Tribuna/Футбол/Блогі/У МЛС – трэш з суддзямі: ліга не дапусціла профі праз канфлікт і замяніла «левымі»

У МЛС – трэш з суддзямі: ліга не дапусціла профі праз канфлікт і замяніла «левымі»

Аднаго давялося мяняць – аказаўся фанатам «Інтэра».

7 сакавіка, 14:55
У МЛС – трэш з суддзямі: ліга не дапусціла профі праз канфлікт і замяніла «левымі»

Думалі, што судзейскі трэш – гэта традыцыя толькі АПЛ і крыху Ла Лігі? Расчаруем – у ЗША не проста адбываецца нешта незразумелае, там традыцыйна прыдумалі штосьці, што можа адбыцца выключна ў ЗША.

І таму ўжо на матчы з Ліянелем Месі мянялі арбітра ў апошні момант.

Што адбылося: прафзвяз арбітраў запатрабаваў значнага павышэння заробкаў – ліга не пайшла на ўмовы і забараніла ім працаваць

Каб разумець, што адбылося, трэба ведаць, як у МЛС увогуле працуюць суддзі. З аднаго боку, МЛС – ліга, якую гэтыя суддзі абслугоўваюць. Яна супрацоўнічае з Прафесійнай арганізацыяй рэферы (PRO) – тыя прадастаўляюць МЛС, жаночай Суперлізе і яшчэ некалькім ніжэйшым лігам паслугі арбітраў. PRO, у сваю чаргу, наймае на працу ў МЛС арбітраў праз прафзвяз – Асацыяцыю прафесійных рэферы сокера (PSRA).

У студзені гэтага года скончыўся тэрмін пяцігадовага пагаднення паміж PRO і PSRA, якое рэгламентавала працу арбітраў у МЛС – першым чынам, іх заробак. Перамовы аб працягу пачаліся яшчэ ў снежні. Аднак, па звестках The Athletic, калі PSRA патрабавала павышэння заробку аж да 90% (аргументавалі тым, што ў лізе цяпер больш зорак, больш увагі, а значыць, больш нагрузкі), PRO прапаноўваў павышэнне толькі ў 3%. І нават калі павялічыў прапанову (ліга кажа, што на 25%), і нават калі кіраўніцтва прафзвязу нібыта прыняло прапанову, 95.8% яго сябраў прагаласавалі супраць такой дамовы.

Таксама прафзвяз адмовіўся ад прапановы PRO адносна дамоўленасці пра тое, што арбітры не пойдуць на забастоўку, якой пагражалі, а ліга, у сваю чаргу, не будзе ўводзіць «лакаўт» – нядопуск арбітраў да працы.

Уласна, PRO 17 лютага менавіта «лакаўт» і абвясціла – і замест звыклых прафесійных арбітраў МЛС матчы сама меней першых тураў абслугоўваюць арбітры на замене – replacement referees.

Дзе іх знайшлі: ніжэйшыя лігі, моладзевыя спаборніцтвы, паднімаюць пенсіянераў

The Athletic вывучыў папярэдні досвед арбітраў на падмену, якія абслугоўвалі першы тур новага сезону МЛС.

Іх досвед адрозніваецца: ёсць тыя, каго досыць шчыльна прыцягвалі да матчаў другога і трэцяга дывізіёнаў у пірамідзе футбола ЗША, а ёсць і тыя, хто не працаваў дзесьці вышэй за моладзевыя спаборніцтвы, а сярод асістэнтаў ёсць такія, хто ў асноўным працаваў толькі на ўзроўні футбола ў каледжах.

Калі казаць пра ліцэнзіі, то ў ЗША іх ёсць некалькі ўзроўняў – базавая ліцэнзія рэферы, рэгіянальная ліцэнзія і нацыянальная. 24 – большасць – арбітры, якія атрымалі прызначэнне на першы тур, мелі толькі базавую ліцэнзію, якую можа атрымаць кожны па дасягненні 13 гадоў і праходжанні анлайн або вочнага трэнінгу.

З канадскімі клубамі паварот яшчэ цікавейшы – на іх хатнія матчы арбітраў наогул арганізуе тамтэйшая футбольная асацыяцыя.

Што цікава, тое ж выданне паведаміла, што ліга папрасіла каментатараў не «абсмоктваць тэму» судзейскага лакаўту – «лепш за ўсё згадаць сітуацыю перад матчам і рухацца далей». І ўпарта прасіла згадваць іх толькі словам «рэферы», «іншых апісанняў не трэба».

Ацэнка іх працы ў першым туры адрознівалася. The Athletic змог атрымаць запіску віцэ-прэзідэнта МЛС Нэльсана Радрыгеса пра тое, што «ўсё ў парадку»: «Праца суддзяў на замене адпавядае прафесійным стандартам, якія выконваюцца ў мінулых сезонах, захоўваючы паслядоўнасць у якасці судзейства».

Кіраўнік PSRA, у сваю чаргу, у каментары таму ж выданню звярнуў увагу на тое, што колькасць праглядаў ВАР і памылак значна ўзрасла: «Ёсць выразныя паказнікі, на якія варта звярнуць увагу, напрыклад, колькасць праглядаў ВАР за тур (14 на мінулым тыдні ў адрозненне ад 2-3 у сярэднім у наш сезон), колькасць часу, на працягу якога мяч знаходзіцца ў гульні, колькасць няправільных рашэнняў па афсайдах, якія спынялі перспектыўныя атакі, і колькасць няправільных жоўтых і чырвоных картак, якіх можна пазбегнуць».

З адным рэферы прамахнуліся – прызначылі на матч «Інтэра» чалавека, які фатаграфаваўся ў форме клуба

На матч «Інтэра» Маямі супраць «Арланда Сіці» PRO першапачаткова прызначыла арбітра на замене Гільерме Чэрэту.

Аднак карыстальнікі сацсетак хутка знайшлі яго фатаграфіі ў форме «Інтэра» – відавочны канфлікт.

У выніку, PRO прыйшлося рэагаваць і змяняць арбітраў – Джэймі Эрэру, чацвёртага ў брыгадзе, прызначылі галоўным, а яму на замену адшукалі іншага рэферы. PRO прызнала, што зрабіла гэта праз патэнцыйны канфлікт інтарэсаў.

Фота: ESPN, Mediaite

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты