Tribuna/Футбол/Блогі/10 найгоршых арэнд сезона ў топ-лігах

10 найгоршых арэнд сезона ў топ-лігах

Кепа ў «Рэале», Фаці ў «Брайтане» і іншыя.

2 красавіка, 16:14
10 найгоршых арэнд сезона ў топ-лігах

Да канца клубнага сезона засталося два месяцы. Улічваючы, што летам нас чакаюць кантынентальныя турніры, для гульцоў гэта час праявіць свае найлепшыя якасці. Часам добрым спосабам для гэтага з'яўляецца арэнда ў пошуках гульнявой практыкі. Хтосьці пачаў думаць пра свае перспектывы яшчэ ўлетку, а хтосьці задумаўся пра гэта толькі ў студзені. Але такія дзеянні не заўжды даюць плён.

10. Хаакін Карэа, «Інтэр» → «Марсель»

29-гадовы аргенцінец крыху нечакана сышоў у арэнду ў французскі клуб у жніўні мінулага года. Так, Хаакін не стаў асноўным у «Інтэры» Сімонэ Індзагі, але стабільна быў адным з першых выбараў на выхад з лавы. У мінулым сезоне адгуляў 40 матчаў ва ўсіх турнірах, дапамог камандзе голам і двума асістамі на шляху да фінала ЛЧ.

Карэа, напэўна, думаў, што ў «Марселі» сітуацыя зменіцца, што ён будзе стабільным гульцом асновы, але, здаецца, стала яшчэ горш. У снежні-студзені ён не гуляў праз траўму, але і здаровы рэдка выходзіць нават на замену. У 2024-м у яго крыху больш за 20 хвілін за «Марсель», нуль галявых дзеянняў і сумарна ўсяго 15 матчаў у сезоне. На вяртанне ў зборную пакуль цяжка разлічваць.

9. Ансу Фаці, «Барселона» → «Брайтан»

Хто мог уявіць два-тры гады таму, што юная зорка «Барселоны» апынецца ў «Брайтане»? Ён пачынаў сезон у складзе каталонскага клуба, нават паспеў паўдзельнічаць у трох матчах, але 1 верасня 2023-га было абвешчана, што Ансу будзе гуляць у клубе АПЛ на правах сезоннай арэнды.

Гэты крок здаваўся выгадным для ўсіх бакоў. Раберта Дэ Дзербі атрымаў гульца з імем, якое вядома ва ўсім свеце, «Барселона» крыху разгрузіла склад, зняўшы з Хаві пытанне ад журналістаў, чаму Фаці не гуляе ў старце, а сам гулец атрымаў шанец праявіць сябе ў найлепшай лізе свету і набраць форму.

Аднак пакуль што заход у «Брайтан» не выглядае вельмі ўдалым. Так, у Фаці ўжо назапасілася 26 матчаў ва ўсіх турнірах, у якіх ён нават забіў 4 мячы і зрабіў 1 асіст, але іспанец не стаў важным гульцом для Дэ Дзербі. У матчах АПЛ трэнер аддае перавагу таму, каб пачынаць без Фаці на полі.

Яму ўсяго 21, але будучыня Ансу на топ-узроўні ўсё яшчэ выклікае сумневы. Каб вярнуцца ў «Барселону» і зноў быць важнай часткай каманды, яму неабходна добра папрацаваць над сабой і паспрабаваць пазбегнуць траўм (дарэчы, у гэтым сезоне яны ў яго былі).

8. Кепа Арысабалага, «Чэлсі» → «Рэал»

7 «сухіх» матчаў і 18 прапушчаных галоў у 18 сустрэчах, магчыма, і выглядалі б нармальным вынікам для любога арандаванага брамніка, але тут важны кантэкст. Кепа – брамнік з імем, які перайшоў з аднаго топ-клуба ў іншы. Яго арэнда была нечаканай, але яшчэ больш нечаканым стала развіццё далейшых падзеяў.

Карла Анчалоці, напэўна, рады, што журналісты больш не пытаюцца яго пра тое, хто будзе асноўным брамнікам мадрыдцаў у найбліжэйшым матчы. А ўсё таму, што Кепа канчаткова прайграў канкурэнцыю Андрэю Луніну.

Тут вялікая заслуга і самога ўкраінца, але наўрад ці іспанец патрапіў бы ў серыю з 12 матчаў на лаўцы, калі б уражваў у браме «Рэала». Некалькі памылак ставяць крыж на яго кар'еры ў Мадрыдзе і ўзнімаюць пытанне пра тое, а ці патрэбны ён будзе «Чэлсі» па вяртанні з арэнды.

7. Джавані Рэйна, «Баруcія» Д → «Нотынгем»

На скрыншоце пазначана статыстыка выступленняў у гэтым сезоне за два клубы

Вы яшчэ не забылі пра такога хлопца? Амерыканцу ўсяго 21, але ёсць імавернасць, што ўсё найлепшае ў яго выкананні на футбольным полі мы ўжо ўбачылі.

Рэйна прапусціў пачатак сезона ў «Барусіі» праз траўму малоберцовой косткі, а калі аднавіўся, то не змог стаць гульцом асновы. Тэрзіч давяраў яму ў асноўным толькі выхады на замену, а часам Джавані наогул праводзіў увесь матч на лаўцы.

У студзені клуб і гулец вырашылі, што ім варта на нейкі час разысціся – Рэйна прыняў прапанову «Нотынгема» дагуляць сезон у АПЛ на ўмовах арэнды. Аднак і ў Англіі справы ідуць кепска. Мусіць, нават горш, чым у Дортмундзе. Рэйна не праходзіць у аснову каманды, якая вядзе барацьбу за выжыванне. За два месяцы ў яго ўсяго 68 хвілін у Прэм'ер-лізе, нуль выхадаў у аснове, а ў апошніх трох матчах ён увогуле не з'яўляўся на полі, прычым двойчы не патрапіў нават у заяўку.

6. Дзівок Арыгі, «Мілан» → «Нотынгем»

Бельгіец назаўжды застанецца ў памяці заўзятяраў «Ліверпуля» – за дубль «Барселоне» ў паўфінале і гол «Тотэнхэму» ў фінале ЛЧ 2018/19. Але калі гулец, якому, дарэчы, толькі 28, усё яшчэ хоча быць заўважным, то надышоў час пачаць штосьці рабіць на футбольным полі.

Арыгі не ўразіў у мінулым сезоне, калі перайшоў у «Мілан» на правах вольнага агента (усяго 2 галы ў 36 матчах), хаця і раней ён не дэманстраваў высокай выніковасці. Таму арэнда ў «Нотынгем» выглядала як крок да вызначанасці – знаёмая ліга, каманда, у якой яму, здавалася б, па сілах выйграць канкурэнцыю за месца ў аснове.

На календары ўжо красавік, а Дзівок агулам не нагуляў нават 700 хвілін за «леснікоў». На яго рахунку адзін гол у Кубку лігі і адзін асіст у чэмпіянаце. Ён прапускае амаль палову матчаў каманды ў сезоне, і справа не ў траўмах – проста не праходзіць у склад, часам нават не трапляе ў заяўку.

5. Ренату Саншэш, «ПСЖ» → «Рома»

Не будзем выдзяляць цэлы абзац на тое, каб у чарговы раз расказаць пра няспраўджаныя чаканні адносна партугальца пасля Еўра-2016. Тут сцісла: Рэнату праваліўся ў арэндзе ў «Роме».

Але ў адрозненне ад Арыгі, у Саншэша ўсё ж такі ёсць частковае апраўданне. Ажно 20 матчаў ва ўсіх турнірах гэтага сезона ён прапусціў праз розныя траўмы. Іншая справа, што калі ён здаровы, то наогул не ўражвае – ні пад кіраўніцтвам Маўрынью (быў матч, калі Жазэ выпусціў хаўбека на замену, а праз 18 хвілін замяніў), ні пад кіраўніцтвам Дэ Росі. Італьянец так і ўвогуле даў Рэнату пакуль усяго 4 хвіліны.

Партугальцу 26, але цалкам магчыма, што іншага шанцу замацавацца ў знакамітым клубе ён больш не атрымае. Так, у яго кантракт з «ПСЖ» аж да лета 2027-га, але калі траўмы так і будуць працягваць яго даймаць, а сам гулец не будзе эфектыўным у дні, калі ён здаровы, то арэнды ў клубы-сярэднякі топ-ліг будуць для Саншэша столлю.

4. Фабіу Карвалью, «Ліверпуль» → «Лейпцыг»

На скрыншоце пазначана статыстыка выступленняў у гэтым сезоне за два клубы

Улетку 2022-га здавалася, што «Ліверпуль» правёў бліскучы трансфер, падпісаўшы за адносна невялікія грошы (6 млн еўра) аднаго з самых перспектыўных паўабаронцаў Еўропы. Але скачок ва ўзроўні каманды і лігі (пераходзіў з «Фулхэма», які толькі што падняўся з Чэмпіёншыпа) аказаўся занадта рэзкім для партугальца. Пераможны гол у матчы супраць «Ньюкасла» на 90+8-й хвіліне пакуль што застаецца галоўным хайлайтам Фабіу ў футболцы мерсісайдцаў.

Мінулым летам «Ліверпуль» вырашыў адправіць гульца ў арэнду ў «Лейпцыг». Выдатны варыянт – клуб Лігі чэмпіёнаў, але не настолькі топавы, каб футбаліст мог толькі марыць пра стабільнае месца ў аснове. Аднак і ў Германіі справы пайшлі дрэнна. Марка Розэ даваў шанцы (нават у ЛЧ), але Фабіу імі не скарыстаўся. У першай палове сезона максімумам для партугальца былі выхады на апошнія хвіліны.

Гэта не вельмі задавальняла і «Ліверпуль», таму ў студзені клуб адклікаў гульца, каб адправіць у новую арэнду. Цяпер Карвалью гуляе за «Хал» у Чэмпіёншыпе і там ужо паспеў забіць 4 мячы ў 11 матчах. Няўжо гэта адзіная ліга, у якой ён здольны ззяць?

3. Серхіа Рэгілон, «Тотэнхэм» → «МЮ»

На скрыншоце статыстыка выступленняў у гэтым сезоне за два клубы

Яшчэ адзін футбаліст, арэнду якога спынілі ў студзені. Праўда, такі пункт пра датэрміновае вяртанне Рэгілона быў прапісаны ў пагадненні паміж лонданцамі і манкуніянцамі.

Серхіа ўжо некалькі гадоў гуляе за каманды топ-ўзроўню («Рэал», «Тотэнхэм», «Атлетыка»), але ўсё яшчэ не можа знайсці сваё месца і стабільнасць. Арэнда ў «МЮ», пра якую некалькі нечакана было абвешчана 1 верасня, магла стаць адпраўным пунктам для іспанца. Але ўсё пайшло не так, як хацелі манкуніянцы і сам гулец.

Серхіа часцей выходзіў з замен, чым са старту, а калі тэн Хаг давяраў яму месца ў аснове, гэта нярэдка заканчвалася праваламі для каманды – згадаць хаця б 4 галы ад «Баварыі» і па 3 ад «Брайтана» і «Борнмута». У другой палове снежня Рэгілон правёў усяго 7 хвілін у чатырох матчах, таму ўжо праз некалькі тыдняў бакі вырашылі разысціся.

Цяпер футбаліст гуляе ў арэндзе за «Брэнтфард». У яго была серыя матчаў у аснове, але ў апошні час ён зноў засеў на лаву.

2. Саша Калайджыч, «Вулверхэмптан» → «Айнтрахт»

На скрыншоце статыстыка выступленняў у гэтым сезоне за два клубы

Магчыма, вы назавеце несправядлівым тое, што Калайджыч заняў другое месца ў нашым рэйтынгу. Усё ж такі тут не такая сітуацыя, як у «канкурэнтаў». Але калі разглядаць гэтую арэнду ў плане выгады для ўсіх бакоў, то нельга не пагадзіцца з тым, што пацярпеў не толькі гулец, але і абодва клубы.

А справа вось у чым. У студзені «Айнтрахт» абвясціў, што бярэ форварда «Вулверхэмптана» ў арэнду да канца сезона. У жніўні мінулага года Саша толькі аднавіўся ад другога разрыву «крыжоў» у сваёй кар'еры, нават аформіў гол у АПЛ. Але потым стаў не вельмі патрэбным галоўнаму трэнеру, таму вярнуўся ў Бундэслігу (раней гуляў за «Штутгарт») за гульнявой практыкай. У складзе франкфуртцаў вызначыўся голам і асістам у першых матчах, пакуль у сярэдзіне лютага зноў не парваў «крыжы».

На афіцыйным сайце «Айнтрахта» наўпрост напісалі, што за іх каманду ён больш не згуляе. У выніку – 26-гадовы форвард у трэці раз будзе лекаваць цяжкую траўму, франкфуртцы страцілі гульца, які павінен быў узмацніць іх у другой частцы сезону, а «Вулвз» зноў чакаюць аднаўлення футбаліста, за якога яшчэ ў 2022-м заплацілі 18 млн еўра , але які згуляў за іх усяго 14 матчаў.

1. Кэлвін Філіпс, «Манчэстэр Сіці» → «Вэст Хэм»

На скрыншоце статыстыка выступленняў у гэтым сезоне за два клубы

Адзін з самых дзіўных трансфераў «Манчэстэр Сіці» за апошнія гады. Дагэтуль застаецца загадкай, навошта клуб заплаціў 50 млн еўра за футбаліста, не пасуе Пепу. Не сказаць, што трэнер моцна хацеў даваць шанец 28-летняму англічаніну, але нейкі гульнявы час у складзе каманды з ідэальна адладжаным узаемадзеяннем Кэлвін такі атрымліваў. Але не ўражваў.

Арэнда ў «Вэст Хэм» патрэбна была перш за ўсё самому гульцу. Усвядоміўшы, што на двары студзень, а ў яго няма стабільнай гульнявой практыкі за некалькі месяцаў да Еўра-2024, Філіпс вырашыў змяніць топ-клуб на клуб-сярэдняк. Але і тут у яго пакуль не ідзе. У складзе «малатабойцаў» ён толькі тройчы выходзіў у старце на матч АПЛ. І нешта падказвае, што гэтая лічба можа застацца той жа самай і пасля 38-га тура.

Дэвід Моес казаў, што паўабаронцу «трэба супакоіцца і працягваць працаваць», аднак ва ўмовах барацьбы ў АПЛ трэнер не можа дазволіць гульцу дэманстраваць дрэнную форму на працягу працяглага перыяду. Моес дараваў яму чырвоную картку ў паядынку супраць «Нотынгема». Але ў гульні з «Бёрнлі» Кэлвін памыліўся і быў заменены ў перапынку, а наступны матч з «Астан Вілай» наогул правёў у запасе. Яшчэ большым правалам стала гульня супраць «Ньюкасла». Філіпс выйшаў на замену, калі яго каманда вяла 3:1, але ўжо праз некалькі хвілін сфаліў супраць Гордана – пенальці, які пачаў эпічны камбэк «сарок», якія ў выніку перамаглі 4:3.

Пра ўдзел на Еўра-2024 Кэлвін цяпер можа толькі марыць, тут хаця б у склад «Вэст Хэма» трапляць.

Фота: Jeff Mood/Global Look Press, James Whitehead/Global Look Press, Maurizio Borsari/Global Look Press, Tom Weller/Global Look Press, Daisuke Nakashima/Global Look Press, «Нотынгем»

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты