Tribuna/Футбол/Блогі/Кіміх – галоўная праблема «Баварыі» проста цяпер. Ён неверагодна таксічны і разбурае атмасферу ў камандзе

Кіміх – галоўная праблема «Баварыі» проста цяпер. Ён неверагодна таксічны і разбурае атмасферу ў камандзе

Ледзь не пабіўся з асістэнтам Тухеля.

23 лютага, 23:59
Кіміх – галоўная праблема «Баварыі» проста цяпер. Ён неверагодна таксічны і разбурае атмасферу ў камандзе

Крыху менш за год таму «Баварыя» звольніла Юлiяна Нагельсмана, калі ўсё яшчэ прэтэндавала на трэбл, і прызначыла галоўным трэнерам каманды Томаса Тухеля. З тых часоў мюнхенцы змаглі выйграць толькі Бундэслігу 2022/23 (чаго б не было без фэйла Дортмунда ў апошнім матчы сезона) – а яшчэ двойчы вылецелі з Кубка Германіі, прайгралі ў матчы за Суперкубак i пакуль не заходзілі далей за 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў.

Сёлета чэмпіёнства ў Бундэслізе знаходзіцца пад вялізнай пагрозай. Рэкардмайстар адстае аж на 11 ачкоў (з матчам у запасе) ад леверкузенскага «Баера» ў турнірнай табліцы і можа ўпершыню з 2013 года не падняць над галавой сярэбраную салатніцу.

У «Баварыі» ўжо абвясцiлi, што Тухель пакіне клуб пасля завяршэння сезона – па каментарыях здаецца, што фанаты дзiвяцца толькi таму, што замену не робяць тут i цяпер. Але не ва ўсіх праблемах адначасова вінаваты трэнер.

Кіміх – новая галоўная праблема «Баварыі»

Мюнхенцаў штарміць ужо некалькі гадоў. Стабільнасць у кантэксце вынікаў і атмасферы ў раздзявальні «Баварыя» страціла пасля сыходу Хансі Фліка.

Цягам апошніх двух з паловай гадоў у клубе перажывалi пастаянныя праблемы з былымі кіраўнікамі Оліверам Канам і Хасанам Саліхаміджычам, крытыку Нагельсмана ад Роберта Левандоўскага, сыход са скандалам трэнера галкіпераў (улюбёнца шматлікіх гульцоў), неспакойнае звальненне самога Юльяна, бойка Санэ і Манэ і шмат іншага.

Тухелю не ўдалося наладзіць кантакт паміж трэнерскім штабам і распранальняй. Адзін з найгучнейшых галасоў «Баварыі» па-за межамі футбольнага поля – Ёзуа Кіміх. Ён выступае за мюнхенцаў ужо цягам амаль 9 гадоў і з'яўляецца адным з тых, да каго больш за ўсё прыслухоўваюцца і партнёры па камандзе, і нават кіраўніцтва клуба – нягледзячы на тое, што яму толькі нядаўна споўнілася 29 гадоў.

Зрэшты, пра Кiмiха ўсё больш гавораць як пра аднаго з тых, хто больш за ўсё разбурае атмасферу ўнутры каманды. Ён крычаў у твар Фліка, патрабуючы замяніць Леона Гарэцку ў першым тайме матча супраць «ПСЖ» у Лізе чэмпіёнаў у 2021-м, публiчна абвінавачваў Нікласа Зюле ў паразе зборнай Германіі японцам на ЧС-2022, вельмi экспрэсіўна рэагуе на паразы сваёй каманды і не саромеецца скардзіцца на аднаклубнікаў.

Заўзятары «Баварыі», з аднаго боку, любяць яго за запал, эмоцыі і менталітэт пераможцы, з іншага ж – такія паводзіны гульца многім з іх ужо надакучылі. Магчыма, на іх заплюшчвалі б вочы, калі б Кіміх працягваў дэманстраваць свой найлепшы футбол, але і па прафесійных якасцях яго крытыкуюць усё часцей.

Канешне, Тухель таксама не просты фрукт. Амаль усюды, дзе ён трэніраваў, у яго былі канфлікты і з кіраўніцтвам, і з футбалістамі. Менавіта Кіміх быў першым прэтэндэнтам на сварку ў «Баварыi».

Праблемы Томаса і Ёзуа пачаліся яшчэ летам 2023-га. Нямецкі спецыяліст вызначыў падпісанне апорнага паўабаронцы прыярытэтам «Баварыі» на трансферным рынку, у той час як босы перш за ўсё шукалі цэнтральнага абаронцу. Кіміху, вядома, гэта не спадабалася – ён лічыць сябе якасным апорнікам і не згаджаўся, што камандзе патрэбна было ўзмацненне на пазіцыі.

У апошні дзень летняга трансфернага акна мюнхенцы вялі перамовы з Жаау Пальінья з «Фулхэма». Партугалец нават прыехаў у Мюнхен, сфатаграфаваўся з футболкай рэкардмайстра, але ў апошні момант пра пераход дамовіцца не ўдалося.

Так Кiмiх працягнуў гуляць у стартавым складзе – яго адсутнасць у некаторых матчах аргументавалася або дыскваліфікацыяй, або пашкоджаннямі. Поўная статыстыка Кіміха даступная ў яго тэгу на Tribuna.com (спасылка).

Нядаўна Кiмiх траўміраваў плячо і мусіў прапусціць некалькі тыдняў. Зрэшты, яму ўдалося аднавіцца значна хутчэй – ён хацеў згуляць у матчы з «Баерам» у Леверкузене. Але Тухель, намагаючыся не рызыкаваць станам яго здароўя, пакінуў яго на лаўцы запасных. У рэшце рэшт, Кіміх згуляў каля 30 хвілін, а пасля матча быў вельмі незадаволены рашэннем галоўнага трэнера.

Кіміх адкрыта псіхаваў пасля параз «Саабрукену», «Айнтрахту» і «Вердэру», аднак больш за ўсё ён згарэў пасля няўдачы ў апошнім матчы мюнхенцаў супраць аўтсайдара «Бохума» (2:3).

Тухель замяніў Кіміха на 70-й хвіліне, калі мюнхенцы саступалі з лікам 1:2. Спачатку Ёзуа быў незадаволены заменай і крычаў Томасу і яго трэнерскаму штабу: «Як вы можаце здымаць мяне з поля?», а пасля фінальнага свістка крычаў «Хтосьці з вас павінен растлумачыць мне гэтае рашэнне!»

Пасля Кіміх ледзь не пабіўся з Жолтам Лёвам – адзіным памочнікам Тухеля, з якім у яго заўсёды былі нядрэнныя адносіны. Паводле інфармацыі выдання Sport1, Ёзуа ўжо не ўпершыню так сябе паводзіць – проста эпізоды ў Бохуме знялі камеры.

За Кіміхам ужо некаторы час назірае «Барса». Але яго будучыню пакуль што цяжка прадказаць

Кажуць, што 29-гадовы гулец ужо задумваецца пра магчымы трансфер. Ужо некаторы час за Кiмiхам актыўна сочыць «Барселона». Хаві неаднаразова выказваў сваё захапленне нямецкім футбалістам, і здавалася, што пераезд Кіміха ў Каталонію сапраўды можа адбыцца – там і тэр Стэген з Гюндаганам, і былы аднаклубнік Левандоўскі.

Зрэшты, Хаві пакіне «Барсу» пасля завяршэння сезона, хто і з якімі планамі ўзначаліць каманду – пакуль што невядома. Як невядома і тое, хто стане новым трэнерам «Баварыі» і якія ў яго будуць адносіны з праблемным Ёзуа.

Фота: Harry Langer/DeFodi Images/Global Look Press, Alexander Hassenstein/REUTERS, Giuseppe Maffia/NurPhoto via Getty Images

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты