Усе навіны

Раман Лісоўскі: «У матчы са «Славіяй», акрамя як на перамогу, «Віцебск» ні на што не разлічвае»

24 сакавіка, 13:14

Паўабаронца «Віцебску» Раман Лісоўскі распавёў пра спарынг з «Энергетыкам-БДУ» (2:0) і падзяліўся думкамі пра матч са «Славіяй», які пройдзе 30 сакавіка ў рамках 2-га тура ЧБ.

– Калі браць вынікі матчу, то заўсёды прыемна перамагаць, хоць гульня была і таварыская. Гэты спарынг быў падрыхтоўкай да бліжэйшага тура чэмпіянату. Каманда вельмі старалася выконваць усе патрабаванні, якія прасіў трэнерскі штаб у тыднёвым трэніровачным цыкле. Паколькі мы былі бліжэй да таго, каб забіць яшчэ, чым прапусціць, дык перамога была цалкам заслужаная. Аднак заўсёды ёсць над чым працаваць.

– Раскажы крыху падрабязней пра свой гол са штрафнога. Чаму вырашыўся на ўдар?

– Пазіцыя была вельмі нязручная. Да ўдару бачыў, што брамнік чакаў падачу і размяшчаўся высока. Таму я і вырашыўся прабіць па варотах. Ударыў так, як планаваў у сябе ў галаве.

– Твае чаканні на хатні матч супраць мазырскай «Славіі» ў рамках чэмпіянату?

– Упэўнены, што будзе няпростая гульня. «Славія» класная каманда з добрым падборам выканаўцаў. У першую чаргу хочацца парадаваць заўзятараў у першым дамашнім матчы чэмпіянату. Таму, акрамя як на перамогу, мы ні на што не разлічваем, – сказаў Лісоўскі.