Tribuna/Футбол/Блогі/У 1985-м трыбуна стадыёна «Брэдфарда» згарэла за 4 мін падчас трансляцыі. Верагодна – з-за цыгарэты

У 1985-м трыбуна стадыёна «Брэдфарда» згарэла за 4 мін падчас трансляцыі. Верагодна – з-за цыгарэты

56 загінулых, якія прыйшлі святкаваць чэмпіёнства каманды.

4 красавіка, 05:40
У 1985-м трыбуна стадыёна «Брэдфарда» згарэла за 4 мін падчас трансляцыі. Верагодна – з-за цыгарэты

Травень – самы эмацыйны месяц для заўзятараў футбольных клубаў. Хтосьці сумуе, бо яго любімая каманда вылецела з дывізіёна або спынілася за крок ад перамогі ў кубкавым фінале. Хтосьці радуецца, бо любімая каманда як раз атрымала перамогу ў тым фінале, выйграла чэмпіянат або скончыла сезон у зоне еўракубкаў.

11 траўня 1985 года заўзятары ішлі на стадыён «Вэлі Парад» у Брэдфардзе як раз ад радасці. Але пакідалі яго ў такім шокавым стане, з якім не параўнаецца ні адзін вылет або пройгрыш у вырашальным матчы.

У той дзень «Брэдфард» святкаваў чэмпіёнства. Агонь цалкам ахапіў галоўную трыбуну ўсяго за 4 хвіліны

У перадапошнім туры трэцяй лігі Англіі «Брэдфард» матэматычна забяспечыў сабе першае месца, абыграўшы на выездзе «Болтан» 2:0. Закрыць сезон каманда павінна была матчам перад роднымі заўзятарамі – з «Лінкальнам». Перад стартавым свістком, што незвычайна для цяперашніх часоў, капітан «Брэдфарда» Пітэр Джэксан атрымаў трафей ад кіраўніцтва лігі, а каманда здзейсніла круг пашаны. На трыбунах у гэты момант знаходзілася 11 076 заўзятараў (што амаль удвая перавышала сярэдні паказнік наведвальнасці каманды ў тым сезоне), тры тысячы з іх былі на галоўнай трыбуне.

***

Стадыён «Вэлі Парад» быў пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя. У 1908 годзе «Брэдфард» заваяваў месца ў элітным дывізіёне, аднак для таго, каб каманду дапусцілі да спаборніцтваў, неабходна было распрацаваць праект мадэрнізацыі стадыёна. Ён быў вельмі сціплым па змяшчальнасці, ды яшчэ і не меў даху ні над адной з трыбун. Праз тры гады работы былі завершаныя, у выніку чаго клуб атрымаў прыстойную па тых часах арэну.

Ішлі гады, дзесяцігоддзі, яшчэ ў 1920-х «Брэдфард» вылецеў з эліты і ўсё ніяк не мог вярнуцца туды. Збольшага з гэтай прычыны ў кіраўніцтва клуба не было матывацыі моцна ўкладвацца ў тое, каб «Вэлі Парад» адпавядаў новым знакам якасці ў свеце футбола, які развіваўся і прагрэсаваў. Так, праводзіліся рамонтныя работы, але яны былі нязначнымі. А галоўная трыбуна арэны заставалася нязменнай з таго самага 1911 года.

Пісьменнік Сайман Інгліс, пабываўшы на гэтым стадыёне, апісваў від з галоўнай трыбуны так – «быццам глядзіш футбол з кабіны Sopwith Camel» (аднамесны знішчальнік часоў Першай сусветнай вайны). Усё з-за апор і стоек, якія перашкаджалі камфортнаму агляду і ад якіх ужо даўно пачалі адмаўляцца ўласнікі іншых англiскіх стадыёнаў. Але куды больш важнай была іншая дэталь, якую заўважыў Інгліс. Ён таксама папярэдзіў клуб пра навал смецця пад трыбунай праз шчыліну паміж крэсламі. Было такое папярэджанне і ад мясцовых органаў улады. Рада графства Вест-Ёркшыр разаслала у клуб лісты, у якіх патрабавала, каб усе недахопы былі ліквідаваныя, а таксама спрабавала напалохаць босаў «Брэдфарда», апісаўшы гіпатэтычную сітуацыю, якая можа адбыцца на стадыёне: «Нядбайна кінутая цыгарэта можа прывесці да пажаранебяспечнай сітуацыі». Нібы ў ваду глядзелі.

Кіраўніцтва прыслухоўвалася, але дзейнічала павольна. У сакавіку таго ж года клуб атрымаў сталь для рамонту даху. Аднак разабрацца з праблемай шчылін паміж крэсламі і смеццем пад трыбунай, на якой і знаходзіліся гэтыя сядзенні, рукі не дабіраліся. Вось вам факт для разумення, колькі часу не прыбіраліся пад галоўнай трыбунай – ужо пасля трагедыі, падчас разбораў, быў знойдзены абвуглены асобнік газеты Bradford Telegraph & Argus за лістапад 1968 года.

***

Ішла 40-я хвіліна першага тайма ў матчы «Брэдфард» – «Лінкальн», лік на табло – 0:0. Гаспадары ў каторы раз спрабавалі прарвацца да брамы гасцей. Калі кіпер «Лінкальна» выбіў мяч за межы поля, заўзятары «Брэдфарда» масава пачалі выбягаць на поле. Але не дзеля таго, каб сарваць матч. На галоўнай трыбуне ўсчаўся пажар.

Цяпер у прамым эфіры наўрад ці настолькі адкрыта сталі б паказваць такія кадры, перавёўшы акцэнт на твары гульцоў або трэнераў, ці проста ўключылі б рэкламу. Але ў той дзень 1985-га тэлеаператары пачалі здымаць і паказваць усё, што адбываецца.

Спачатку здавалася, што гэта толькі невялікае вогнішча, з якім лёгка справяцца некалькі сцюардаў з вогнетушыльнікамі. Але з моманту, калі каментатар матчу сказаў, што на стадыёне пачаўся пажар, і да моманту, калі палала ўжо ўся галоўная трыбуна «Вэлі Парад», прайшло... усяго 4 хвіліны!

Не ўсе заўзятары, якія прысутнічалі на тым матчы, разумелі маштабы трагедыі. У відэазапісе той падзеі відаць, як некаторыя радасна ўсміхаюцца, размахваюць рукамі на фоне падпаленай трыбуны і спяваюць песні. А ўжо ў наступным кадры – людзі, якія панічна ўцякаюць далей ад пажару.

Падчас прагляду відэа можа падацца, што практычна ўсім, хто быў на галоўнай трыбуне, удалося ўратавацца, максімум – у кагосьці згарэлі кашулі ці валасы. Аднак гэта не так, на вялікі жаль. 265 чалавек атрымалі апёкі і траўмы рознай ступені цяжкасці, а яшчэ 56 – загінулі ў агні.

Такое хуткае ўзгаранне тлумачылася тым, што ў той дзень было ветранае надвор'е, апоры былі драўлянымі (стаялі з 1911 года), а дах быў пакрыты пластамі лёгкаўзгаральнага бітумнага руберойда. Гарэлыя калоды і расплаўленыя матэрыялы падалі з даху на натоўп і людзей, якія сядзелі ўнізе, а густы чорны дым ахінуў праход за трыбунай. Таксама варта адзначыць, што на той трыбуне не было вогнетушыльнікаў праз боязь вандалізму, а большасць задніх выхадаў была зачыненая. Людзі, якія вырашылі выбегчы на поле, мелі значна больш шанцаў на выратаванне.

Пры гэтым далёка не ўсе, хто выратаваўся, адразу пакідалі межы стадыёна. Многія дапамагалі заўзятарам, якія паспелі выбрацца з падпаленай трыбуны. Некаторых пацярпелых заводзілі ў бар непадалёк ад стадыёна. На тэлевізарах ва ўстанове ў гэты момант ішлі кадры пачатку матчу гэтага ж матчу – трансляцыя праводзілася з затрымкай у адну гадзіну.

Пажарныя хоць і прыбылі на месца падзей ужо праз 4 хвіліны, але мала што маглі зрабіць. Агонь быў вельмі агрэсіўным, з-за чаго працы па тушэнні доўжыліся некалькі гадзін, а працэс вынасу целаў са стадыёна працягваўся да 4 раніцы наступнага дня. Гэта была страшная карціна. Некаторыя з загінулых усё яшчэ сядзелі прама на сваіх месцах, накрытыя рэшткамі брызента, які ўпаў з даху, многія былі спалены жыўцом каля выходных варот, трое – у прыбіральні, былі і тыя, каго проста задушылі ў паніцы. Камандзір паліцыі Бары Осбарн пазней распавядаў, што многія яго афіцэры плакалі, калі бачылі целы людзей.

Адзін з самых жудасных кадраў – мужчына, які выбраўся з трыбуны на поле, але быў цалкам ахоплены агнём. Іншыя фанаты спрабавалі дапамагчы яму, але пазней ён памёр у бальніцы.

Кіраўніцтва клуба прызналі адказным з другой спробы. Без турэмных тэрмінаў, але з абавязацельствам выплаты кампенсацый у памеры 20 млн фунтаў

Расследаванне трагедыі і вызначэнне вінаватых было праведзена ў вельмі кароткі тэрмін, а яго вынікі выклікалі шмат пытанняў да следства. Ужо ў ліпені таго ж года адбыліся слуханні, падчас якіх следчы Джэймс Тэрнбул паведаміў, што тое, што адбылося, – няшчасны выпадак. Прысяжныя падтрымалі яго, і суддзя Олівер Поплуэл закрыў справу. Вялікага досведу расследаванняў такіх падзей у Англіі на той момант не было, але да суддзі і следчага ўсё роўна заставалася шмат пытанняў. Само расследаванне доўжылася ўсяго пяць дзён і было праведзена ўсяго праз тры з паловай тыдні пасля пажару, калі многія людзі альбо ўсё яшчэ знаходзіліся ў лякарні, альбо не былі гатовыя даць паказанні.

Чаму гэта было прызнана няшчасным выпадкам?

Дакладную прычыну таго, з-за чаго ўзнік пажар, устанавіць не ўдалося. Аднак каментатар таго матчу Джон Хэлм распавядаў такую версію: адзін з заўзятараў, дакурыўшы сваю цыгарэту, паклаў яе на падлогу, а потым паспрабаваў патушыць яе нагой, цыгарэта выслізнула ў адтуліну паміж крэсламі – і ўпала ў тую самую кучу смецця пад трыбунай. Праз хвіліну ён убачыў невялікі ручай дыму і выліў на яго каву. Здавалася, што агню больш не было, але ўжо праз хвіліну з'явіўся шлейф дыму, таму мужчына разам са сваім сынам пайшоў да сцюарда, каб паведаміць пра гэта. Калі яны ішлі на свае месцы з супрацоўнікам стадыёна, агонь ужо палаў.

Праз год справа зноў была адкрыта. Сяржант паліцыі Дэвід Брытан, які прыбыў на стадыён у той дзень і бачыў гэты жах на свае вочы, распачаў крымінальную справу супраць клуба. Разам з ім пазоў падала і Сьюзан Флетчар, якая ў той дзень страціла сына, мужа, брата і бацьку. У выніку – 23 лютага 1987 года суддзя Джозэф Кэнтлі прызнаў «Брэдфард» адказным за мерапрыемства на дзве траціны (клуб «не надаваў або надаваў вельмі мала ўвагі мерам пажарнай бяспекі», нягледзячы на неаднаразовыя папярэджанні), а раду графства – на адну траціну (не выконвала свае абавязкі ў адпаведнасці з законам пра пажарную бяспеку).

На гэты раз вырашальную ролю адыгралі лісты, дасланыя сакратару клуба, у якіх падрабязна адзначалася неабходнасць мадэрнізацыі, а таксама рызыкі пажару на той трыбуне. На перакрыжаваным допыце, праведзеным каралеўскім адвакатам Робертам Смітам, тагачасны старшыня клуба Стафард Хегінботэм сказаў, што ведаў пра рызыку ўзгарання.

У 2015 годзе Марцін Флетчар, сын Сьюзан, якому ўдалося збегчы ў той дзень, апублікаваў кнігу са сваёй версіяй расследавання. У ёй ён адзначыў, што да пажару на «Вэлі Парад» было па меншай меры 9 пажараў на прадпрыемствах, якія належаць Хегiнботэму.

Турэмныя тэрміны ніхто не атрымаў, аднак клубу давялося ўзяць на сябе выплату кампенсацый пацярпелым і сем'ям загінулых на агульную суму 20 млн фунтаў. Таксама былі праведзеныя мерапрыемствы са зборамі сродкаў. Напрыклад, экс-гульцы легендарнай зборнай Англіі 1966 года згулялі супраць таго ж складу немцаў з фіналу пераможнага ЧС (зноў выйгралі – 6:4).

Катастрофа прывяла да ўвядзення новых строгіх стандартаў бяспекі на стадыёнах Вялікабрытаніі, уключна з забаронай на будаўніцтва драўляных трыбун. Гэта таксама стала каталізатарам значных рэканструкцый арэн у наступныя гады.

Футбол на «Вэлі Парад» вярнуўся 14 снежня 1986 года, калі «Брэдфард» абыграў зборную Англіі 2:1 у таварыскім матчы. З тых часоў яшчэ былі праведзены работы па рэканструкцыі, а сёння арэна з'яўляецца сучасным стадыёнам на 25 136 месцаў Фота: The Mirror, The Telegraph, Independent

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты