Усе навіны

Гулец «Дняпра» Балтрушэвіч пасля 0:0 са «Смаргонню»: «Прыехалі толькі за перамогай. Але ў нас праблемы ў нападзе»

1 траўня, 21:27

Абаронца «Дняпра» Ілля Балтрушэвіч пракаментаваў зыход матчу 7-га тура ЧБ супраць «Смаргоні» (0:0).

– Цяжкі матч з суседам па турнірнай табліцы. Гэта была гульня за шэсць ачкоў. Сур'ёзна настройваліся на гэтую гульню, прыехалі толькі за перамогай, але здарылася нічыя.

Калі казаць па момантах, то ў першым тайме сапернік нас дараваў у пары эпізодаў, пасля перапынку ўжо ў нас было некалькі добрых шанцаў. У прынцыпе, лічу, нічыя – заканамерны вынік.

– Як ты лічыш, чаму ў нашай каманды не асабліва атрымалася гульня?

– Нешта ў апошніх матчах у нас намеціліся праблемы ў атацы. Цяжка нам даюцца моманты, мы іх мала ствараем. Калі б больш іх стваралі, дык і галоў больш было б. А так у нас пакуль за сем тураў толькі два мячы. Трэба дадаваць у гэтым кампаненце.

– У мінулым матчы ты згуляў усяго некалькі хвілін, сёння ж выйшаў на поле ў стартавым складзе. Здзівіўся, калі даведаўся, што згуляеш з першых хвілін?

– На перадгульнявой трэніроўцы мяне найгравалі на стандартных палажэннях, але не верылася, што выпусцяць у стартавым складзе пасля такога працяглага прастою.

Але ўвечары напярэдадні гульні мы пагаварылі з галоўным трэнерам, ён удакладніў ці гатовы я згуляць з першых хвілін, я сказаў, што гатовы. І па факце яшчэ ўчора ўвечар ведаў, што выйду ў стартавым складзе.

– Як стан пасля праведзеных 90 хвілін?

– Фізічна адчуваў сябе нармальна, толькі пад канец гульні ўжо стомленасць стала адчувацца. Псіхалагічна і маральна быў гатовы да барацьбы і стыкаў. Накшталт бы вытрымаў тэмп, далей, спадзяюся, што буду толькі дадаваць, – сказаў Балтрушэвіч.