Tribuna/Футбол/Блогі/Хаві і «Барселона» паспяшаліся – і ў клуба, і ў трэнера няма лепшых варыянтаў для будучыні

Хаві і «Барселона» паспяшаліся – і ў клуба, і ў трэнера няма лепшых варыянтаў для будучыні

Прынамсi пакуль.

18 сакавіка, 17:00
Хаві і «Барселона» паспяшаліся – і ў клуба, і ў трэнера няма лепшых варыянтаў для будучыні

Рашэнне Хаві сысці ў адстаўку з пасады галоўнага трэнера «Барселоны» пасля завяршэння сезона, якое ён агучыў пасля феерычнай паразы дома ад «Вільярэала» (3:5) у канцы студзеня, усё больш падаецца памылкай, якая была правакавана эмоцыямі. Той матч быў эмацыйнымі арэлямі: 0:2, 3:2, 3:5 з вырашальнымі галамі не на карысць каталонцаў у кампенсаваны час.

Цяпер, амаль праз два месяцы, ды яшчэ пасля разгромнай перамогі «Барсы» ў гасцях над «Атлетыка» (3:0), усё мацней адчуванне, што Хавi трэба заставацца. Але, на жаль, калі нядаўна ў яго спыталі, ці не перадумаў ён, адказ быў: «Мая будучыня не зменіцца – я сыду пасля сезона».

Ён можа не выйграць з «блаўгранас» ЛЧ, так і не дагнаць «Рэал» у чэмпіянаце (цяпер адставанне складае 8 ачкоў). У гэтым сезоне «Барселона» гуляе нестабільна, дэманструючы кульгавы футбол. Але, нягледзячы на гэта, найлепшай заменай Хаві ў «Барсе» ўсё роўна будзе Хаві.

«Барселона» – гэта ўжо даўно не элегантная цікі-така. Яе не было нават у апошнія гады Месі ў клубе. Арыентаванасць на вынік прынесла «блаўгранас» тытул у мінулым сезоне – 11 з 28 перамог былі здабытыя з лікам 1:0. Калісьці такі падыход павінен быў даць збой – і ён адбыўся ў цяперашнiм сезоне. Але каманда па-ранейшаму знаходзіцца ў пошуку сваёй новай ідэі, а Хаві ўсё яшчэ вучыцца.

Пры гэтым нельга не адзначыць іншы бок працы Хаві – яго жаданне прыцягваць гульцоў акадэміі. За апошні год Хаві адкрыў футбольнаму свету таленты Ламіна Ямаля, Пау Кубарсі, Эктара Форта, Марка Гіу. З гульцоў, якія менш гуляюць, але ўжо засвяціліся – Марк Касада, Анхель Аларкон, Алеіш Гарыда. Цалкам верагодна, што далёка не ўсе з гэтага спісу стануць будучыняй «Барселоны», але менавіта гэты падыход калісьці прывёў каталонцаў да дамінавання ў Еўропе. Будучыня «блаўгранас» – не за Левандоўскім, Гюндаганам ці Маркасам Алонса. Будучыня – за моладдзю, і за працу ў гэтым кірунку Хаві заслугоўвае высокай адзнакі. Ён мае вялікі ўплыў на дасведчаных гульцоў, яшчэ большы – на юных футбалістаў. Рэакцыя на заяву пра звальненне пацвярджае гэта – акрамя цёплых слоў ад гульцоў, цяпер каталонцы вядуць серыю з дзесяці матчаў без параз (7 перамог і 3 нічыіх).

Улічваючы абставіны, якія не залежаць ад трэнера непасрэдна, іспанцу можна прад'явіць яшчэ менш прэтэнзій. Перамога ў Ла Лізе і выйгрыш Суперкубка Іспаніі за пару сезонаў здаюцца добрым вынікам на фоне фінансавых праблем, калі ты не ведаеш, ці зможаш выкарыстоўваць навічкоў у стартавых турах сезона, а таксама не можаш быць упэўненым у тым, што наступным летам табе падпішуць гульцоў, якія змогуць даваць вынік тут і зараз.

Калі ў студзені заява пра адстаўку ўспрымалася як падарунак для кіраўніцтва «Барселоны» (не трэба было рабіць заяву пра звальненне легенды, якую паважаюць заўзятары), то цяпер для босаў каталонскага клуба гэта становіцца праблемай. Галоўнае пытанне – хто зможа замяніць Хаві. Але не проста замяніць, а замяніць якасна, з гарантыяй, што гульня стане больш прывабнай i будзе прыносiць трафеі. Інакш навошта ўсё гэта?

Мічэл, Флік, Кансейсау, Тухель, Нагельсман, Дэ Дзербі, Амарым – няпоўны спiс трэнераў, якiх звязвалі з «Барселонай» за апошнія два месяцы. Аднак усе яны – каты ў мяшку, якія маюць моцныя бакі, але i вялiкую верагоднасць пацярпець няўдачу на гэтым месцы працы па розных прычынах. Камусьці складана будзе адаптавацца на новым узроўні і справіцца з ціскам і атмасферай, на якія скардзілiся Хаві і яго папярэднікі Куман і Вальвердэ. Хтосьці – згубіцца ў новым для сябе чэмпіянаце. Хтосьці – страціць кантроль над раздзявальняй ужо да кастрычніка.

Жэрар Піке на днях назваў ідэальных кандыдатаў на ролю новага трэнера каталонцаў: «Каб узначаліць «Барсу», трэба быць трэнерам пэўнага тыпу і разумець, як гуляе «Барса», таму варыянтаў значна менш. Самыя відавочныя з іх – Гвардыёла, таму што ў яго было мінулае ў клубе, ён найлепшы трэнер на дадзены момант, і Артэта». Сапраўды – выдатныя кандыдаты. Ці рэальна іх зацягнуць у гэтую «Барселону»? Смешна. Дэку адкрыта заяўляе, што цяпер клуб не можа «даць сродкі, каб выйграць усё тут і цяпер», а гэта значна ўразае спіс трэнераў, якіх можна будзе завабіць у каталонскі клуб.

Варта адзначыць, што і для самога Хаві працягнуць кар'еру менавіта ў «Барселоне» здаецца аптымальным варыянтам. Цяжка ўявіць, што ён пагодзіцца ўзначаліць умоўны «Рэал Сасьедад», «Лейпцыг», «Лацыа» або «Ньюкасл». Ці зможаце назваць топ-клуб, для якога Хаві будзе прыярытэтным варыянтам у працэсе выбару новага трэнера?

«Я сыходжу, бо зразумеў, што праца трэнерам «Барселоны» гэтага не вартая. Ты штодня змагаешся супраць усяго, гэта вымотвае, ты не можаш атрымліваць асалоду ад жыцця. Я бачыў, як трэнеры пакутавалі і адчувалі цяжкасці ў гэтым клубе, нават калі перамагалі. Трэнеры выйгравалі Лігу чэмпіёнаў, але іх падвяргалі сумневу. У іншых краінах – Англіі, Германіі ці Італіі – можна атрымліваць асалоду ад працэса. Тут… Не думаю», – казаў Хаві ў лютым.

Але ў той жа час ён павінен разумець, што ні ў адным іншым вялікім клубе ў яго не будзе такой падтрымкі заўзятараў, якая ёсць у «Барселоне». Хаві – каталонскае сэрца, якому даравалі і даруюць шмат памылак з-за яго працяглай сувязі з клубам. І сцвярджэнне, што ў Англіі, Германіі ці Італіі можна атрымліваць асалоду ад працэса – гэта нешта ў стылі «Добра там, дзе нас няма». Хай спытае Тухеля, Нагельсмана, Контэ, Маўрынью і многіх іншых. Пазбавіцца ад ціску можна толькі ў выпадку, калі трэнер апусціць сваю планку і вырашыць паспрабаваць свае сілы ў клубе-сярэдняку ці клубе з Саудаўскай Аравіі. Але ці адпавядае гэта амбіцыям Хаві?

І «Барселона», і Хаві набліжаюцца да моманту складанага выбару сваёй будучыні. Цяпер здаецца, што ідэальным рашэннем для абодвух бакоў будзе зрабіць крок назад, прааналізаваць няўдачы і крыху змяніцца, удасканальваючыся ў сваіх зонах адказнасці.

Так, калі яны ўсё ж працягнуць супрацоўніцтва, у сацсетках з кіраўніцтва клуба зноў пасмяюцца, а Хаві трэба будзе адказаць на некалькі нязручных пытанняў на прэс-канферэнцыях. Але ў каталонцаў ужо некалькі гадоў ёсць праблемы важнейшыя, на фоне якіх генераванне мемаў выглядае дробяззю.

Фота: S. Ros/Global Look Press, Daisuke Nakashima/Global Look Press

Найлепшае ў блогахБольш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты