Tribuna/Футбол/Блогі/Сафрон Смольскі – не першае незвычайнае імя для дзіцяці ў белспорце: ёсць Велізар, Джагер і дзве Мішэль Максімаўны

Сафрон Смольскі – не першае незвычайнае імя для дзіцяці ў белспорце: ёсць Велізар, Джагер і дзве Мішэль Максімаўны

Чарльз-Аляксандр і Леа Аляксандр.

Аўтар — bytribuna com
23 лістапада, 08:00
1
Сафрон Смольскі – не першае незвычайнае імя для дзіцяці ў белспорце: ёсць Велізар, Джагер і дзве Мішэль Максімаўны

22 лістапада па інтэрнэце разгулялася навіна пра такое свята, як Дзень сыноў (праўда, гэта нейкая малавядомая дата, ды і агульнапрызнаны дзень дзіцяці адзначаюць 20 лістапада ў гонар дэкларацыі ААН). Павіншавала сваё немаўля і беларуская біятланістка Дзінара Смольская (Алімбекава) – а заадно ўпершыню агучыла для шырокай публікі імя малога, якога нарадзіла ад калегі Антона Смольскага. Аказваецца, сына прарэжымныя падпісанты назвалі Сафронам. Гэтае імя паходзіць ад грэцкага слова са значэннем «разважлівы, ураўнаважаны».

Гэта далёка не першы прыклад выбару рэдкага імя для дзяцей у белспорце.

Аляксей Кудзін

Чэмпіён свету па тайскім боксе і кікбоксінгу, а сёння баец ММА мае вялікую сямʼю. Прырасла яна летам 2020-га – з вельмі сумнай нагоды: Кудзін усынавіў трох дзяцей брата сваёй жонкі, бо і брат, і ягоная жонка памерлі. Да гэтага Аляксей са сваёй Таццянай выхоўвалі, а спачатку, па словах жанчыны, «разам нараджалі» дзвюх уласных дачок – назвалі іх Стэфанія, што паходзіць ад грэцкага «вянок», і Бажэна, ад славянскага кораня «Бог». Першай дзяўчынцы цяпер ужо 11 гадоў, а другой шэсць.

Досыць рэдкае імя Стэфанія – папулярнае ў беларускім спорце. Напрыклад, рэкардсмен па колькасці гульняў у зборнай Беларусі Аляксандр Кульчы (у яго яшчэ ёсць сыны Максім, Уладзіслаў і Міраслаў) і цяперашні кіпер каманды і салігорскага «Шахцёра» Сяргей Ігнатовіч – іх дачок клічуць гэтак жа.

Дзмітрый Ігнаценка

Былы гулец нетопавых клубаў Д1 (з адным матчам за «Шахцёр») завёў вялікую сямʼю. 35-гадовы футбаліст – родны бацька для пяці дзяцей. Першай зʼявілася на свет дачка Аіда – па словах гульца, імя прыдумала татарская бабуля дзяўчынкі. Ігнаценка не расказваў, чаму расстаўся з маці Аіды, але дзяўчынка жыла ў Расіі і размаўляла з бацькам у асноўным па відэа.

У пачатку 2010-х Ігнаценка ажаніўся са сваёй новай абранніцай Таццянай – і яна нарадзіла яму яшчэ чацвярых дзяцей. Як прызнаваўся футбаліст, ужо для першай сумеснай дачкі «варыянты імёнаў былі такія, што язык можна зламаць», жонка хацела назваць нават Савана – але ўсё ж абмежавалася імем Івана. Наступнымі нараджаліся хлопчыкі – і калі першага назвалі Арсень, то потым імёны аказаліся больш рэдкімі: Сава і Лука.

Трэба адзначыць, што ў Таццяны да шлюбу з Дзмітрыем ужо было двое дзяцей, а ейны старэйшы сын Данііл Кавалёў таксама стаў футбалістам – цяперашні сезон правёў у «Асіповічах», якія аказаліся апошнімі ў Д2.

Марына Літвінчук

Прарэжымная вяслярка стала маці ў пачатку 2018-га – нарадзіла экс-калегу па відзе Артуру Літвінчуку сына. У «дэкрэт» выправіўся бацька – маці ж вярнулася да трэнаванняў. Яна і выбрала імя дзіцяці, прызнаўшыся, што муж хацеў іншае. Марыну зачапіла прачытаная інфармацыя, што «Эльдар» перакладаецца як «дар Бога», хоць этымалогія пра такую версію не ведае – ёсць варыянты паходжання ад скандынаўскага «воін агню», грэцкага «дар сонца» і персідскага «гаспадар краіны».

- Эльдар – моцнае мужчынскае імя. Мне спадабаўся асабліва той момант, што для Эльдараў на першым месцы стаіць сямʼя. З імем не памылілася! – запэўнівала Літвінчук у 2023-м.

Генадзь Блізнюк

Экс-форвард БАТЭ ў 2015-м стаў бацькам трэці раз. Першага сына назвалі Дзямʼян. Не самае распаўсюджанае імя і ў адной з дачок футбаліста – Даніэла, ад старажытнаяўрэйскіх каранёў «суддзя» і «Бог». Яе сястру клічуць больш звыкла – Арына.

Аляксандр Сыман

Прызёр біятлоннага ЧС-2001 у эстафеце ўпершыню стаў бацькам у 2003-м – і сына з жонкай Людмілай назвалі Назарам (па адной з версій, імя паходзіць ад старажытнаяўрэйскага «абяцанне Богу»). А ў 2015-м пара зноў стала бацькамі – другі хлопчык стаў Радзівонам, ад грэчаскага «герой». Маці кліча малодшага сына «Родзька» і заяўляла, што ён «з дзяцінства патрыёт і ў бой гатовы пайсці, не разважаючы», выкладваючы кадры з ваеннай тэхнікай на «лініі Сталіна».

Мікалай Бранфілаў

Экс-гулец БАТЭ, «Шахцёра» ды іншых беларускіх клубаў зрабіў прапанову сваёй жонцы Святлане ў мінскім гарадскім аўтобусе, але яна пагадзілася. А да выбару імёнаў для сумесных дзяцей Бранфілаў падыходзіў вельмі грунтоўна – нават купіў спецыяльны каталог. Дзякуючы яму дачку назвалі Вета – Мікалай спецыяльна ўдакладняў, што не Віялета. А імёны хлопчыкаў тлумачыў асобна: «Старэйшы сын – Велізар. Значэнне імя вельмі добрае – стралок, мэтанакіраваны чалавек. Сыну пасуе. Малодшага клічуць Азарый – хлопец з байцоўскім характарам» (наогул імя паходзіць ад старажытнаяўрэйскага «дапамога Бога»). Магчыма, на гэты выбар паўплывала і прыналежнасць цяперашняга трэнера «Энергетыка-БДУ» да пратэстантызму.

Максім Салаш

Найлепшы баскетбаліст Беларусі 2020-га, 2021-га і 2022-га цяпер ідзе ў групе лідараў чэмпіянату Францыі з «Бурам». У красавіку 2022-га ў іспанскім Бургасе, дзе тады выступаў Салаш, яму нарадзіла дачку жонка Алена, якая так апісвала іх адносіны: «У нашай сямʼі гаспадар тата, а мама – гаспадар таты». Дачку назвалі нетыпова для нашых краёў – Мішэль.

Зрэшты, яна хаця б нарадзілася ў Заходняй Еўропе. А вось іншая Мішэль у сярэдзіне 2020-га зʼявілася на свет у Беларусі – у сямʼі чэмпіёна краіны 2019-га з брэсцкім «Дынама» Максіма Вітуса. Жонка экс-футбаліста Аляксандра нават выкарыстоўвала «Мішэль Максімаўна» як хаштэг у сваім Instagram.

Таццяна Троіна

Бронзавая прызёрка баскетбольнага ЧЕ-2007 стала мамай зусім нядаўна – ва ўзросце 41 года. Адбылося гэта ў Эквадоры, дзе Троіна жыве з мясцовым мужам, якога сустрэла падчас вучобы ў Карэі. А назвалі сына Маратам – нават неяк нечакана для Паўднёвай Амерыкі.

Міхаіл Грабоўскі

Рэжымны экс-хакеіст знайшоў жонку ў Канадзе, дзе гуляў у НХЛ – і ў канцы 2010-га Кейт нарадзіла першае дзіця пары, дачку назвалі Лілі. А вось праз год было ўжо больш арыгінальна – на свет зʼявіўся Джагер Грабоўскі. Хадзілі чуткі, што ў гонар вядомага музыкі Міка Джагера, але экс-гулец сцвярджаў, што яму «проста вельмі спадабалася імя». Ну а ў 2017-м другога сына назвалі сукупнасцю двух папулярных імёнаў – Чарльз-Аляксандр.

«Міжнароднае» імя, каб «і ў Беларусі было лёгка, і ў Амерыцы», свайму дзіцяці даў і цяперашні беларускі хакеіст НХЛ Ягор Шаранговіч – прызнаваўся, што спрачаўся з жонкай, меў варыянты Том і Дэн, але ў выніку перад адʼездам у радзільню ў канцы 2022-га пара дамовілася назваць першынца Крысціянам. У калегі Шаранговіча Аляксея Протаса дачка, якая нарадзілася ў 2023-м, названая Алісай – у прынцыпе, таксама нескладана.

Вікторыя Азаранка

Народжаны ў канцы 2016-га ў ЗША сын каштаваў Азаранцы доўгіх судовых цяжбаў з ягоным бацькам, але, відавочна, для Вікторыі ў задавальненне быць мамай. А імя дзіцяці яна выбірала па двух крытэрах – і, уласна, два і выбрала: Леа Аляксандр.

«Мы перабіралі розныя імёны, і я падумала, што да Леа вельмі цяжка прыдумаць нешта – ведаеце, дзеці выдумляюць гадасці, а тут цяжка. Аляксандр – хацелася, каб былі родныя карані. Гэта вельмі моцнае імя, і яно мне заўсёды падабалася», – тлумачыла Азаранка. Імя Аляксандр, дарэчы, паходзіць ад грэцкага «абараняць».

А вось яшчэ адна жыхарка ЗША ад беларускага тэніса Вольга Гаварцова сына ад экс-хакеіста зборнай Канстанціна Захарава назвала ў 2018-м Дамінікам. «Спадзяюся, сын будзе шмат вандраваць, а інтэрнацыянальнае імя дапаможа яму хутчэй асвоіцца, дзе б ён ні апынуўся», – казала Гаварцова.

Віталь Лісаковіч

У свавольнага форварда стасункі, здаецца, выбудоўваліся не лягчэй, чым карʼера – ягоная жонка Паліна ў 2019-м пісала: «Мы два чалавекі з вельмі няпростымі характарамі, ён запальчывы, я такая ж, часам хочам пазабіваць адзін аднаго». Але, у адрозненне ад трэнераў, якія працягваюць выхоўваць гульца адлучэннямі ад складу, у асабістым жыцці выявілася, што «каханне мацней за ўсё» – і пара ў шлюбе ўжо пяць гадоў.

У лютым 2019-га ў Лісаковічаў нарадзілася дачка, якую назвалі Алівіяй – імя, уласна, паходзіць ад назвы аліўкавага дрэва. Праўда, тлумачэнне выбару знайсці не ўдалося. А вось брат Віталя Руслан аказаўся не настолькі арыгіналам – ягонага сына клічуць Марк.

Сяргей Крывец

Экс-гулец БАТЭ і зборнай Беларусі сустрэў жонку ў Польшчы, калі там гуляў за «Лех», і асеў у суседняй краіне пасля завяршэння вялікай карʼеры. У пары дзве дачкі, названыя не самымі тыповымі і для Польшчы, але знаёмымі там імёнамі – у 2015-м на свет зʼявілася Лівія, а неўзабаве нарадзілася Інэс. Першая дачка нарадзілася ў Гамбургу – Крывец вельмі хацеў патрапіць на роды, але не паспеў праз занятасць у французскім «Метцы». А вось пры нараджэнні другой дачкі, ужо ў Польшчы, гулец паспеў у клініку за 10 хвілін да пачатку працэсу.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты