Tribuna/Футбол/Блогі/«Арсенал» павінен праходзіць гэтую «Баварыю» – нарэшце. Хоць і будзе няпроста

«Арсенал» павінен праходзіць гэтую «Баварыю» – нарэшце. Хоць і будзе няпроста

Калі, як не цяпер?

10 красавіка, 03:52
«Арсенал» павінен праходзіць гэтую «Баварыю» – нарэшце. Хоць і будзе няпроста

«Арсенал» і «Баварыя» адклалі вызначэнне паўфіналіста ЛЧ паміж сабой на другі матч – згулялі ў выніковую нічыю 2:2, у якой у ліку паспелі весці абодва клубы.

Яшчэ да матчу гучалі думкі, што «Арсенал» можа (і павінен) праходзіць «Баварыю» ў яе цяперашнім стане – і пасля матчу гэта выглядае яшчэ большай праўдай.

🔹 Пачнем з негатыву – канкрэтна ў гэтым матчы было відаць, што «Арсеналу» яшчэ не хапае досведу ў гульнях такога ўзроўню. «Кананіры» фактычна самі падарылі «Баварыі» лідарства ў матчы – пасля таго, як упэўнена кантралявалі гульню на старце і нават забілі гол.

Ні дзеянні абароны «Арсенала» ў падораным суперніку мячы ў эпізодзе з голам Гнабры, ні фол Саліба нейкага абгрунтаванага тлумачэння ў адказ на класічнае пытанне «навошта?» не маюць.

Гэта галоўная пагроза перад матчам у Мюнхене. Там не будзе дамінацыі ўласных заўзятараў. Яшчэ і немцы сваю каманду звычайна ўмеюць падтрымліваць, ды і сам факт таго, што гульня па сутнасці пачнецца з 0:0 – гэта ўсё дадатковыя фактары ціску.

🔹 Але ў цэлым менавіта «Арсенал» застаецца лагічным фаварытам супрацьстаяння. Каманда Мікеля Артэты ў цэлым у добрай форме – 8 матчаў без паражэнняў ва ўсіх турнірах запар пры даволі нядрэнны гульні, лідарства ў АПЛ прама цяпер.

Ды і ў першым матчы ўсё ж было і шмат пазітыву з боку «Арсенала» – нанеслі больш удараў, чым супернік, па xG прыкметна саступілі толькі праз пенальці. Гэта адназначна пазітыў – прынамсі на фоне папярэдніх супрацьстаянняў паміж клубамі.

Іншая справа, што момантамі трэба карыстацца лепш.

У рэшце, Артэта паказаў, што гатовы на такім узроўні ўмешвацца ў ход гульні заменамі – калі ў другім тайме здавалася, што «Баварыя» кантралюе ход падзей, менавіта свежыя Габрыэл Жэзус і Леандра Трасард сканструявалі выратавальны мяч.

Фактар таго, што ў «Баварыі» справы дрэнныя, таксама не варта забываць. З аднаго боку, гэта павінна мюнхенцаў яшчэ мацней матываваць на гульню: каманду – каб выйграць у гэтым сезоне хоць нешта (а ЛЧ – апошні магчымы трафей), Томаса Тухеля – каб па выніках працы ў клубе было што напісаць у рэзюмэ, акрамя «прымудрыўся не выйграць Бундэслігу ў паўнавартасны сезон».

З іншага боку – размовы пра тое, што «вось цяпер «Баварыя» дакладна мае матывацыю і завядзецца» ўжо не новыя і для гэтага сезону. Гэта добра прасочваецца па старажыле і лідару каманды Томасу Мюлеру. Пасля паразы ад «Барусіi» Дортмунд ён распавёў, што той матч павінен быў стаць «паваротным» – і заклікаў вярнуцца на свой узровень:

«Мы спадзяваліся, што сённяшні дзень стане штуршком для наступных гульняў, але ў першым тайме гулялі занадта пасрэдна, мала чаго паказвалі індывідуальна. Нам трэба вярнуцца ў цячэнне, сённяшняя гульня расчаравала нас».

Паражэнне ад дэбютанта Бундэслігі «Хайдэнхайма» – зноў абяцанні гуляць напоўніцу ў наступным матчы:

«Тое, што мы знаходзімся не ў найлепшай фазе ў гісторыі клуба, зразумела ўсім. Цяпер мы не можам змяніць вынік. Бессэнсоўна працягваць наракаць адзін на аднаго. У аўторак выкладземся на поўную».

Калі тое, што «Баварыя» паказала на «Эмірэйтс», было выкладкай на поўную, то «Арсеналу» ў Мюнхене проста дастаткова будзе не дарыць галы суперніку. Ці гэта ўсё ж заскладная задача?

🔹 Як бы там ні было, але гістарычны фактар таксама не варта спісваць – і ён ужо павінен матываваць «Арсенал». «Кананіры» ніколі не праходзілі «Баварыю» ў матчах Лігі чэмпіёнаў на вылет.

Проста цяпер склад каманды – адна з самых моцных версій «Арсенала» па меншай меры апошніх гадоў, «Баварыя» – на дне адносна сваіх магчымасцяў, калі не ўменняў, то дакладна маральных. Калі, як не цяпер, карыстацца выпадкам.

Фота: Sven Hoppe/Global Look Press, УЕФА

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты