчымы удзел беларускіх клубаў у чэмпіянаце Расіі.

Нагадаем, што з сакавіка 2022-га ўсе клубы і зборныя Беларусі могуць праводзіць дамашнія матчы выключна на нейтральнай тэрыторыі і без гледачоў на трыбунах. Такое рашэнне прынятае з-за вайны ва Украіне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Каманды з РФ поўнасцю адхілены ад турніраў пад эгідай ФІФА і УЕФА.

«Нельга абагульняць усе віды спорту. Калі беларускія клубы захочуць увайсці ў РПЛ, з верагоднасцю ў 90 працэнтаў іх выключаць з еўракубкаў, а зборную – з афіцыйных турніраў. Акрамя таго, на дадзены момант хіба што адна-дзве каманды пры вялікай дзяржпадтрымцы змаглі б адпавядаць узроўню РПЛ па фінансаванні, узроўню футбалістаў і гэтак далей.

З іншага боку, для заўзятараў гэта цікавы праект, да нас будуць прыязджаць моцныя клубы. Цікавасць да футбола адназначна павысіцца. Гульцы змогуць заставацца тут, а не з'яжджаць у Расію, атрымаецца нейкі фарм-клуб зборнай Беларусі. Хаця, зноў жа, ці будзе ў гэтым сэнс, калі яе выключаць з адборачных турніраў. Так што ёсць як мінусы, так і плюсы», – сказаў Гурэнка.