Tribuna/Футбол/Блогі/Паміж «ПСЖ» і «Барсай» 10 гадоў доўжыцца халодная вайна. Парыжане разгромна перамагаюць

Паміж «ПСЖ» і «Барсай» 10 гадоў доўжыцца халодная вайна. Парыжане разгромна перамагаюць

Цікавае супрацьстаянне не толькі на полі.

10 красавіка, 13:59
Паміж «ПСЖ» і «Барсай» 10 гадоў доўжыцца халодная вайна. Парыжане разгромна перамагаюць

«Барселона» зноў сустракаецца з «ПСЖ» у Лізе чэмпіёнаў. У іх бывала ўсякае: ад знакамітай рэмантады на «Камп Ноу» да збіцця каталонцаў Кiлiянам Мбапэ ў 2021-м. Але сапраўдная мясарубка паміж клубамі працягваецца за межамі поля. Уласнік «ПСЖ» спрабуе ўсяляк насаліць каталонцам і адначасова збірае іх зорак.

Расказваем пра адно з галоўных супрацьстаянняў на ўзроўні клубаў у апошняе дзесяцігоддзе.

Усё пачалося з Ціага Сілвы. «ПСЖ» – галоўны крыптаніт «Барселоны» на трансферным рынку

У пачатку стагоддзя адносіны паміж клубамі былі даволі добрымі. «Барса» адпраўляла парыжанам у арэнду маладога Мікеля Артэту, а каталонцы змаглі проста перад носам у Фергюсана выцягнуць з «ПСЖ» Раналдыньё. Клубы знаходзіліся на розных полюсах трансфернага рынку, але з прыходам катарскіх грошай сітуацыя змянілася.

Пачатак супрацьстаяння адносяць да 2011 года, калі каталонцы вельмі хацелі набыць Ціагу Сілву ў «Мілана», той таксама быў не супраць, але адпраўляў іх на перамовы з клубам. У рэшце умяшаўся «ПСЖ», які летам 2012-га забраў з «Мілана» Сілву і Златана. Каталонцы бачылі ў бразільцы ідэальную замену Пуёлю, таму прыйшлі ў Парыж наступным летам, але ў «ПСЖ» проста паднялі заробак капітану.

Адказ гульца быў такі: «Мне было цяжка двойчы адмовіць «Барселоне». Я ніколі не хаваў, што заўзею за гэтую каманду з дзяцінства і заўсёды хацеў гуляць за «Барселону». Я чуў, людзі кажуць, што мы, футбалісты, думаем толькі пра грошы. Але яны забываюць, што нам трэба карміць свае сем'і».

У 2014-м адбыўся новы віток кулуарных баёў. Гэтым разам за Маркіньяса, якога «Барса» не змагла выкупіць у «Ромы», але хацела набыць у «ПСЖ». Увесну 2014-га ён нават прызнаўся бразільскаму журналісту, што абраў бы «Барселону». Потым усё адмаўляў, але ў сетку злілі аўдыёзапіс размовы. Колькі б «Барса» не прапаноўвала грошай і Алвеса ў прыдачу, але парыжане абаронцу не аддалі.

У тым жа 2014-м «Барселона» пераключылася на гульца «Чэлсі» Давіда Луіса, але і тут спрытней былі парыжане: «Праўда, што «Барса» некалькі разоў звязвалася са мной. Але я зразумеў, што «ПСЖ» – клуб, які больш хацеў бачыць мяне ў сваіх шэрагах, і ў выніку падпісаў з ім кантракт».

Але па-сапраўднаму паміж клубамі запалала ўжо ў наступным годзе.

2017-ы – пікавы момант супрацьстаяння. Рэмантада каталонцаў, скандал з Вераці, пераход Неймара

8 сакавіка 2017 года каталонцы зрабілі знакамітую рэмантаду – адгуляліся пасля 0:4 у першым матчы плэй-оф ЛЧ супраць «ПСЖ». Усе добра памятаюць тыя 6:1 і прэтэнзіі прадстаўнікоў парыжан да арбітра. Гэта настолькі ўразіла французаў, што само слова ўвайшло ў слоўнік французскай мовы – як аналаг англiйскага «камбэка». Галоўным прадзюсерам рэмантады стаў бразілец Неймар, магчыма, гэта і адыграла фатальную ролю ў далейшых падзеях.

Лета пачалося як звычайна: «Барса» глядзіць на гульца «ПСЖ», тым разам на Марка Вераці, якога бачыла ідэальнай заменай Хаві, які тады яшчэ быў гульцом. Перамовы ішлі вельмі брудна, каталонцы выкарыстоўвалі ўсе магчымасці. Аргенцінец Хаўер Пасторэ арганізаваў Месі сустрэчу з Марка на Ібіцы. Хто пасля такога не пагодзіцца на трансфер?

Магчыма, нягледзячы на ўсё нежаданне ўласнікаў «ПСЖ», трансфер і адбыўся б, калі б не агент Даната дзі Камплі, які сказаў: «Усе мы выдатна ведаем, што цяпер гульцы, якія мараць пра перамогу ў Лізе чэмпіёнаў, не пяройдуць у «ПСЖ».

На наступны дзень Марка ўжо адхрышчваўся ад агента ў сацсетках клуба, а пасля перайшоў пад крыло Міна Раёлы, які для каталонцаў быў горшы за д'ябла. Новы агент выбіў італьянцу добры кантракт і пакінуў у клубе.

Увесь ланцужок падзей ударыў па самалюбстве ўласніка «ПСЖ». Цяпер яму хацелася не проста абараняцца ад«Барсы», але і атакаваць самому, прычым біць у самае балючае месца. Пра Месі тады казаць было цяжка, але Неймар здаваўся рэальнай мэтай. Складанасцяў дадавала тое, што паралельна ішлі перамовы з Мбапэ, але Насер Аль-Хелайфі вырашыў, што пара дзейнічаць.

«Барселона» ў пачатку жніўня вырашае абʼяднаць еўрапейскія клубы супраць «ПСЖ», які ігнаруе фінансавы фэйр-плэй. «Баварыя» і «Ювентус» ухвальна ківалі галавой, але актыўна не падтрымалі.

Парыжане выклалі за Неймара касмічную клаўсулу – 222 млн еўра. У «Барселоне» не хацелі ў гэта верыць, Піке выклаў знамянальную фатаграфію, напісаўшы «Ён застаецца», але ўжо праз некалькі дзён сацсеткі «ПСЖ» напісалі здзеклівае «Ён падпісаў».

Каталонцы выйгралі спрэчку за дэ Ёнга, але аддалі вундэркінда з Акадэміі і страцілі Месі

Адзінай маленькай перамогай «Барсы» стаў пераход Фрэнкі дэ Ёнга, якога таксама спрабаваў перахапіць «ПСЖ», але тут «блаўгранас» змаглі згуляць на дзіцячых марах гульца.

Улетку 2019-га «ПСЖ» прыйшоў у самае святое для каталонцаў месца – «Ла Масію». 16-гадовы Хаві Сіманс з дзяцінства гуляў за ўсе ўзроставыя групы «Барселоны», калісьці ён прызнаўся Хаві Эрнандэсу, што атрымаў сваё імя ў яго гонар. Але аднойчы Сіманс прыехаў на базу «Барсы» ў аўтамабілі Міно Раёлы. Італьянец дапамог парыжанам аформіць пераход капітана каманды U-16, нават нягледзячы на тое, што каталонцы абяцалі салідны прафесійны кантракт.

У 2020-м ужо Ліянель Месі прасіў адпусціць яго з каманды. Сярод галоўных прэтэндэнтаў – «ПСЖ». Тады каталонцы ўтрымалі легенду, але праз год Насер Аль-Хелайфi такі атрымаў Месі. Кіраўніцтва парыжан яшчэ і востра крытыкавала «Барсу» за так званыя рычагі, якія, на іх думку, парушаюць правілы ФФП.

Летняя трансферная кампанія 2023 года зноў пачалася з візіту парыжан. На гэты раз яны захацелі Усмана Дэмбеле, які пры Хаві выйшаў на свой найлепшы ўзровень у Іспаніі. Ніхто ў «блаугранас» не хацеў адпускаць француза, нават нягледзячы на фінансавыя праблемы. Тым больш, што па ўмовах кантракту, на гульца дзейнічала клаўсула ўсяго ў 50 млн еўра да 31 ліпеня 2023 года. Парыжане паспелі яе актываваць, а менеджмент «Барсы» нічога не мог зрабіць.

У сакавіку з'явілася інфармацыя, што «ПСЖ» гатовы выкласці 200 мільёнаў за новую зорку «Барселоны» – Ламіна Ямала. На днях Lʼéquipe напісаў пра цікавасць парыжан да Гаві, але клаўсула іспанца складае мільярд еўра.

Фото: Global Look Press, Matthias Oesterle/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты