Tribuna/Футбол/Блогі/Нечакана – Холанд фэйліць часцей за Дарвіна і Джэксана. У нарвежца праблемы з рэалізацыяй

Нечакана – Холанд фэйліць часцей за Дарвіна і Джэксана. У нарвежца праблемы з рэалізацыяй

Пента-трык «Лутану» трохі ратуе паказнікі, але спад усё роўна прыкметны.

6 сакавіка, 13:18
Нечакана – Холанд фэйліць часцей за Дарвіна і Джэксана. У нарвежца праблемы з рэалізацыяй

«Я б таксама пабіў усе рэкорды, якія ёсць у Эрлінга Холанда – з гэтай камандай і тымі магчымасцямі, якія ён мае. Я таксама забіваў дзякуючы сваім партнёрам, але ў мяне было яшчэ і майстэрства ў гульні каля брамы. Ён мае 30 галявых момантаў і рэалізоўвае тры з іх. Калі б у мяне было 30 момантаў, я б забіў 10 або 20 мячоў. Вось і ўся розніца».

Такую фразу восенню выдаў экс-форвард зборнай Бразіліі Луіс Фабіяна, і да яе мала хто паставіўся сур'ёзна. Маўляў, як можна ў чымсьці вінаваціць чалавека, які сваімі 50+ галамі за сезон дапамог «Манчэстэр Сіці» здабыць трэбл.

Цытата Фабіяна дагэтуль выглядае пацешнай, асабліва частка пра патэнцыйныя здзяйснення на такiм ўзроўню, аднак з цягам часу актуальнай стала іншая агучаная тэма – рэалізацыя нарвежца. Бягучая кампанія складваецца для Холанда не так добра, як папярэдняя – спад формы перад траўмай, затым два месяцы адсутнасці і цяпер дыскусіі пра марнатраўства.

Агалоску сітуацыя набрала пасля матчу з «Чэлсі» (1:1) – Эрлінг у той гульні 9 разоў прабіў па варотах на агульны xG 1.71, але ні разу не вызначыўся, страціўшы пару добрых шанцаў.

Разбіраемся, наколькі моцна ў нападніка пагоршылася рэалізацыя.

У Холанда сапраўды прасела эфектыўнасць – і гэта пры павелічэнні колькасці момантаў

З аднаго боку, 28 галоў за «Ман Сіці» ў 31 матчах – дзе тут шукаць праблему? Аднак ёсць некалькі аспектаў:

➡️ справа ў бягучай форме – калі прыбраць фантомны пента-трык з «Лутанам», то пасля траўмы Эрлінг забіў толькі ў трох з васьмі гульняў. Да траўмы было яшчэ два запар «сухія» выхады на поле;

➡️ спад у параўнанні з мінулым сезонам – тыя лічбы, магчыма, і былі оверперформансам, але ж ад нарвежца чакаюць менавіта гэтага, каб прэтэндаваць на рэкорды ўмоўных Месі або Раналду;

➡️ спад непасрэдна ў дадатковых паказніках, хоць момантаў у Холанда паболела – то-бок на крызіс каманды не спішаш, як гэта можна было зрабіць у канцы 2023-га.

Пяройдзем да пацвярджэння гэтых тэзісаў:

Першы вывад даволі просты: Эрлінг у сярэднім больш прабівае па варотах, чым у кампаніі 2022/23, і мае больш высокі сярэдні xG. Працэнт траплянняў у створ амаль ідэнтычны, але пры ўсіх «дадзена» ён забівае менш леташняга тэмпу.

Што тычыцца менавіта рэалізацыі, то тут розніца куды больш прыкметная – змены добра адлюстроўвае ў прыватнасці метрыка канвертацыі ўдараў:

У папярэднім сезоне Холанд істотна апярэджваў свой графік xG, што і з'яўляецца прыкметай форварда элітнага класа. Нарвежац быў звышэфектыўны – «+8» ад чаканых галоў. Па стане на сёння ён наадварот адстае ад графіка – аж на «-2,5», улічваючы, што часткова выправіў становішча супраць «Лутана» ў Кубку. Эрлінг забіў 5 пры 2.38 xG, а значыць, без гэтага матчу яго адставанне ад чаканых мячоў магло складаць каля 5.

Чаму варта акцэнтаваць увагу на тым, што гэта «Лутан»? У 10 матчах супраць «МЮ», «Астан Вілы», «Тотэнхэма», «Лейпцыга», «Ліверпуля», «Арсенала» і «Ньюкасла» Холанд забіў пяць галоў, тры з іх – у двух супрацьстаяннях з крызіснымі «чырвонымі дʼябламі». Столькі ж – у вароты «Чэлсі», але лонданцы ў пералік не ўвайшлі (другая палова табліцы АПЛ, як-ніяк).

Магчыма, прычына тут не столькі ў форвардзе, а ў тым, што супраць яго нарэшце навучыліся гуляць.

Холанд марнуе шмат шанцаў – у АПЛ ужо «апярэдзіў» Дарвіна

Але віну Эрлінга таксама не варта ігнараваць – ён стаў страчваць незвычайна шмат добрых магчымасцяў. Цяпер ён зʼяўляецца «лідарам» у гэтым паказніку ў АПЛ, апярэджваючы Дарвіна Нуньеса з «Ліверпуля»:

Так, гэтая статыстыка не надта паказальная – ў гэты рэйтынг ніколі не ўвойдуць нападнікі каманд, якія мала атакуюць і мала ствараюць. Таму на канец пяройдзем да канкрэтных прыкладаў, з якіх пазіцый і як часта Холанд прамахваўся ў сезоне (ва ўсіх турнірах):

Ва ўпор супраць «МЮ»

Выхад 1 на 1 супраць «Лутана»

Калі дабіваў пры ляжачым брамніку «Лутана»

Не падладзіўся пад мяч супраць «Чэлсі»

Ва ўпор галавой супраць «Астан Вілы»

Не трапіў у фактычна пустыя вароты супраць «Тотэнхэма»

Не дацягнуўся да прастрэлу ў матчы за зборную

Не трапіў у браму ва ўпор (але з вострага вугла) супраць «Чэлсі»

З блізкай дыстанцыі без супраціву супраць «Чэлсі»

З блізкай дыстанцыі супраць«МЮ»

У падзенні прабіў вышэй з адлегласці ў некалькіх метраў у матчы супраць «Янг Бойз»

Выхад 1 на 1 супраць «Янг Бойз»

З блізкай дыстанцыі прабіў вышэй супраць «Нотынгем Форэст»

З блізкай дыстанцыі на дабіванні супраць «Црвены Звезды»

Няўдала прабіў з некалькіх метраў супраць «Вест Хэма»

***

Зноў жа, гэта наўрад ці можна лічыць крытычнай праблемай, паколькі Холанд застаецца адным з найлепшых бамбардзіраў Еўропы. Аднак улічваючы амбіцыі асабіста Эрлінга і ў цэлым «Ман Сіці», хочацца ўбачыць грандыёзнае вяртанне да звышэфектыўнасці.

Нездарма ж Хасэп Гвардыёла не хаваў, што ў яго «дзявяткі» ёсць пэўныя цяжкасці:

«Мая гульнявая кар'ера доўжылася 11 гадоў і я забіў 11 галоў – таму не магу даваць яму парады», – жартаваў коўч пасля той нічыей з «Чэлсі».

Фото: інфографіка Tribuna.com, Conor Molloy/News Images

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты