Tribuna/Футбол/Блогі/Чаму «Баер» называлі» «Неверкузенам» – і больш не будуць

Чаму «Баер» называлі» «Неверкузенам» – і больш не будуць

Гісторыя неверагодных няўдач.

15 красавіка, 14:41
Чаму «Баер» называлі» «Неверкузенам» – і больш не будуць

Леверкузенскі «Баер» – найлепшая каманда ў еўрапейскім футболе з пачатку сезона-2023/24. Падапечныя Хабi Алонса не прайгралі ні разу і заслужана выйгралі Бундэслігу!

Гэта першае чэмпіёнства «Баера» ў гісторыі – і таму цяпер смела можна забыцца на слова Неверкузен, якое пераследвала леверкузенцаў апошнія дзесяцігоддзі.

Эру пакут закрыў Хабі Алонса.

Чаму «Баер» наогул называлі «Неверкузенам»

Мы ўсе прывыклі, што «Баер» – фінансава стабільны і структурна магутны футбольны клуб: мае добрую акадэмію і выкарыстоўвае яе гульцоў у матчах за першую каманду, прадае сваіх футбалістаў за вялікія грошы, можа дазволіць сабе ўзмацніцца якаснымі выканаўцамі і адначасова з'яўляецца моцнай камандай, якая ўвесь час змагаецца за месцы ў еўракубках.

Пры гэтым усім леверкузенцы ніколі не выйгравалі чэмпіянат Германіі і толькі аднойчы перамагалі ў Кубку краіны (у 1993-м) і Кубку УЕФА (у 1988-м).

Зрэшты, «Неверкузенам» «Баер» празвалі не праз гэта.

Мабыць, найлепшы перыяд у сваёй клубнай гісторыі «фармацэўты» перажывалі ў канцы ХХ і пачатку ХХІ стагоддзя, калі амаль некалькі гадоў запар да апошняга змагаліся за срэбную Салатніцу і адносна нядрэнна выступалі ў міжнародных турнірах – але камандзе пастаянна чагосьці бракавала.

У сезоне-1995/96 «Баер» ледзь не вылецеў з Бундэслігі, але ўжо ў наступным годзе фінішаваў другім з адставаннем усяго ў два пункты ад «Баварыі». Леверкузенцы прайгралі чэмпіёнства ў перадапошнім туры, калі нечакана адляцелі 0:4 ад «Кёльна» ў дэрбі.

На працягу наступных двух сезонаў «фармацэўты» фінішавалі трэцімі і другімі адпаведна, але да чэмпіёнаў «Кайзерслаўтэрна» і «Баварыі» было вельмі далёка.

У жорсткую барацьбу за Салатніцу леверкузенцы вярнуліся ў сезоне 1999/00. За тур да канца чэмпіянату «Баер» апярэджваў «Баварыю» на тры пункты, таму нават нічыя ў выязным матчы з «Унтэрхахінгам» гарантавала чэмпіёнства – у такім выпадку на вынік матчу мюнхенцаў можна было б і не глядзець.

Што было далей? «Баер» саступіў 0:2 (Міхаэль Баллак тады вызначыўся аўтаголам), а «Баварыя» ў паралельным матчы атрымала перамогу над «Вердэрам» 3:1 і забрала чарговы тытул.

Як бачым, сезон 2022/23 – не першы раз, калі «рэкордмайстар» выходзіць пераможцам з клатча за залатыя медалі.

Канец сезону 2001/02 – найбуйнейшая катастрофа ў гісторыі «Баера». Трэбл з другіх месцаў

Калі здавалася, што ўсё горшае, што магло здарыцца, ужо здарылася з леверкузенцамi, адбыўся сезон 2001/02.

З аднаго боку, тую кампанію можна лічыць вельмі паспяховай – «Баер» выдаваў фантастычныя бяспройгрышныя серыі ў чэмпіянаце, перамагаў «Барселону», «Ювентус» і «Ліверпуль» у Лізе чэмпіёнаў і ўпэўнена пераадольваў раўнд за раўндам у нацыянальным Кубку. Калі б у пачатку сезона заўзятарам «фармацэўтаў» сказалі, што каманда да апошняга будзе змагацца за перамогу ва ўсіх магчымых турнірах, яны б не паверылі, але менавіта так і адбылося.

Зрэшты, ўвесь аптымізм вакол каманды раптоўна знік у другой палове красавіка, калі зʼявіліся сурʼёзныя праблемы ў Бундэслізе.

За тры туры да канца чэмпіянату леверкузенцы апярэджвалі дортмундскую «Барусію» на пяць ачкоў, але ў двух наступных матчах нечакана саступілі «Вердэру» (1:2) і «Нюрнбергу» (0:1) – у той жа час «чорна-жоўтыя» атрымалі дзве перамогі і на апошні тур сезона выходзілі з перавагай у адзін пункт.

У апошнім матчы сезону і «Дортмунд», і «Баер» перамаглі з лікам 2:1 дома, але для леверкузенцаў гэта ўжо нічога не значыла – яны зноў аддалі чэмпіёнства «у апошнюю хвіліну». Гэта здарылася 4 траўня.

Ужо праз тыдзень, 11 траўня, «фармацэўты» планавалі выправіцца перад заўзятарамі за прайгранае чэмпіёнства ў Бундэслізе і забраць Кубак Германіі, але і тут усё пайшло не па плане футбалістаў Клаўса Тапмэлера. Нягледзячы на тое, што Дзімітар Бербатаў вывеў «Баер» наперад яшчэ ў першым тайме, леверкузенцы пасля прапусцілі 4 мячы і прайгралі «Шальке» 2:4.

Праз некалькі дзён разбітыя горам немцы адправіліся ў Глазга, дзе мелі апошні шанец на трафей у сезоне – іх чакала сустрэча з «Рэалам» у фінале Лігі чэмпіёнаў. Зрэшты, усе мы ведаем, што было далей – Зідан, яго фантастычны гол, які назаўжды ўвойдзе ў гісторыю, і перамога «каралеўскага клуба».

Такім чынам, сукупнасць усіх няўдач на працягу адразу некалькіх гадоў (не толькі ў сезоне 2001/02) справакавала з'яўленне тэрміна «Неверкузен», які паўстаў з прычыны маленькіх лінгвістычных выкрутаў: Leverkusen + never = Neverkusen.

Але цяпер усё. «Баер» – чэмпіён!

Фота: Uwe Anspach, Marius Becker/picture alliance, Mika Volkmann, Markus Gilliar, Andreas Rentz/REUTERS, Bayer 04 Leverkusen

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты