Усе навіны

Беларускі агент – пра адсутнасць гульцоў з Сербіі ў ЧБ: «Прасцей запрасіць узбека, кіргіза, афрыканца на 500 долараў»

22 сакавіка, 19:37

Беларускі агент пракаментаваў адсутнасць ў ЧБ гульцоў з Сербіі упершыню за 14 гадоў.

– Усё проста – ліміт на зарплаты. Прывяду просты прыклад. Калі я прывёз серба ў каманду вышэйшай лігі, яшчэ да лімітаў, яму адразу далі зарплату крыху больш за паўтары тысячы долараў. Хоць першапачаткова гаворка ішла пра амаль дзве тысячы долараў, але клуб здолеў старгавацца, крыху знізіць планку. Сёння дзве тысячы долараў – гэта зарплата звыш звычайнага ліміту ў 1540 долараў да выплаты падаткаў, то бок, па сутнасці, трэба тады займаць адну з чатырох ставак для гульцоў, якім можна даваць да пяці тысяч долараў. Клубы на гэта ісці не хочуць. Вялікія рызыкі не патрапіць з гульцом, а заробак у яго будзе вялікі. Клубы, якія і так не надта багатыя, не хочуць рызыкаваць.

Самі сербы ў сябе на Радзіме маюць заробкі большыя, чым ім прапануюць у Беларусі [калі казаць пра паўтары тысячы долараў].

Сёння знайсці на паўтары тысячы долараў якаснага гульца ў Сербіі праблематычна. А ці варта запрашаць кагосьці, хто нічога ў выніку не пакажа? Да таго ж сённяшнія фінансавыя рэаліі такія, што для практычна ўсіх нашых клубаў нават заробак у паўтары тысячы долараў – гэта шмат. Прасцей запрасіць узбека, кіргіза, афрыканца на 500 долараў. І атрымліваецца тупік: сербскія футбалісты, якія гатовыя прыехаць на стаўку паўтары тысячы долараў, наўрад ці будуць крутымі выканаўцамі. Клубам прасцей узяць кагосьці з Беларусі ці блізкага замежжа.

– Чаму?

– Як ужо сказаў, рызыкі менш, ды і выдаткі не такія істотныя. Сербы, якія прэтэндуюць на пяць тысяч долараў у сябе на Радзіме, натуральна, у Беларусь не паедуць на больш нізкі заробак. Так што ліміт, па-мойму, – адна з галоўных прычын адсутнасці сербаў у нашай краіне, – сказаў агент.

Tribuna.com публікуе каментарыі спікераў, якія знаходзяцца ў Беларусі, ананімна для іх бяспекі.