Tribuna/Футбол/Блогі/Ці сапраўды Холанд губляецца ў «вялікіх» матчах? Мы разабраліся

Ці сапраўды Холанд губляецца ў «вялікіх» матчах? Мы разабраліся

Глядзім на статыстыку – але не толькі на галы.

9 красавіка, 18:21
Ці сапраўды Холанд губляецца ў «вялікіх» матчах? Мы разабраліся

Лёсаванне 1/4-й Лігі чэмпіёнаў падарыла «заўчасны» фінал – ужо на гэтай стадыі «Манчэстэр Сіці» сустрэнецца з «Рэалам». Бітва двух наймацнейшых клубаў апошніх гадоў падорыць цікавыя супрацьстаянні як гульцоў супраць гульцоў, так і трэнера супраць трэнера. Але ў гэтым матчы будзе і яшчэ адно інтрыгуючае супрацьстаянне – ці зможа супербамбардзір Эрлінг Холанд хаця б на нейкі час заткнуць тых, хто кажа, што ён умее забіваць толькі сярэднім і слабым камандам?

Калі коратка: сцвярджэнне, што нарвежац губляецца ў «вялікіх матчах», мае пад сабой глебу, калі глядзець на статыстыку, прычым нават крыху глыбейшую, чым проста «галы за матч» (хоць яна і з'яўляецца галоўнай для гульца яго пазіцыі).

Давайце адразу ўдакладнім адзін момант – так, Эрлінг з'яўляецца, магчыма, найлепшым бамбардзірам сучаснасці, што ён даказвае колькасцю забітых мячоў яшчэ з часоў да трансферу ў «Сіці». Няма нічога сорамнага ў тым, каб забіваць ільвіную долю мячоў камандам сярэднім і ніжэйшым па ўзроўню, асабліва на дыстанцыі сезона, дзе такіх матчаў большасць. Холанд – майстар сваёй справы і адзін з галоўных кандыдатаў на «Залаты мяч» у найбліжэйшае дзесяцігоддзе.

Але ўсё ж такі – што наконт «вялікіх» матчаў?

Спачатку неабходна вызначыць, што мы маем на ўвазе пад гэтым паняццем. «Сіці» супраць «Чэлсі» – гэта «вялікі» матч? Па шыльдзе – так, бо гэта сустрэча двух клубаў, якія апошнія 15 гадоў знаходзяцца на топавым узроўні. Ці з'яўляецца цяперашні «Чэлсі» канкурэнтам «Сіці» ў барацьбе за тытулы? Канешне, не. Тая ж гісторыя з паядынкамі супраць «МЮ» – тут яшчэ і статус дэрбі дадае цікавасць. Аднак каманда тэн Хага таксама гуляе зараз у іншай пясочніцы, не вядзе барацьбу за тытул. Зваротная сітуацыя з «Ньюкаслам» і «Астан Вілай». Ці можна назваць гэтыя клубы топавымі? Пакуль – вельмі складана. Аднак апошнія пару сезонаў, калі Холанд быў у «Сіці», гэтыя каманды вялі барацьбу за месцы ў Лізе чэмпіёнаў.

Каб не размываць межы, мы вызначылі наступныя крытэры «вялікага» матча. Гэта павінен быць:

🔷 паядынак з прамым канкурэнтам за тытул АПЛ на дыстанцыі;

🔷 паядынак, які можа прынесці трафей (любы фінал або Суперкубак);

🔷 паядынак позняй стадыі Лігі чэмпіёнаў.

Вось так і адсеяліся, напрыклад, матч з «Арсеналам» на ранняй стадыі Кубка Англіі і гульні з «Ліверпулем» у АПЛ у мінулым сезоне. Калі ўлічваць і такія сустрэчы (а таксама матчы з «Ньюкаслам», «Вілай» і г.д.), то з 89 паядынкаў Холанда за «Сіці» амаль трэць можна будзе назваць «вялікімі».

А што мы маем у выніку, скарыстаўшыся нашымі крытэрамі.

За амаль два сезоны ў складзе «Манчэстэр Сіці» Холанд згуляў у 15 «вялікіх» матчах. У іх яму ўдалося вызначыцца толькі пяццю забітымі мячамі, што складае роўна трэць колькасці згуляных матчаў.

Але што таксама паказальна – падае не толькі статыстыка Эрлінга па галах у гэтых паядынках, але і іншым двум важным для цэнтрфорварда паказчыках. 2,8 удару за гульню ў сярэднім, а xG – 0,54. Увогуле – гэта добрыя лічбы для гульца яго пазіцыі, аднак мы гаворым пра супербамбардзіра, чыя статыстыка ўжо прывучыла нас да таго, што ён у сярэднім забівае па галу за матч. Той жа паказчык xG, напрыклад, у АПЛ у нарвежца за два сезоны ў «Сіці» роўны амаль 1 за матч – 23,56 у 25 гульнях гэтага сезона, 32,76 у 35 матчах у мінулым сезоне.

Праўдай з'яўляецца і той факт, што большую частку сваёй неверагоднай статыстыкі Холанд набівае па-за «вялікімі» матчамі. Хет-трыкі ў вароты «Фулхэма», «Нотынгема», «Крыстал Пэлас», «Вулверхэмптана», «МЮ», пента-трыкі супраць «Лейпцыга» і «Лутана» прыводзяць да таго, што Эрлінг б'е кучу рэкордаў і мае фантастычную статыстыку (82 галы ў 89 паядынках за «гараджан»). Матчаў без галоў за «Сіці» ў яго амаль столькі ж, колькі гульняў з галамі.

Са спісу «сухіх» «вялікіх» матчаў выбіваюцца гульні супраць «Арсенала» і «Баварыі» ў мінулым сезоне. Там нарвежац быў адной з галоўных дзейных асоб сваёй каманды. Аднак ні ў чвэрцьфіналах супраць «Рэала», ні ў фінале супраць «Інтэра» ў ЛЧ ці ў фінале Кубка супраць «МЮ» ён так і не здолеў забіць.

Знайсці ўніверсальную прычынна-следчую сувязь тут складана, бо калі паглядзець, напрыклад, на статыстыку ў матчы з «нерадзуры», то відаць, што яго проста шчыльна закрыла тройка цэнтрбекаў італьянскага гранда. Падобная карціна была і ў матчах супраць «Арсенала» ў гэтым сезоне – Артэта выстаўляў супраць Эрлінга персанальную апеку, што прывяло да таго, што ў двух з трох (не забывайце пра Суперкубак Англіі) гульнях сезона супраць «кананіраў» у форварда быў 0 па чаканым галам.

Так, чым больш важны матч, тым больш намаганняў трэнеры каманд-супернікаў кідаюць на тое, каб утрымаць Холанда, які часта прыносіць карысць камандзе Пепа – згадайце леташні паўфінал ЛЧ з «Рэалам», калі героем стаў Бернарду Сілва, якому абаронцы іспанскага клуба надавалі менш увагі. Аднак -3,17 Холанда па паказчыку xG у «вялікіх» матчах таксама прымушаюць задумацца.

Што цікава – праблема зніжэння рэзультатыўнасці ў матчах з прамымі канкурэнтамі ці ў фіналах не была ўласцівая нарвежцу, калі ён гуляў за «Барусію». «Лейпцыг» і «Баварыя» – два клубы, якім ён больш за ўсё забіў у жоўтай футболцы (6 і 5 галоў адпаведна). Прычым рабіў гэта не толькі ў Бундэслізе, але і ў Суперкубку і ў фінале Кубка Германіі.

***

Калісьці з нечым падобным сутыкнуўся Ліянель Месі. Аргенцінца абвінавачвалі ў тым, што, напрыклад, яго магія кудысьці знікае, калі гаворка заходзіць пра ЧС. Аднак Леа пад канец кар'еры ўсё ж здолеў правільна настроіцца і заткнуць скептыкаў.

Ці атрымаецца такое ў Холанда, у якога значна больш часу, каб прыбраць з сябе таўро?

Фота: Andrew Yates/Global Look Press, Oscar J. Barroso/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты