Усе навіны

Міхаіл Калядка: «Тарпеда-БелАЗ» больш валодала мячом, «Нафтан» жа гуляў другім нумарам на контратаках»

13 траўня, 10:47

Капітан «Нафтана» Міхаіл Калядка пракаментаваў матч з «Тарпеда-БелАЗ» (1:2) у 8-м туры ЧБ і таксама расказаў пра сутычку паміж галкіперам Аляксеем Харытановічам і абаронцам Мідо Яле.

– Ехалі гуляць на перамогу. Забілі хуткі гол, пасля чаго аддалі ініцыятыву саперніку. «Тарпеда-БелАЗ» больш валодала мячом, мы ж гулялі другім нумарам на контратаках. Так атрымалася, што прапусцілі мяч у распранальню. І у канцоўцы гульні яшчэ адзін... У выніку прайгралі. Што тут яшчэ сказаць...

– Не ўдаецца пакуль перамагчы – 5 нічыіх, 3 паразы. Як будзеце пераломваць гэтую сытуацыю?

– Мы на кожную сустрэчу выходзім з мэтай перамагчы. Пры добрай гульні з двума «Дынама» і БАТЭ недзе не пашанцавала, згулялі ў нічыю. І сёння забі з трох момантаў адзін ці два галы, былі б усе шанцы, каб павезці тры ачкі. Нашы перамогі яшчэ наперадзе. Галы ёсць, засталося рэалізоўваць моманты, якія мы ствараем.

– Пасля другога прапушчанага мяча паміж Харытановічам і Мідо ўзнікла слоўная сварка. На правах капітана, як ацаніце гэты эпізод?

– Працоўны момант, эмоцыі. Ніхто не хоча прайграваць, за кошт гэтага крыху завяліся. Усё нармальна, ніякіх праблем няма.

– Вы штатны выканаўца стандартаў. Што, пакуль не атрымліваецца, каб рэгулярна з вашых падач забіваліся галы?

– Пакуль не ідзе. Не можам забіць. На трэніроўках шмат часу ўдзяляем стандартным палажэнням. Гэта тое, над чым нам трэба яшчэ працаваць, – сказаў Калядка.