Tribuna/Футбол/Блогі/Рэйтынг тынэйджараў АПЛ: аж два таленты «МЮ» ў топ-4, амаль школьнік з «Ньюкасла»

Рэйтынг тынэйджараў АПЛ: аж два таленты «МЮ» ў топ-4, амаль школьнік з «Ньюкасла»

Ужо чулі пра іх?

19 сакавіка, 16:36
Рэйтынг тынэйджараў АПЛ: аж два таленты «МЮ» ў топ-4, амаль школьнік з «Ньюкасла»

Усё часцей ствараецца ўражанне, што АПЛ становіцца пэўнай элітнай Лігай, дзе шанец атрымліваюць толькі найлепшыя з найлепшых. Аднак на самой справе хапае і рамантычных футбольных гісторый – як, напрыклад, магчымасці для моладзі на найбольш канкурэнтным узроўні.

Гэтыя тынэйджары ў гэтым сезоне ўражваюць і заслугоўваюць увагі.

18-гадовы Джэк працягвае сямейную традыцыю – ён чацвёртым прадстаўнік сям'і, які згуляў ў вышэйшым дывізіёне Англіі. Зайграць атрымалася не ў каго-небудзь, а ў Раберта Дэ Дзербі, засвоіць патрабаванні якога зʼяўляецца нялёгкай задачай для многіх футбалістаў.

Хiншэлвуду дапамагае ўніверсальнасць – у дзяцінстве ён гуляў цэнтрбека, пасля паўабаронцу і «дзясятку», а вось у «Брайтане» закрывае абодва флангі абароны. Адтуль паспеў тройчы забіць, у тым ліку «Тотэнхэму» (4:2).

Самы вялікі камплімент для Джэка – тое, што яго траўма на тры месяцы цяпер лічыцца для каманды сурʼёзнай стратай.

9. Люіс Майлі, «Ньюкасл», 17 гадоў

Майлі – выхаванец клуба і самы малады прадстаўнік рэйтынгу. Ён скончыў школу ў траўні мінулага года, і яго былыя настаўнікі адзначаюць, што ў яго былі добрыя адзнакі па ўсіх прадметах. Яго памятаюць як руплівага і клапатлівага вучня, які ніколі не здаваў хатняе заданне са спазненнем.

А цяпер ён – універсальны цэнтральны паўабаронца, які атрымаў шанец пасля дыскваліфікацыі Таналі і ўлічваючы іншыя кадравыя праблемы. З моманту актыўнага прыцягнення Люіс меў серыю 14 з 15 матчаў у старце на працягу бягучага розыгрышу АПЛ.

У апошніх двух гульнях Майлі усё ж страціў месца ў аснове, але безумоўна лічыцца самым перспектыўным гульцом «сарок». 17-гадовы хаўбек паспеў як і забіць, так і аддаць некалькі асістаў. Адна з двух выніковых перадач супраць «Чэлсі» – яркі хайлайт, няйнакш.

Галоўны трэнер Эдзі Хаў не цураецца гучных кампліментаў – называў Люіса паўабаронцам з «неверагодным футбольным інтэлектам», а таксама казаў, што Майлі «не выглядае, не паводзіць сябе і не гуляе на свае 17».

Тым больш у англiчанiна ўнікальны прафайл – рост 189 см, але моцным бокам з'яўляецца крэатыў і праца без мяча, пра што пішуць брытанскія аналітыкі, адзначаючы не столькі абʼём, колькі разуменне і прадбачанне сітуацый.

У Оскара менш за ўсё гульнявой практыкі сярод усіх тынэйджараў у спісе. Аднак на гэта ёсць аб'ектыўныя прычыны – за свае хвіліны нарвежац змагаецца ў зорнай атацы «Манчэстэр Сіці». Боб фактычна ўзяў на сябе ролю Коўла Палмера.

Аднак гэтага часу ўніверсальнаму нападніку цалкам хапае, каб дэманстраваць патэнцыял. Чаго толькі варты гэты гол у матчы з «Ньюкаслам»:

Сюды ж – выклікі ў дарослую зборную Нарвегіі і звыклыя для Гвардыёлы хвалебныя выказванні:

«Ён можа гуляць на пяці пазіцыях: нападнік, правы фланг, левы, у адцяжцы. Гэта дынамічны гулец, і яго працоўная этыка неверагодная. Ён набыў самае галоўнае – давер партнёраў. Гэта важней, чым давер трэнера. Самы вялікі поспех – гэта калі каманда можа сказаць: «Добра, ён можа гуляць з намі».

У Керкеза той выпадак, калі ён не здзівіў, а проста апраўдаў чаканні пасля 18-мільённага трансферу з АЗ. Левы фулбэк адразу замацаваўся ў старце і стаў амаль незаменным, пакуль не траўмаваўся – пасля гэтага трохі даўжэй набіраў кандыцыі.

Аднак «Борнмут» дакладна не прамахнуўся і можа разлічваць на выгадны перапродаж. Напрыклад, ходзяць чуткі, што гэтага шпаркага вугорца манітораць «Чэлсі» і «Манчэстар Юнайтэд», якія летам будуць шукаць узмацненне на праблемную пазіцыю левага флангу.

Варыянт з Керкезам сапраўды выглядае нядрэнным – класна адаптаваўся ў АПЛ, у 20 гадоў мае міжнародны досвед (13 матчаў за зборную), справіўся з ціскам і вылучаецца ў камандзе Андоні Іраолы, які ставіць далёка не самы прымітыўны футбол.

Адчуванне, нібы Эліат – гэта чалавек, які вось ужо некалькі гадоў запар гуляе на самым высокім узроўні, таму назваць яго «футбольным тынэйджарам» цяжка. Зрэшты, у рэальнасці Харві праз месяц спаўняецца ўсяго 21.

У бягучым сезоне Харві, вядома, не з'яўляецца асноўным у «Ліверпулі», але ён нарэшце пачаў дэманстраваць стабільнасць, якой не хапала ў перыяд пасля сурʼёзнай траўмы – восенню 2021-га атрымаў пералом, праз які прагрэс быццам бы запаволіўся.

На шчасце для Юргена Клопа, сёння Эліат – выдатны варыянт для ратацыі. У той жа час існуюць пэўныя скептычныя прагнозы адносна атрымання больш самавітага статусу, паколькі ў міжсезонне клуб перабудаваў сярэднюю лінію і інвеставаў у новых паўабаронцаў нямала сродкаў. А на флангах атакі, дзе таксама часам выпускаюць Харві, дагэтуль шалёная канкурэнцыя.

У Льюіса падобная да Эліата сітуацыя – да дарослага футбола Гвардыёла прыцягваў яго яшчэ ў мінулым сезоне, а цяпер проста ў маладым узросце англiчанiн замацаваўся ў асноўнай абойме гранда. Гэта чарговы кейс, калі дапамагае ўніверсальнасць – Рыка можа згуляць як на флангах абароны, так і ў цэнтры поля.

Магчыма, яму б хацелася мець больш практыкі (у 2024-м засеў у запас), аднак узровень Льюіса сумневам дакладна не падлягае. Цалкам верагодна, што «Ман Сіці» ў асобе Рыка гадуе доўгатэрміновую замену для Кайла Уокера (хай яны і трохі адрозніваюцца па гульнявым стылі).

Гулец, які лепш за ўсё пасуе пад апісанне «адкрыцця сезона». Юны паўабаронца вылучаўся ў моладзеўцы «МЮ», але летам мала хто спадзяваўся, што перавод у старт дарослай каманды адбудзецца так хутка. «Дапамаглі» праблемы канкурэнтаў – траўмы Каземіра, Маўнта, Эрыксана. І вось – у папярэдніх 12 матчах АПЛ Кобі выйшаў у аснове.

Англiчанiн настолькі ўразіў сталасцю і ўпэўненасцю на полі, што справакаваў грунтоўныя дыскусіі на ўзроўні зборнай – многія чакалі, што Саўтгейт выклікае Кобі ўжо на сакавіцкі збор.

Размовы зусім не беспадстаўныя. Лепш за ўсё сітуацыю Майну апісаў Эрык тэн Хаг, які дасціпна адказаў на пытанне журналіста, ці не ранавата так шмат давяраць 18-гадоваму футбалісту: «Не, я так не лічу. Калі вы гуляеце дастаткова добра, значыць, вы досыць дарослы»

Кобі аддзячыў у прыватнасці пераможным сольным голам у кампенсаваны час матчу з «Вулверхэмптанам»:

3. Мало Гюсто, «Чэлсі», 20 гадоў

Не вучэбная трывога: трансфер «Чэлсі», які з часам пачаў выклікаць менш пытанняў і крытычных водгукаў. Француз стартаваў у Лондане не надта ўдала – памыляўся і нічым асабліва не вылучаўся на фоне крызіснай каманды, а потым наогул атрымаў чарговае пашкоджанне.

Аднак адразу пасля аднаўлення стаў выратавальнай опцыяй у адсутнасць Рыса Джэймса – пастаянна выходзіць у аснове, мяняе пазіцыі і ролі ў схемах Маўрысіа Пачэціна, паспявае асіставаць на партнёраў. Сем перадач у сезоне – трэці найлепшы вынік у «Чэлсі» пасля Палмера і Стэрлінга.

Такімі тэмпамі выкладзеныя за Мало 30 мільёнаў еўра паступова апраўдваюць сябе. Засталося толькі захаваць цяперашнюю форму на доўгай дыстанцыі.

Канкурэнт для Майну за званне «адкрыццё сезона». Уласна, у гэтым рэйтынгу Брэдлі яго апярэдзіў. Прычына заключаецца ў тым, што Конар вельмі імкліва ўварваўся ў стартавы склад «Ліверпуля» – не толькі паказаў шматабяцальную гульню, а непасрэдна даваў вынік: гол і 5 асістаў у трох першых гульнях, калі давялося падмяняць Трэнта справуа ў абароне.

Цяпер у Клопа будзе дылема выбару, якая замест гэтага можа ператварыцца ў рашэнне іншай праблемы – у абароне з'явілася новая якасная опцыя, каб мець магчымасць бязбольна перамяшчаць ТАА ў цэнтр поля.

Дарэчы, паралелі паміж гісторыямі двух фулбекаў наўрад ці будуць дарэчныя, таму што Брэдлі далучыўся да «Ліверпуля» аж у 16 гадоў.

Напэўна, безальтэрнатыўнае першае месца. У адрозненне ад усіх астатніх тынэйджараў Гарнача па стане на сёння з'яўляецца сапраўдным лідарам сваёй каманды. Алехандра ўзяў на сябе адказнасць, пакуль Рэшфард зноў спрабуе знайсці стабільнасць, Хёйлунд траўмаваўся, а Бруну здаў у плане выніковасці. Атрымоўваецца з кожным разам усё лепш – любы добры матч «МЮ» асацыюецца з перформансамі 19-гадовага вінгера.

Дарэчы, старт сезона складваўся для Гарнача значна цяжэй – ён не мог заваяваць месца ў старце і праваліў некалькі гульняў. Цяпер Алехандра канчаткова прысадзіў у запас Антані, а тэн Хаг, падобна, лічыць яго незаменным – 25 запар выхадаў у аснове.

Заўзятары «чырвоных дʼяблаў» дакладна былі б не супраць паўтарэння гісторыі Крышціяну Раналду, чыім палкім заўзятарам зʼяўляецца аргентынец.

Фота: PA Images, dpa picture alliance, Richard Callis/SPP, Paul Terry/Sportimage, David Klein/Sportimage, Kim Price/CSM, ANP, Richard Callis/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты