Tribuna/Футбол/Блогі/Усе ведаюць пра спартыўную імперыю «Сіці», але такая ёсць і ў «Арсенала». Галоўная яе зорка нядаўна завяршыла кар'еру

Усе ведаюць пра спартыўную імперыю «Сіці», але такая ёсць і ў «Арсенала». Галоўная яе зорка нядаўна завяршыла кар'еру

А амаль усе клубы выйгравалі нешта за апошнія гады.

1 красавіка, 10:16
Усе ведаюць пра спартыўную імперыю «Сіці», але такая ёсць і ў «Арсенала». Галоўная яе зорка нядаўна завяршыла кар'еру

Спартыўная імперыя City Football Group, флагманам якой з'яўляецца «Манчэстэр Сіці», мабыць, самая вядомая ў сусветным футболе (на ўзроўні з «Рэд Бул») прама цяпер. Узгадалі і ўсё часцей абмяркоўваць яе пачалі пасля поспеху сёлетняй «Жыроны» (лейтматывам з'яўляецца сувязь каталонцаў з самым паспяховым англійскім клубам апошніх гадоў).

Аднак у аднаго з галоўных супернікаў «Ман Сіці» ў барацьбе за тытул АПЛ сёлета, лонданскага «Арсенала», таксама ёсць свая спартыўная імперыя. Прычым куды больш глабальная і маштабная, бо датычыцца не толькі футбола, але і многіх іншых папулярных відаў спорту.

Акцэнт на ЗША. Каманды ў амаль кожнай вялікай спартыўнай лізе Амерыкі

У 2007 годзе амерыканскі бізнесмен Стэн Кронке набыў частку акцый лонданскага футбольнага клуба "Арсенал", а ўжо з 2018 года яму належыць увесь клуб і яго холдынгавая кампанія KSE (Kroenke Sports & Entertainment) з'яўляецца аднаасобным уладальнікам арганізацыі са сталіцы Вялікабрытаніі.

Аднак Кронке яшчэ задоўга да гэтага пачаў свой шлях у спорце. У 1995 годзе KSE набылі частку акцый клуба НФЛ (галоўная ліга амерыканскага футбола) «Сэнт-Луіс Рэмз», а сам клуб атрымаў новае кіраўніцтва ў асобе Стэна Кронке. Каманда толькі што пераехала з Лос-Анджэлеса і пачала сваю новую эру ў НФЛ. «Рэмз» удалося выйграць Супербоўл у 1999-м і яшчэ раз (але гэтым разам не так паспяхова) згуляць там у 2001-м. Але з часам справы каманды пайшлі на спад, як у спартыўным, так і ў фінансавым плане. У 2010-м KSE выкупілі «Рэмз» цалкам і канчаткова.

Ужо праз пяць гадоў, у 2015-м, Кронке вырашыўся на дастаткова радыкальны крок – захацеў перавезці франшызу назад у Лос-Анджэлес. На той час кошт каманды ацэньваўся ў 1,45 млрд долараў (28-е месца сярод 32 каманд лігі). А НФЛ яшчэ і ўстанавіла спецыяльны плацёж для каманд, якія хацелі вось так спантанна перабрацца на вялікі рынак у Лос-Анджэлес – у памеры 550 мільёнаў долараў. «Рэмз» усё роўна вярнуліся ў ЛА з Сэнт-Луіса. І гэта дало франшызе сур'ёзны фінансавы профіт. Вельмі хутка кошт каманды вырас удвая, што дазволіла клубу ўзляцець з 28-га адразу на трэцяе месца сярод усіх каманд НФЛ. Па стане на 2023 год Forbes ацэньвае кошт «Рэмз» у 6,9 млрд долараў (усё тое ж трэцяе месца ў НФЛ пасля Даласа і Нью-Інгленда).

Ужо праз пяць гадоў, у 2015-м, Кронке вырашыўся на дастаткова радыкальны крок – захацеў перавезці франшызу назад у Лос-Анджэлес. На той час кошт каманды ацэньваўся ў 1,45 млрд долараў (28-е месца сярод 32 каманд лігі). А НФЛ яшчэ і ўстанавіла спецыяльны плацёж для каманд, якія хацелі вось так спантанна перабрацца на вялікі рынак у Лос-Анджэлес – у памеры 550 мільёнаў долараў. «Рэмз» усё роўна вярнуліся ў ЛА з Сэнт-Луіса. І гэта дало франшызе сур'ёзны фінансавы профіт. Вельмі хутка кошт каманды вырас удвая, што дазволіла клубу ўзляцець з 28-га адразу на трэцяе месца сярод усіх каманд НФЛ. Па стане на 2023 год Forbes ацэньвае кошт «Рэмз» у 6,9 млрд долараў (усё тое ж трэцяе месца ў НФЛ пасля «Даласа» і «Нью-Інгленда»).

Спартыўныя поспехі таксама не прымусілі сябе чакаць – у 2018 годзе каманда ўпершыню з 2001-га выйшла ў Супербоул (прайгралі там «Пэтрыятс» Тома Брэдзі), а ў 2021-м яшчэ і другі раз у сваёй гісторыі гэты самы Супербоўл выйгралі.

Адбылося гэта на стадыёне SoFi Stadium, які знаходзіцца ў Інглвудзе (гарадок непадалёк ад Лос-Анджэлеса), які пачалі будаваць пры падтрымцы KSE пасля пераезду «Рэмз» назад у Каліфорнію. На будаўніцтва было выдаткавана 5-6 млрд долараў і на стадыёне гуляюць непасрэдна «Рэмз», а таксама «Чарджэрс» (іншая каманда НФЛ з Лос-Анджэлеса). А яшчэ там гуляюць у футбол (на ліпень 2024-га нават запланаваны таварыскі матч паміж «Арсеналам» і «Ман Юнайтэд»), у 2023-м SoFi Stadium прымаў Рэслманію 39 ад WWE, яго будуць прыцягваць да Алімпіяды у 2028-м, Кубка Свету па рэгбі ўжо ў 2030-х, футбольнага Кубка Амерыкі ў 2024-м і чэмпіянату свету ў 2026 годзе.

Яшчэ да ўсёй эпапеі з «Рэмз», якія відавочна з'яўляюцца найбуйнейшым актывам Kroenke Sports & Entertainment у ЗША, у 2000 годзе холдынг набыў два спартовыя клубы ў штаце Каларада: баскетбольны «Дэнвер Нагетс», які ў 2023 годзе ўпершыню ў сваёй гісторыі стаў чэмпіёнам НБА, і хакейны «Каларада», які выйграў два з трох сваіх Кубкаў Стэнлі ўжо пры Кронке (у сезоне 2000/01 і 2021/22).

Цікавы факт: частка актываў Стэна Кронке аформлена на жонку. Менавіта так, уладальніцай «Дэнвера» з НБА і «Каларада» з НХЛ з'яўляецца гэтакая Эн Уолтан Кронке. Між іншым, дачка аднаго з заснавальнікаў найбуйнейшай у свеце сеткі супермаркетаў «Волмарт» Джэймса Уолтана. Перапісаць дзве спартыўныя франшызы на жонку Стэна фактычна прымусіла НФЛ. Калі ён завяршаў афармленне «Рэмз» як франшызы, якой валодае на 100%, то зашпортнуўся аб пункт у правілах лігі, які забараняе мець ва ўласнасці каманды на іншых рынках. Аднак Стэн знайшоў выйсце і з такой сітуацыі.

Варта таксама згадаць і пра тое, што «Арсенал» – не адзіная футбольная каманда, якой валодае KSE. «Каларада Рэпідз» з MLS таксама належыць гэтаму холдынгу. І таксама дамогся найлепшага выніку ў гісторыі ўжо пры Кронке – здабыў Кубак MLS у 2010 годзе.

Што яшчэ належыць кампаніі-ўласніцы «Арсенала»

Фактычна адзіная вялікая амерыканская ліга, у якой не прадстаўлены KSE – гэта MLB (Галоўная ліга бейсбола).

Аднак гэты факт холдынг кампенсуе актыўнасцю на іншым, яшчэ больш экзатычным рынку. KSE з'яўляецца ўладальнікам каманды «Каларада» з NLL (Нацыянальнай лігі лакроса). Прычым клуб там вельмі паспяховы – двойчы станавіўся чэмпіёнам (2006, 2022), яшчэ раз гуляў у фінале (2023).

Акрамя гэтага, у велізарны холдынг Кронке ўваходзіць яшчэ і жаночы футбольны клуб «Арсенал», хатні стадыён лонданскай каманды «Эмірэйтс» і яшчэ каля дзясятка іншых, менш вядомых спартыўных комплексаў, арэн і баз у Еўропе і ЗША.

І ёсць KSE нават на кіберспартыўнай арэне. Los Angeles Gladiators гуляюць у Call of Duty (выйгралі мэйджар у 2022-м), а Los Angeles Guerrillas прадстаўлены ў дысцыпліне Overwatch.

У 2013-м Kroenke Sports & Entertainment выкупіў кампанію, якая распрацавала Skycam – тэхналогію, на аснове якой пазней была створана Spidercam. Яе ўжо выкарыстоўваюць у свеце спорту (асабліва ў футболе, рэгбі і тэнісе) для лепшай здымкі і паўтораў гульнявых момантаў.

У 2024-м спартыўную кар'еру завяршыла галоўная зорка імперыі KSE

Можна вылучыць шмат прэтэндэнтаў на званне галоўнай зоркі сярод велізарнай колькасці спартсменаў, якія гулялі ў клубах холдынгу KSE. Кагосьці з цяперашніх ці былых зорак «Арсенала», 2-разовага MVP НБА і MVP фіналу НБА 2023 года Ніколу Ёкіча ці ўладальніка Кубка Стэнлі і аднаго з найлепшых бамбардзіраў сучаснай НХЛ Нэйтана МакКінана. Аднак ёсць чалавек, які аддаў усяго сябе галоўнаму клубу Кронке больш, чым любы іншы.

У 2014 годзе тады яшчэ «Сэнт-Луіс Рэмз» абралі на драфце НФЛ пад агульным трынаццатым пікам дыфенсаў тэкла Арана Дональда. У сакавіку 2024-га Дональд абвясціў пра завяршэнне прафесійнай спартыўнай кар'еры. Ён сышоў, пабіўшы кучу абарончых рэкордаў клуба і заслужыўшы статус найлепшага гульца ў гісторыі франшызы і, магчыма, найлепшага гульца ў гісторыі амерыканскага футбола на сваёй пазіцыі.

За 10 гадоў (для футбола, таго што, выбачайце, не сокер, гэта, калі што, яшчэ досыць доўгая кар'ера) ён 10 раз (то бок у кожным сезоне) пападаў на Про-Боўл (футбольны аналаг Матча ўсіх зорак), 8 раз абіраўся ў сімвалічную зборную найлепшых гульцоў сезона і тройчы станавіўся DPOY (найлепшым гульцом абарончага плана, фактычна, самая высокая ўзнагарода для абаронцы ў НФЛ), што з'яўляецца рэкордам для пазіцыі дыфенсаў тэкла.

Аран Дональд прайшоў з «Рэмз» фактычна ўсё – пераезд у іншы горад, кардынальнае змяненне вектара развіцця каманды, параза ў Супербоўле і перамога ў Супербоўле. Аран адзначаў, што для яго вельмі важна завяршыць кар'еру менавіта тут, у клубе, дзе ўсё для яго і пачалося. Ад футбола ён стаміўся і выгарэў, таму прыняў валявое рашэнне завяршыць кар'еру нават маючы яшчэ год кантракту, за які зарабіў бы ад 10 (гарантавана) да 35 (улічваючы ўсе бонусы) мільёнаў долараў.

Ну і для лепшага разумення таго, хто такі Аран Дональд, некалькі баяністая, але вельмі паказальная падборка скрыншотаў таго, як гульцы каманд НФЛ удваіх, утрох і нават учатырох трымалі Дональда, каб той не дабраўся да іх квотэрбека і не скараціў жыццё яму ці ягоным косткам:

Фота: BBC, Independent, Kyusung Gong/AP, Steve Dykes/CNN

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты