Усе навіны

Павел Забелін: «Для мяне чэмпіён Беларусі-2022 – «Шахцёр». Медаль ніхто не патрабаваў вярнуць»

9 студзеня, 09:46

Беларускі футбаліст Павел Забелін, які правёў другую палову сезона-2023 у казахстанскім «Таболе», распавёў пра аднятае чэмпіёнства «Шахцёра».

– Ад'езд пры першай магчымасці ў іншы чэмпіянат бачыўся адзіным варыянтам развіцця карʼеры пасля таго, як «Шахцёр» у траўні быў пакараны пазбаўленнем адразу 35 ачкоў?

– Калі пачалі зʼяўляцца ўсе гэтыя сумныя навіны адносна клуба, я адразу ж стаў думаць, што трэба спрабаваць загуляць у іншай краіне. Стала зразумела, што нічым добрым для «Шахцёра» гэта не скончыцца. Хоць яшчэ ўзімку, калі пра пазбаўленне каманды тытула і зняццё ачкоў хадзілі толькі чуткі, варыянты зʼехаць меліся – у Казахстан. Гутарыў з кіраўніцтвам, з галоўным трэнерам Аляксеем Багам. Сышліся на тым, што яшчэ на паўгода застануся ў Салігорску. І пра тое рашэнне не шкадую.

– Прыкра, што пакуль афіцыйна так і не сталі чэмпіёнам Беларусі? Бо тытул у гарнякоў у сезоне-2022 адабралі.

– Правёў у Салігорску паўтара гады, выйграў золата. Працаваў пад кіраўніцтвам выдатных трэнераў, з выдатнымі футбалістамі. Складана меркаваць пра тое, што адбылося ў 2022 годзе, пра тыя рашэнні, якія былі прынятыя... Як я ўсім кажу, у Вікіпедыі напісана «пераможца вышэйшай лігі». Атрымліваецца, нечэмпіён. Стаўлюся да гэтага спакойна. Мы, футбалісты, рабілі усё, што ад сябе залежыць і сумленныя перад заўзятарамі. А пра тое, што адбывалася па-за полем, я не ведаў і дачынення ні да якіх дрэнных спраў не меў.

У тым сезоне салігорская каманда была найлепшай у вышэйшай лізе – і па складзе, і па гульні, і па стабільнасці набору ачкоў. Для мяне і майго атачэння чэмпіён Беларусі-2022 – «Шахцёр». Серабро ў «Энергетыка-БДУ», а трэцім стаў БАТЭ. Потым вынікі перагледзелі, і людзі, якія прымалі тыя рашэнні, за іх у адказе. Дарэчы, грамату і залаты медаль ніхто не патрабаваў вярнуць, – сказаў Забелін.