Tribuna/Футбол/Блогі/Неверагодная гісторыя «Іпсвіча»: у мінулым сезоне гулялі ў Лізе 1, а сёння блізкія да АПЛ. Спонсар клуба – Эд Шыран

Неверагодная гісторыя «Іпсвіча»: у мінулым сезоне гулялі ў Лізе 1, а сёння блізкія да АПЛ. Спонсар клуба – Эд Шыран

Але галоўны сакрэт поспеху – трэнер.

5 красавіка, 03:15
Неверагодная гісторыя «Іпсвіча»: у мінулым сезоне гулялі ў Лізе 1, а сёння блізкія да АПЛ. Спонсар клуба – Эд Шыран

Сезон у еўрапейскім футболе паціху блізіцца да канца, і акрамя звыклых для нас інтрыг – хто стане чэмпіёнам, хто будзе гуляць у еўракубках і хто вылеціць – на паверхні ляжыць яшчэ адна тэма – хто выйдзе ў топ-лігі з ніжэйшых дывізіёнаў.

У Англіі, напрыклад, склалася вельмі цікавая сітуацыя – там сваю казку піша «Іпсвіч Таўн».

У мінулым сезоне «Іпсвіч» гуляў у Лізе 1, а сёлета б'ецца за выхад у АПЛ, іх трэнер – топ

Месца на першых палосах медыя сярод усіх клубаў чэмпіёншыпа чакана забраў на сябе «Лестэр». Каманда Энца Марэскі ўзмацнілася выканаўцамі ўзроўню АПЛ, дэманстравала футбол вельмі высокай якасці і нават паспела ўстанавіць рэкорд лігі. Напрыклад, па стане на 20-ы тур «лісы» набралі рэкордную колькасць пунктаў у гісторыі чэмпіёншыпа – 49.

У той жа час уся пахвала «Лестэра» зацямніла іншы надзвычайны факт – «Іпсвіч» за гэты ж перыяд набраў усяго на адзін пункт менш і стаў другой найлепшай камандай лігі на гэтым этапе сезону.

Цяпер жа, яшчэ праз 20 матчаў, менавіта «трактарысты» лідаруюць у табліцы чэмпіёншыпа, пакідаючы ззаду як «Лестэр», так і «Лідс» з «Саўтгемптанам».

Самае дзіўнае ў гэтай гісторыі тое, што «Іпсвіч» яшчэ ў мінулым сезоне гуляў у трэцім англійскім дывізіёне і павысіўся ў класе ўпершыню за чатыры гады.

У чым жа іх сакрэт?

Па-першае, асобна трэба адзначыць паўночнаірландскага спецыяліста Кірана Маккену. 37-гадовы трэнер быў асістэнтам у Жазэ Маўрынью і Оле-Гунара Сульшэра ў «МЮ», а ў канцы 2021-га яму прадставілася магчымасць сысці ў вольнае плаванне і ўзначаліць «Іпсвіч».

Спачатку Маккена пацярпеў толькі чатыры паразы ў 23 матчах да завяршэння сезона 2021/22 у Лізе 1, а наступнай кампаніі ўсё тыя ж чатыры паразы былі ўжо па выніках 46 сустрэч. З наймацнейшай абаронай, найвыніковейшай атакай і фантастычнымі паказнікамі забітых-прапушчаных (+66) «Іпсвіч» скончыў на другім месцы і вярнуўся ў чэмпіёншып упершыню з сезона 2018/19.

Сёлета «трактарысты» працягваюць запальваць пад кіраўніцтвам маладога трэнера і зусім не выпадкова вылезлі на гару табліцы чэмпіёншыпа – у іх пакуль толькі 5 параз у 40 матчах і 84 забітых мяча (2,1 гола ў сярэднім за матч).

«Кіран Маккена з'яўляецца, мабыць, найцікавейшым англійскім трэнерам дзякуючы сваёй здольнасці выйграваць матчы, пры гэтым дэманструючы футбол, які пастаянна прымушае заўзятараў падрывацца са сваіх месцаў на трыбунах», – пішуць пра яго англійскія СМІ.

Калі Маккена яшчэ працаваў у «МЮ», мясцовыя фанаты крытыкавалі яго за «няўменне трэнаваць», а цяпер большасць з іх гатовыя хоць сёння змяніць тэн Хага на 37-гадовага «дамарослага талента». Вядома ж, такі паварот падзей не з'яўляецца нечаканым – са 125 матчаў на чале «Іпсвіча» Маккена прайграў усяго 19 разоў. Фантастычны паказнік, якім не пахваляцца нават некаторыя топ-трэнеры.

«Іпсвіч» – першы ў табліцы, найлепшы па колькасці галоў і параз, зрэшты, клуб моцна адстае ў кантэксце фінансавага складніка. Напрыклад, «трактарысты» знаходзяцца на 16-м месцы сярод усіх клубаў чэмпіёншыпа па сумарным трансферным кошце футбалістаў па ацэнцы Transfermarkt, а таксама па зарплатнай ведамасці. Гэта сведчыць пра тое, што вынік даюць зусім не зоркавыя (нават па мерках лігі) гульцы.

Самы ў камандзе – 24-гадовы левы фулбек Лейф Дэвіс, якога ацэньваюць у 6 млн еўра. У гэтым сезоне ён ужо ўстанавіў рэкорд па колькасці асістаў у чэмпіёншыпе сярод абаронцаў, зрабіўшы 19 галявых перадач.

А ў матчы мінулага ўікэнда супраць «Саўтгемптана» забіў прыгожы мяч, які дапамог здабыць важныя 3 пункты:

Сярод іншых гульцоў, якія таксама робяць вынік – хаўбек атакі Конар Чаплін (13+8 па сістэме гол+пас), вінгер Натан Броўдхэд (13+4) і траўмаваны на сёння цэнтрфорвард Джордж Хёрст (6+6).

Яшчэ адзін цікавы рэцэпт поспеху «Іпсвіча» – удалыя арэнды. На правым крыле атакі выдатна ўключаецца арандаваны ў «Чэлсі» талент акадэміі «Арсенала» Амары Хатчынсан, злева пераважна на замену з'яўляецца Джэрэмі Сарміента з «Брайтана» (першую палову сезона правёў у «Вэст Броме»), а траўмаванага Хёрста замяніў ужо дасведчаны ў англійскам футболе Кіфер Мур, які ў свой час ужо выступаў за «Іпсвіч» і зімой прыехаў на правах арэнды з «Борнмута». На траіх яны сумарна зрабілі 27 выніковых дзеянняў.

Відовішчным футболам і наяўнасцю фантастычнага выніку каманда дорыць заўзятарам невымоўныя эмоцыі. Пасля надзвычай важнай перамогі над «Саўтгемптанам» у панядзелак з пераможным голам на 97-й хвіліне адзін з фанатаў «трактарыстаў» так радаваўся, што аж вывіхнуў плячо – а BBC нават узяў у яго каментар:

«Калі нам зноў удасца перамагчы такім чынам і перажыць такую эйфарыю, я б вывіхнуў і іншае плячо», – сказаў 20-гадовы Рэмі Мілз.

Вось што гэтая каманда значыць для заўзятараў.

У апошні раз «Іпсвіч» гуляў у англійскай прэм'ер-лізе ў сезоне 2001/02 – дык што, магчыма, яны ўжо гатовыя вярнуцца?

Самы вядомы фанат «Іпсвіча» і спонсар клуба – Эд Шыран

Магчыма, да чытання гэтага тэксту вы не ведалі ніводнага з гульцоў «Іпсвіча», не ведалі, хто такі Кіран Маккена, але дакладна чулі пра поп-спевака Эда Шырана. Прынамсі, мінімум дзясятак разоў вы чулі яго хіт «Shape of You».

Дык вось, Эд Шыран – даўні заўзятар і спонсар футбольнага клуба «Іпсвіч». Яшчэ ў дзяцінстве Эд часта наведваў матчы каманды на стадыёне і нават фатаграфаваўся ў форме «трактарыстаў».

Таксама ў дзяцінстве Шыран жыў у мястэчку Фрэмінгем, якое знаходзіцца ў 17 км ад Іпсвіча, і гуляў там за мясцовую каманду.

У 2019-м ён завяршаў сусветны тур менавіта ў Іпсвічы – і ў канцы канцэрта апрануў футболку «Фрэмінгема», якую адразу ж захацелі набыць сотні яго прыхільнікаў. Тады клуб, які ніколі нават не прадаваў уласны мерч, выпусціў лімітаваную калекцыю футболак з прозвішчам Шырана і выдатна зарабіў.

Пасля Шыран таксама быў спонсарам каманды дзяўчынак «Фрэмінгема» U-11, у якіх на форме быў намаляваны лагатып яго лэйбла Gingerbread Man Records. Менавіта тады, па словах Эда, ён і задумаўся: «А што калі б я стаў спонсарам «Іпсвіча»?

Спачатку Шыран проста спытаў у клуба, ці патрэбна ім спонсарства – а далей усё пайшло як трэба. Лагатып сусветнага тура спевака намаляваны на вонкавым баку формы як мужчынскай, так і жаночай каманд яшчэ з 2021-га, а супрацай, якую ўжо тройчы падаўжалі, задаволеныя ўсе бакі.

І пакуль клуб з кожным годам зарабляе ўсё большыя грошы з продажу гульнявой формы, «трактарысты» змагаюцца за павышэнне ў класе, а Эд Шыран працягвае рэгулярна наведваць матчы любімай каманды. На вышэйзгаданай гульні з «Саўтгемптанам» ён таксама прысутнічаў.

Фота: Ipswich Town/X, BBC, teddysphotos/Instagram, John Walton/PA Images

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты