Tribuna/Футбол/Блогі/Падобна, у БАТЭ гатовыя да новага пралёту міма медалёў – Крывушэнка ўжо папярэджвае заўзятараў

Падобна, у БАТЭ гатовыя да новага пралёту міма медалёў – Крывушэнка ўжо папярэджвае заўзятараў

Спадзяецца на падтрымку ў любой сітуацыі.

Аўтар — bytribuna com
11 лютага, 11:01
Падобна, у БАТЭ гатовыя да новага пралёту міма медалёў – Крывушэнка ўжо папярэджвае заўзятараў

БАТЭ перад сезонам-2024 камплектуецца па новай – дастаткова сказаць, што з 10 лідараў каманды па колькасці хвілін на полі ў ЧБ-2023 засталiся ў клубе толькі трое. У Барысаве адкрыта абвясцілі, што цяпер склад будуць фармаваць са сваіх выхаванцаў і «вяртанцаў» – прычым, як аказалася, не самых топавых у гісторыі.

Галоўны трэнер БАТЭ Ігар Крывушэнка, які таксама вярнуўся ў клуб пасля доўгага перапынку, нядаўна на пытанне пра стан барысаўчан дыпламатычна адказаў, што «супрацоўніцтва з клубам падчас яго адраджэння – не найгоршы варыянт». Аднак трэнер, здаецца, прымае тое, што медалёў у клуба можа не здарыцца другі год запар. На пытанні пра мэты каманды на сезон Крывушэнка адказвае адпаведна.

31 студзеня БАТЭ прайграў «Нёману» (2:3) на турніры ў Жодзіне, пасля чаго ў Крывушэнкі спыталі, ці складана будзе барысаўчанам змагацца за чэмпіёнства. Да гэтага трэнер, здаецца, увогуле не гатовы.

«Хто сказаў, што мы будзем змагацца за золата? Няўжо такую задачу хтосьці агучваў? Я не люблю гучных выказванняў. Мы ідзем ад гульні да гульні. Важна выстраiць каманду», – заявіў Крывушэнка.

На тым жа турніры Крывушэнку знялі для сюжэту на дзяржТБ, у якім закадравы голас сказаў, што «на вяртанне БАТЭ былой славы можа спатрэбіцца не адзін сезон». А на пытанне пра фармаванне «новага баяздольнага калектыву» трэнер адказаў: «Гэта досыць складаны працэс. У гэтым годзе ўсё можа быць. Але нават маленькімі крокамі трэба вяртацца туды, дзе БАТЭ быў».

У Жодзіне коўч паспеў даць і яшчэ адзін каментарый наконт сваёй каманды – зноў вельмі асцярожны.

«Мы цвяроза ацэньваем сітуацыю. Будзем ісці ад гульні да гульні, каб нейкая глабальная мэта не ціснула. Самае важнае, каб хлопцы ў кожнай гульні імкнуліся да станоўчага выніку, а там паглядзім, куды выведзе», – сказаў трэнер.

Дадатковае пытанне пра тое, ці можа БАТЭ «цяпер дабіцца былых поспехаў», Крывушэнка наогул не ўхваліў: «Пакуль некарэктна разважаць на гэтую тэму. Цяпер іншы час». І відавочна намякнуў на грошы – маўляў, пра поспехi можна будзе казаць, калі «будуць умовы, каб футбалісты гулялі тут, а не з’яжджалі за мяжу».

У свежым інтэрв’ю да свайго 60-годдзя Крывушэнка атрымаў ад прэс-сакратара БАТЭ Сяргея Дашкевіча пытанне са словамі пра спад каманды. Трэнер у адказ у чарговы раз «паслаў салому».

«Стаўлюся з разуменнем да таго, што ў жыцці каманды не самы просты перыяд. Важная наяўнасць разумення кіраўніцтва і заўзятараў, што хуткага выніку можа і не здарыцца – усяму свой час. Працы – непачаты край», – сказаў Крывушэнка.

А ад прыхільнікаў БАТЭ трэнер чакае не толькі разумення. Калі Крывушэнка атрымаў ад імя заўзятараў віншавання з юбілеем, то адразу адказаў: «Дзякуй, і спадзяюся, што заўзятары будуць у любой сітуацыі падтрымліваць каманду, прыходзіць на гульні».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты