Tribuna/Футбол/Блогі/Хто гэтыя дзеці, якія ратуюць апошні сезон Клопа ў «Ліверпулі»

Хто гэтыя дзеці, якія ратуюць апошні сезон Клопа ў «Ліверпулі»

Выйгралі фінал Кубка Лігі і прайшлі далей у Кубку Англіі.

1 сакавіка, 13:30
Хто гэтыя дзеці, якія ратуюць апошні сезон Клопа ў «Ліверпулі»

«Ліверпуль» працягвае рабіць апошні сезон Юргена Клопа ў клубе незабыўным – у мінулую нядзелю каманда ў драматычным матчы забрала фінал Кубка англійскай лігі, а цяпер сярод тыдня прайшлі далей і ў Кубку Англіі.

А гэта значыць, што «чырвоныя» дагэтуль у актыўнай барацьбе за перамогу ва ўсіх турнірах, у якіх удзельнічаюць у гэтым сезоне. Каманда Клопа сёння першая ў АПЛ і ў плэй-оф Лігі Еўропы – і наступныя пару месяцаў будуць вырашальнымі.

Дзіўна, што «Ліверпуль» пакуль трымаецца ў гэтай шалёнай гонцы, нават нягледзячы на тое, што праз траўмы выпала ажно 13 гульцоў (!) асновы – менавіта столькі футбалістаў прапусцілі матч супраць «Саўтгемптана».

Такая колькасць пашкоджанняў прымушае Клопа напоўніцу выкарыстоўваць сілы клубнай акадэміі, прычым рабіць гэта з поспехам – у Вялікабрытаніі ўжо стала віруснай фраза Гары Нэвіла падчас каментара фіналу супраць «Чэлсі»: «Гэта былі дзеці Клопа супраць сініх лузераў (blue bottle jobs у арыгінале) коштам 1 мільярд фунтаў стэрлінгаў».

Дык хто гэтыя дзеці, якія смела выйшлі на «Чэлсі», а затым яшчэ і разбілі «Саўтгемптан» на тыдні? Распавядзем крыху пра кожнага з іх.

З удакладненнем: Харві Эліат таксама мог бы лёгка патрапіць у гэтую падборку (яму ўсяго 20), але ён і так ужо некалькі сезонаў у асноўнай абойме клуба. А Бэн Доак (18 гадоў) хоць і быў запатрабаваны на старце сезона, але прапусціў гэты ключавы перыяд праз траўму – яго час прыйдзе пазней.

Самы дасведчаны з гэтай кагорты гульцоў, з пяці гадоў у сістэме «Ліверпуля» – Куанса пачаў трапляць нават у аснову каманды яшчэ ўлетку, калі стала ясна, што «Ліверпуль» не збіраецца ісці за новым цэнтральным абаронцам на трансферным рынку.

«Ён фантастычны талент, і з моманту дэбюту ён развіваецца шалёнымі тэмпамі», – так яго, напрыклад, ахарактарызаваў Вірджыл Ван Дэйк. Нядзіўна, бо па прафайле Куанса якраз больш падобны менавіта да нідэрландскага капітана – з высокай хуткасцю і ўпэўненай гульнёй на другім паверсе. А яшчэ гэта з адрывам найлепшы цэнтральны абаронца каманды па дакладнасці перадач – 88% супраць 77% у Канатэ і 75% у Ван Дэйка.

Гэта той самы выпадак, калі гулец пачынае ўсё лепш сябе адчуваць, калі ўжо знаходзіцца ў першай камандзе – восем месяцаў таму, калі Куанса вярнуўся з арэнды ў «Брысталі», ніхто не чакаў такога прарыву. Сёння ён актыўна выкарыстоўваецца Клопам і з'яўляецца адным з фактараў таго, што якраз у цэнтральнай лініі абароны і Ван Дэйк, і Канатэ маюць магчымасць атрымаць адпачынак і не зламацца.

Таксама ўнікальны факт – пасля таго, як Куанса адзначыўся голам супраць «Юніёна» ў Лізе Еўропы, заўзятары склалі поўны англійскі алфавіт з гульцоў, якія забівалі за «Ліверпуль».

Некаторыя заўзятары «Ліверпуля» даўно прасілі ў сацсетках у кіраўніцтва купіць новага гульца на правы фланг абароны – для канкурэнцыі Трэнту Аляксандру-Арнольду і, магчыма, пераводу віцэ-капітана на пазіцыю ў цэнтр паўабароны (што ўжо рэгулярна робяць у зборнай Англіі).

Але зноў жа рашэнне паспела ў акадэміі – у 2024-м у стартавы склад імкліва ўварваўся Конар Брэдлі. Яшчэ ў мінулым сезоне яго прызналі найлепшым гульцом «Болтана» – у 19 ён быў зоркай англійскай Лігі 1. У «Ліверпулі» ж яго час прыйшоў у матчах супраць топаў – у Кубку Англіі выйшаў на замену супраць «Арсенала» і праз некалькі хвілін патушыў агонь на флангу, які спрабаваў распаліць Габрыэль Марцінэлі – у бразільца пасля выхаду Конара нічога не атрымлівалася.

Яшчэ лепшую гульню Брэдлі правёў супраць «Чэлсі» ў чэмпіянаце – дэбютны гол за клуб разам з асістам (самы малады гулец «Ліверпуля» з гол+пас ад часоў Рахіма Стэрлінга ў 2014-м). Сам заўзятар «Ліверпуля» з 5 гадоў, Брэдлі настолькі ўразіў фанатаў, што яго прызналі найлепшым гульцом студзеня ў клубе.

Абсалютна бясстрашны на полі.

Юрген Клоп: «Я ведаў пра яго ўжо некаторы час. Пра яго ўвесь час казаў ў маё левае вуха Пеп Лэйндэрс, а ў правае вуха – Вітор Матас. Але мяне не трэба было доўга пераконваць.

Як ён гуляе, як ён выглядае – гэта цудоўная гісторыя. Я разумею, чаму ўсе фанаты так гучна адрэагавалі [на гол «Чэлсі»]. Гэта было выдатна, ён гэтага заслугоўвае, я вельмі рады за яго».

Гэта літаральна малодшы Эндзі Робертсан на супрацьлеглым флангу.

Ужо пасля сваіх зорных выступаў Брэдлі на два тыдні знік са складу – у яго праз некалькі дзён пасля гульні з «Чэлсі» памёр бацька. Але па вяртанні стаў гэткім жа жалезным гульцом асновы. Брэдлі зарадзіў каманду ў другім тайме супраць «Лутана» сваімі рыўкамі і адгуляў фактычна гадзіну супраць «Чэлсі» ў Кубку Лігі на пазіцыі крайняга форварда – іншых варыянтаў у Клопа не было.

І гэта ўжо сур'ёзнае пытанне – што будзе рабіць трэнер, калі пасля траўмы вернецца Трэнт.

Бобі Кларк, 19 гадоў

Калі Куанса і Брэдлі яшчэ да фіналу супраць «Чэлсі» ўжо былі навідавоку, то далей ідуць толькі людзі, чые прозвішчы пачалі актыўна вывучаць у мінулым месяцы.

Можа прагучаць суб'ектыўна, але больш за ўсіх вылучаецца цэнтральны паўабаронца Бобі Кларк. Яго культура паводзін з мячом, яго культура пасу, пластычнасць і нацэленасць на атаку – усё гэта вельмі рэзануе з філасофіяй «Ліверпуля» і прадказвае добрую будучыню ў клубе пры далейшым развіцці.

Кларк дэбютаваў у асноўнай камандзе яшчэ ў 2022-м – Клоп выпусціў яго на апошняй хвіліне разгрому «Борнмута» (9:0).

Але сёння гэта значна больш сталы выканаўца, які падкупляе ўпэўненасцю ў сабе. У лютым супраць «Саўтгемптана» менавіта Кларк вёў за сабой паўабарону і аформіў якасны асіст. На дзіцячым узроўні ён гуляў у сістэме «Бірмінгема» – у адной узроставай групе з малодшым братам Джуда Белінгема Джобам (сам Джуд быў на пару ступеняў вышэй у каманднай іерархіі, але хлопцы паміж сабой моцна сябравалі). Затым быў «Ньюкасл» – усё гэта крокі ўслед за марамі бацькі Лі Кларка, які паспяхова гуляў у АПЛ і Чэмпіёншыпе ў 2000-х.

Але калі Бобі адчуў, што трэба сыходзіць з «Ньюкасла», сярод усіх клубаў на рынку найбольш актыўным быў «Ліверпуль» – і заплаціў за маладога 750 тысяч фунтаў (з бонусамі – 1,5 млн). Хаця бацька Бобі згадвае, што вырашальнай стала асабістая сустрэча маладога гульца з Юргенам Клопам і Алексам Інглеторпам, кіраўніком акадэміі «чырвоных».

Ужо не дарма – Бобі Кларк у нядзелю ўзяў першы дарослы трафей у кар'еры, чым моцна расчуліў бацьку:

«Я намагаўся больш за 20 гадоў і ніколі не выйграваў трафей – а ён гэта ўжо зрабіў у свае 19».

Яшчэ адзін прадстаўнік цэнтра паўабароны. Джэймс Макконэл з'явіўся ў акадэміі «Ліверпуля» 15-гадовым, калі прыехаў з «Сандэрленда». Да сезону 2023/24 ён ужо настолькі абжыўся, што менавіта Макконэл – капітан моладзевай каманды і даўно разглядаўся як адзін з першых кандыдатаў на павышэнне ў аснову.

Макконэл дэбютаваў за клуб супраць «Тулузы» ў Лізе Еўропы. Але сярод усіх выхадаў на замену самым паспяховым быў матч менавіта супраць «Чэлсі». Яго кінулі супраць хоць і ўжо стомленых, але ўсё яшчэ 250-мільённых Энца і Кайседа – і Макконэл разам з Кларкам дамінавалі супраць іх увесь авертайм.

За гэтыя 33 хвіліны ніхто на полі не зрабіў больш перадач (34) з дакладнасцю ў 87%, перадач у апошняй траціну поля (15), ці дотыкаў мяча (47). Разумны і стрыманы, Макконэл вёў за сабой малодшых партнёраў, як і ў моладзевай лізе.

Сам Макконэл да апошняга сезону лічыўся больш скіраваным на атаку, але ўлетку Клоп і Інглеторп разглядзелі ў ім задаткі апорнага паўабаронцы – і ён выконвае фактычна такую ж ролю, як і Алексіс Мак Алістэр у асноўнай камандзе ў моманты, калі на поле няма Ватару Энда. Дынамічны і вельмі актыўны ў прэсінгу.

Луі Кумас, 18 гадоў

Кумас дэбютаваў за «Ліверпуль» у матчы з «Саўтгемптанам» – і яму хапіла менш за тайм, каб з пазіцыі левага вінгера адкрыць лік забітым мячам за клуб.

З якасным асістам ад Кларка:

Гэта даволі папулярны паварот ў гэтым тэксце, але бацька Луі – Джэйсан Кумас – таксама быў актыўным прафесійным футбалістам і нават гуляў за зборную Уэльса. Луі ж патрапіў у сістэму «Ліверпуля» у 11 – і стаў чацвёртым самым маладым гульцом у 132-гадовай гісторыі клуба, які забіў у сваім дэбюце.

У дзяцінстве ён нагульваўся ў паўабароне, але трэнеры «Ліверпуля» пасля некалькіх гадоў назіранняў вырашылі, што ў тройцы атакі ён будзе нашмат больш карысным. У гэтым сезоне Кумас ужо афоорміў 15 галоў за моладзевую каманду і працягвае прагрэсаваць у гэтым напрамку.

«Луі заўсёды сябе крытыкаваў, – узгадвае адзін з яго трэнераў Дэні Харт. – Ён заўсёды расчароўваўся ў сваіх выступах і заўсёды хацеў быць яшчэ лепшым. Часам ён сыходзіў з поля з апушчанай галавой, і я мусіў казаць: «Луі, вышэй нос, ты ўсё ж двойчы забіў і двойчы асіставаў сёння».

Для Джэйдэна Дэнса ўвогуле проста зорны тыдзень – 3 матчы, 2 галы і 1 трафей. Найлепшага для 18-гадовага нападніка і жалаць нельга. Цудоўныя два галы «Саўтгемптану» – першы пасля адкрыцця і элегантнага перакіду брамніка:

У другім спрацаваў сапраўдны інстынкт форварда:

Сярод маладых да Джэйдэна прыкавана яшчэ крыху больш увагі – ён жа не проста выхаванец акадэміі з 8 гадоў, ён сам родам з Ліверпуля.

Вельмі важны момант для горада, які ганарыцца тым, што ўжо некалькі дзесяцігоддзяў у складзе каманды амаль кожны сезон ёсць нехта з Ліверпуля.

Той жа Трэнт ужо атрымаў культавы статус у клубе. Ці будзе такое ў Дэнса – убачым, але пакуль уражвае, як пластычна ён выглядае на полі, нягледзячы на свае даволі вялікія габарыты. З тэхнікай усё ў парадку – яго нават адзін час у акадэміі параўноўвалі з Раберта Фірміна, бо Джэйдэн любіў адцягвацца глыбока назад за мячом. І так, яго бацька – таксама прафесійны футбаліст, Ніл Дэнс выступаў за «Болтан», «Лестэр», «Бірмінгем» і іншыя знаёмыя нам англійскія клубы.

І нават гуляў на адным полі супраць Джэйсана Кумаса – фотка супрацьстаяння бацькоў гульцоў, якія забілі ўсе тры мячы «Саўтгемптану», стала папулярнай у ноч на чацвер на матыў «Адчуйце сябе старымі»:

«Я прайшоў усю акадэмію з Луі Кумасам, таму вельмі чакаў, каб ён забіў, – сказаў малодшы Дэнс пасля «Саўтгемптана». – Мы выраслі разам, неверагодна бачыць, як ён забівае, і яшчэ лепшае пачуццё потым забіць і самому».

Пасля матча з «Лутанам» да Клопа і Дэнса нечакана падышоў галоўны трэнер гасцей Роб Эдвардс, крыкнуў: «Я гуляў супраць яго бацькі!», чым прымусіў шчыра засмяяцца нямецкага трэнера:

У Дэнсаў таленавітая сям'я – сястра 13-гадовая Хайла прадстаўляла Вялікабрытанію на дзіцячым Еўрабачанні ў лістападзе. Яна пайшла шляхам дзядулі, які ў 1987-м быў бэк-вакалістам і танцорам падчас выступу Вялікабрытаніі на дарослым Еўрабачанні. Хаця самы вялікі яго тытул – чэмпіён Еўропы па скейтбордынгу!

Але ў самога Джэйдэна – яшчэ вялікі шлях у футболе. Хаця легенды клуба ўжо ў захапленні.

Трэй Ньёні, 16 гадоў

Чаканне яго дэбюту падагравалася ў прэсе і сярод заўзятараў – здавалася, Клоп рызыкне яшчэ ў матчы супраць «Чэлсі», але там Трэй застаўся ў запасе.

Аднак выйшаў супраць «Саўтгемптана» – і стаў самым маладым гульцом у гісторыі «Ліверпуля» ў Кубку Англіі. І ўвогуле трэцім самым маладым у агульнай гісторыі клуба.

16 гадоў 243 дні.

Усе, хто мае дачыненне да клуба, кажуць у адзін голас, што гэта вялізны талент – адзін з найвялікшых, якія трапляліся «Ліверпулю» за апошнія дзесяцігоддзі. І Клоп запомніцца менеджарам, які адкрыў Трэю шлях у дарослым футболе, хаця відавочна, што паўнавартасна ў дарослую каманду Ньёні зможа перайсці ўжо з іншым менеджарам.

Хаця яго прагрэс уражвае хаця б тым, што пасля таго, як Ньёні трапіў у сістэму клуба ў верасні 2023-га, яму спатрэбілася менш за месяц, каб стаць пастаянным гульцом каманды U-21 у свае 16! Яшчэ адзін тэхнічна адораны паўабаронца атакі – праблем з гэтай пазіцыяй у «Ліверпуля» ў бліжэйшыя гады не прадбачыцца.

***

Ужо на выходных у склад павінен вярнуцца Ватару Энда, таксама вельмі блізкія да вяртання Дамінік Сабаслаі, Мо Салах і Дарвін Нуньес – а значыць, патрапіць у склад моладзі стане больш складана.

Але на гэтым тыдні з імі Юрген Клоп відавочна атрымлівае асалоду:

«Гэтая сітуацыя – асаблівая і вельмі дзіўная для мяне. У мяне ніколі не было такога, што ты не проста гуляеш з такой колькасцю дзяцей, але можаш змагацца з імі за перамогу.

Яны выключныя таленты. Мы некалькі разоў казалі, што будучыня клуба выглядае нядрэнна, але, магчыма, цяпер людзі не забудуцца пра гэта, калі адкрыецца трансфернае акно.

У «Ліверпуля» ўжо ёсць некалькі дастаткова перспектыўных гульцоў, таму не зачыняйце для іх дзверы падпісаннем 12 навічкоў».

Фота: «Ліверпуль», Кубак Лігі, асабістыя архівы гульцоў

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты