Tribuna/Футбол/Блогі/«Рэал» пакутуе пасля ЧС, але гэта пачалося яшчэ ўвосень. Магчыма, засяродзяцца на ЛЧ

«Рэал» пакутуе пасля ЧС, але гэта пачалося яшчэ ўвосень. Магчыма, засяродзяцца на ЛЧ

Анчалоці патрэбны хаця б адзін вялікі трафей.

6 лютага 2023, 17:26
«Рэал» пакутуе пасля ЧС, але гэта пачалося яшчэ ўвосень. Магчыма, засяродзяцца на ЛЧ

«Мадрыд» прайграў «Мальёрцы» (0:1) – і па выніках гэтага тура ў 8 ачках адставання ад «Барселоны». Гэта шмат па стандартах Ла Лігі.

Праблемы «Рэала» пачаліся не пасля чэмпіянату свету

Нельга сказаць, што страта ачкоў і дрэнная гульня (адзін удар у створ – з пенальці, які не рэалізаваў Асэнсіа) дзеючага чэмпіёна Іспаніі на Балеарскіх астравах былі нібы гром сярод яснага неба.

Пасля паўзы на катарскі ЧС «Рэал» здабыў усяго 6 перамог у 11 матчах. Запішам «Мадрыду» да поспехаў паўфінал Суперкубка з «Валенсіяй» (прайшлі ў серыі пенальці), але нагадаем, што адна з шасці перамог – гэта 1:0 з «Касерэньё» ў Копа дэль Рэй.

На нефарт «Рэал» мог скардзіцца хіба што ў гульні з «Рэалам Сасьедадам» (0:0, момантаў для перамогі стварылі ў багацці). «Вільярэал» у чэмпіянаце і «Барса» ў Суперкубку дакладна перайгралі «сметанковых». 0:1 ад «Мальёркі» – гэта пра дрэнную гульню мадрыдскай каманды.

Перамогі «Мадрыду» таксама даюцца цяжка. Асабліва ў Кубку. Таму што камбэк з «Вільярэалам» (3:2 пасля 0:2) – гэта не толькі пра тактычныя хады і магутныя словы Анчалоці пасля правальнага першага тайма. Гэта яшчэ і пра траўмы двух асноўных абаронцаў «жоўтай субмарыны» Альбіёла і Фойта – абарона «Вільярэала» развалілася пасля такіх страт, парушылася і ўся структура гульні «падводнікаў». «Атлетыка» «сметанковыя» даціснулі толькі ў авертайме – а маглі застацца ў меншасці ў асноўныя 90 хвілін, будзь арбітр больш суровым.

Вельмі лагічна будзе зрабіць выснову, што «Рэал» пакутуе з-за цяжкага графіка. Тут і чэмпіянат, і Кубак, і Суперкубак, а далей прыйдзе час клубнага чэмпіянату свету (хаця наўрад ці тут «сметанковыя» будуць выкладвацца на 100 адсоткаў) і Лігі чэмпіёнаў. А яшчэ трэба было аднавіць тонус пасля чэмпіянату свету. Гэта ўсё праўда. Зрэшты, ёсць «але».

Яшчэ напярэдадні ЧС-2022 «Рэал» у апошніх пяці матчах пацярпеў дзве паразы (ад «Лейпцыга» у ЛЧ і ад «Раё») і згуляў унічыю з «Жыронай». Яшчэ з кастрычніка візуальна стала здавацца, што перамогі даюцца «Мадрыду» значна цяжэй, чым у жніўні-верасні – гэты перыяд застаецца найлепшым для дзейнага пераможцы Лігі чэмпіёнаў у цяперашнім сезоне.

А яшчэ – пасля вельмі паспяховага сезона-2021/22 паўтарыць такое апрыёры было задачай з зорачкай.

«Рэал» – каманда з узроставымі лідарамі, гэта не магло не адбіцца

За кошт чаго «Рэал» выйграў у мінулым сезоне Лігу чэмпіёнаў і чэмпіянат Іспаніі? Гэта і выдатная гульня Карыма Бензема. І прарыў Вінісіуса. І прагрэс Федэ Вальвердэ. І пацверджанне класа Лукі Модрыча, Цібо Куртуа і Тоні Кроаса. І ўдалы трансфер Давіда Алабы.

А таксама не будзем забываць, што ў мінулым чэмпіянаце Іспаніі ў «Рэала» не было канкурэнцыі. «Барселона» без Месі першы круг правяла на ўзроўні серадняка са стылем гульні каманды з Чэмпіёншыпа. «Атлетыка» без надзвычайнай формы Луіса Суарэса другі запар подзвіг выдаць не мог. «Севілья» хіба што пазначала канкурэнцыю.

Курортны рэжым у чэмпіянаце дазваляў «Рэалу» берагчы энергію (асабліва эмацыйную) для Лігі чэмпіёнаў. Усе памятаюць, колькі разоў у плэй-оф ЛЧ «Мадрыд» быў прыціснутым да канатаў і нават у накдаўны падаў, але ўсё роўна перамог у выніку.

Зараз сітуацыя іншая. «Барса» абнавілася, узмацнілася і вельмі галодная ў плане жадання вярнуць тытул. «Рэалу» значна цяжэй у чэмпіянаце.

Узроставыя лідары сталі яшчэ на год старэйшымі. Бензема з-за траўм толькі ў чэмпіянаце і ЛЧ ужо прапусціў 10 матчаў. А калі Карла Анчалоці папрасіў Луку Модрыча не задзяўбваць яго ў адказ на жаданне харвата згуляць у аснове супраць «Вальядаліда» (першы матч пасля ЧС), то гэта быў не толькі жарт. Італьянец разумее, што сілы харвата трэба дазіраваць.

Моладзь? Вальвердэ толькі намагаецца вярнуць сваю найлепшую версію пасля чэмпіянату свету. Вінісіус адцягваецца на справы, якія не адносяцца да футбола. Ён правакуе, яго правакуюць, а псіхалагічна бразілец не эталон. Нават Анчалоці шчыра сказаў, што яму часта не падабаюцца паводзіны Віні на полі. Радрыга, новы левы абаронца Камавінга, Тчуамені – гэта яшчэ не тыя гульцы, якія будуць цягнуць каманду, калі лідары не на полі ці не ў найлепшай форме. І траўмы ж тычацца не толькі Бензема ці іншых сенатараў. Зараз лечацца Мендзі, Алаба і Мілітаа, у лазарэце апынуўся і Куртуа. Пра 18-ю траўму Азара ўжо і нагадваць не варта.

Засяродзіцца на Лізе чэмпіёнаў – гэта гістарычная традыцыя «Мадрыда»

Яшчэ ў пачатку года Карла Анчалоці сказаў, што галоўны турнір для «Рэала» – гэта Ліга чэмпіёнаў. Пасля паражэння ад «Мальёркі» ён запэўніў, што каманда будзе біцца за тытул чэмпіёну Іспаніі да апошняга. У прынцыпе, а што італьянец павінен быў казаць?

Але Анчалоці заўсёды добра ведае магчымасці сваёй каманды. І яе цяперашнія мінусы – узрост, траўмы, цяжкі графік, зусім не бязмежныя магчымасці для ратацыі, памножаныя на стомленасць, якая відавочна мела месца пасля трыумфальнага, але вельмі знясільваючага сезона-2021/22. Таму не здзіўляйцеся, што «Рэал» ужо зрабіў відавочную стаўку на Лігу чэмпіёнаў. Тым больш Анчалоці рызыкуе сваім месцам. Каб засцерагчы сябе, патрабуецца адзін вялікі трафей. А магія «Рэала» выдатна дзейнічае менавіта ў Лізе чэмпіёнаў.

Нагадаем, што менавіта ЛЧ «Мадрыд» упершыню выйграў у 1998 годзе. З тых часоў «Рэал» восем разоў браў «вушастага» і тыя ж восем разоў станавіўся чэмпіёнам Іспаніі. Супалі яны толькі ў 2017-м і 2022-м. Для «Мадрыда» нармальна ахвяраваць Ла Лігай дзеля Лігі чэмпіёнаў. А выбіраць, напэўна, давядзецца.

Фота: Global Look Press, REUTERS/Juan Medina

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты