Усе навіны

Найлепшая беларуская легіянерка ў Еўропе папрасіла не выклікаць яе ў зборную праз эмацыйнасць галоўнага трэнера

30 лістапада, 19:07
3

На канец кастрычніка ў жаночай зборнай былі запланаваныя два матчы са славенкамі ў лізе нацый. Галоўны трэнер Юрый Малееў апублікаваў ростар з 23 футбалістак, але ў ім не аказалася Анастасіі Пабягайлы, якая зараз гуляе за «Фартуну» ў чэмпіянаце Даніі. Пры гэтым праблем са здароўем у спартсменкі не было.

«Мне цяжка сказаць. Яна напісала кіраўніцтву федэрацыі, што ў сувязі з тым, што вельмі занятая ў чэмпіянаце Даніі, папрасіла не выклікаць яе. Усё, што магу сказаць», – пракаментаваў тую сітуацыю Малееў.

Аднак паводле інфармацыі «Трыбуны» гэтая просьба была звязаная не з фізічнай стомленасцю, а з маральным фонам у нацыянальнай камандзе. Трэнер часта крыкам выказвае прэтэнзіі падапечным як у зборнай, так і ў «Дынама-БДУФК». Хаця першыя гады знаходжання ў жаночым футболе, дзе Малееў працуе з 2016-га, трэнер паводзіўся больш стрымана.

Пабягайла, чый характар таксама нельга назваць простым, не стала мірыцца з прэтэнзіямі галоўнага трэнера. І гэта не першы канфлікт паміж Малеевым і зборніцамі, аднак у большасці выпадкаў гісторыі заставаліся за зачыненымі дзвярыма.

Па інфармацыі «Трыбуны», пасля атрымання ліста ніхто не спрабаваў выйсці на сувязь з гульцом – ні з трэнерскага штабу зборнай, ні з кіраўніцтва федэрацыі, каб неяк уладзіць канфлікт. Нагадаем, што старшынём камітэту па жаночым футболе АБФФ зʼяўляецца Уладзімір Базанаў.