Tribuna/Футбол/Блогі/Нагельсман раскрыў сямейную таямніцу – яго бацька быў спецагентам і пакончыў з сабой

Нагельсман раскрыў сямейную таямніцу – яго бацька быў спецагентам і пакончыў з сабой

«Ён сапраўды хацеў памерці»

Аўтар — Jaŭhen Paŭlavič
4 сакавіка, 09:52
Нагельсман раскрыў сямейную таямніцу – яго бацька быў спецагентам і пакончыў з сабой

Юліян Нагельсман – адзін з самых абмяркоўваемых трэнераў у Германіі ўжо шмат гадоў. Спачатку, падчас працы ў «Хофенхайме», ён пабіў нямала рэкордаў, звязаных з узростам, пасля нарабіў шуму з «Лейпцыгам» у Лізе чэмпіёнаў, узяў некалькі трафеяў і скандальна сышоў з «Баварыі», а цяпер ён – адна з галоўных надзей нямецкай нацыі напярэдадні дамашняга чэмпіянату Еўропы.

Нядаўна Юллян даў інтэрв'ю вядомаму нямецкаму выданню Der Spiegel, у якім раскрыў вялікую сямейную таямніцу.

***

У размове з журналістамі трэнер, вядома ж, шмат гаварыў пра футбол, нацыянальную зборную і свой досвед працы ў Бундэсліге. Нагельсман, напрыклад, трохі раскрытыкаваў кіраўніцтва «Баварыі» за тое, што яно не дае трэнерам часу, каб пабудаваць новы праект, распавёў пра нацягнутыя стасунки з былымі босамі мюнхенцаў Хасанам Саліхаміджычам і Оліверам Канам, а таксама патлумачыў, чаму вырашыў запрасіць на Еўра Тоні Кроаса.

Зрэшты, ён таксама знайшоў час, каб пагаварыць і пра асабістае – і ўпершыню разгорнута распавёў пра свайго бацьку, які здзейсніў самагубства.

Аказваецца, Нагельсман-старэйшы быў агентам Федэральнай разведвальнай службы Германіі (ФРС займаецца зборам разведзвестак за мяжой).

«Мне нельга шмат расказваць, хоць я нават не ведаю, чым ён займаўся. Ведаю адно – ён не быў сярод высокапастаўленых чыноўнікаў, – распавядае Юліян. – У мяне былі выдатныя адносіны і моцная сувязь з бацькам. Мне было 15 ці 16 гадоў, калі я даведаўся, што ён быў федэральным агентам. Да гэтага я мала што заўважаў і амаль не задумваўся пра гэта.

Ён часта вазіў мяне на трэнінгі з Ландберга, дзе мы жылі, у Мюнхен і час ад часу размаўляў пра гэта са мной. Мне ён расказваў больш за ўсё пра сваю дзейнасць, але ўсё роўна гэта была толькі кропля ў моры інфармацыі.

Яму не дазвалялі расказваць штосьці пра працу. Гэта таксама было прычынай, чаму ён казаў, што яму гэта ўсё абрыдла. На працы ў яго не было магчымасці падзяліцца сваімі клопатамі і пачуццямі. У рэшце рэшт, гэта вельмі ціснула на яго».

Юліян спрабаваў разабрацца з прычынамі смерці бацькі, аднак пытанняў узнікала яшчэ больш.

«Было цяжка. Бацька не пакінуў ні запіскі, ні якога-небудзь тлумачэння. Але тое, як ён наклаў на сябе рукі, дало мне зразумець, што гэтае рашэнне для яго было цалкам зразумелым. Нашай сям'і было не па сабе, але ўся сітуацыя ў цэлым дапамагла ўсвядоміць, што гэта не быў крык роспачы – ён сапраўды хацеў памерці. Таму я павінен паважаць гэтае рашэньне».

Нагельсману было 20 гадоў, калі яму паведамілі пра самагубства бацькі.

«Я да гэтага часу часта ўспамінаю той дзень. Я быў на трэнерскіх курсах непадалёк ад Мюнхена, у Оберхахінгу, і рыхтаваўся да атрымання ліцэнзіі C. Раптам кіраўнік курса папрасіў мяне выйсці на вуліцу – там я сустрэў свайго цесця, які і распавёў мне пра тое, што бацька пакончыў з сабой».

Ранняя страта бацькі дапамагла Нагельсману хутчэй сфармавацца як асоба. Па словах Юліяна, яму адразу прыйшлося клапаціцца пра сям'ю, разбірацца з усімі дакументамі і вырашаць паўсядзённыя пытанні, пра якія большасць у такім узросце нават не задумваюцца: «Мне прыйшлося прымаць сур'ёзныя рашэнні, каб палегчыць лёс маёй маці, якая раптам апынулася ва ўласнам доме без свайго партнёра».

Такія рашэнні маюць іншае значэнне ў параўнанні з тым, якога нападніка выпусціць на поле ў наступным матчы. Менавіта яны і сфармавалі Нагельсмана-малодшага.

Фота: Martin Rose/REUTERS, TSV 1860 München

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты