Усе навіны

Дырэктар «Крумкачоў» Давідовіч: «Клуб не мае мінімальна неабходнага бюджэту для ўдзелу ў Д2»

14 лютага, 14:50

Дырэктар «Крумкачоў» (Д3) Алег Давідовіч распавёў пра прычыны адмовы ад удзелу каманды ў першай лізе

– Другі сезон запар клуб адмаўляецца ад праходжання ліцэнзавання ў першую лігу. Чаму?

– Як і ў мінулым годзе, у гэтым міжсезонне мы працавалі з шэрагам патэнцыйных партнёраў і, у параўнанні з папярэднім годам, назіралася пазітыўная дынаміка на стадыі некаторых перамоваў. У сувязі з чым была пададзена заява на праходжанне ліцэнзавання.

Нягледзячы на прывабнасць клуба як рэкламнага брэнда, што можна бачыць па лічбах наведвальнасці матчаў, продажаў і ахопаў у сацыяльных сетках, мы атрымалі шэраг адмоў ад супрацоўніцтва. На сённяшні дзень у клуба няма мінімальна неабходнага бюджэту для ўдзелу ў Д2.

Рызыкаваць існаваннем клуба і дапускаць магчымае зняцце «Крумкачоў» па ходзе сезона я не маю права. Таму было прынятае складанае рашэнне аб удзеле ў чэмпіянаце сярод каманд другой лігі 2024 года.

– Як у дадзеным рашэнні паставілася каманда і галоўны трэнер?

– З Сяргеем Васільевічам абмяркоўвалі такі варыянт развіцця падзей. У клуба, у галоўнага трэнера, у ўсёй нашай каманды ёсць амбіцыі і жаданне ісці толькі наперад.

Азіраючыся назад, можна ставіць толькі адну задачу на сезон – заваяваць першае чэмпіёнства ў гісторыі клуба, развіваць і развівацца. Але найперш, зрабіць усё магчымае, каб кожны заўзятар, хто падтрымліваў нас усе гэтыя гады і перажываў за нас, змог прыйсці на матч каманды або паглядзець трансляцыю, атрымаць яркія і незабыўныя эмоцыі, сустрэцца з сябрамі.

Дзякуй вам за тое, што вы падтрымліваеце клуб і каманду кожны сезон, кожны матч, даючы нам сілы і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

– Якія планы на сезон у Д3?

– Каманда ўжо прыступіла да трэніровак. У камандзе застаўся шэраг гульцоў мінулага сезона, на якіх мы будзем разлічваць у першую чаргу. Мы ўдзячныя і жадаем удачы тым, хто вырашыў паспрабаваць свае сілы на іншым узроўні. У пытаннях фармавання складу будзе працаваць трэнерскі штаб. Ужо на гэтым тыдні на трэніроўках прысутнічае шмат новых для клуба асоб, – сказаў Давідовіч.