Tribuna/Футбол/Блогі/Драгун – пра свае інвестыцыі: барам не зарабляе, за раз страцiў 40 тысяч еўра, прапановы атрымлiвае пастаянна

Драгун – пра свае інвестыцыі: барам не зарабляе, за раз страцiў 40 тысяч еўра, прапановы атрымлiвае пастаянна

Укладаннi «як наркотык», стрымальны фактар – жонка.

24 сакавіка, 15:00
Драгун – пра свае інвестыцыі: барам не зарабляе, за раз страцiў 40 тысяч еўра, прапановы атрымлiвае пастаянна

19 сакавiка на канале THE CODE MEDIA выйшла вялiкая гутарка з экс-футбалiстам Станiславам Драгуном. У асноўным размова шла пра грошы. А расказаць Драгуну пра гэта вiдавочна было што. Нават калi браць толькi футбольную карʼеру, Драгун i ў Беларусi ў найлешыя гады атрымлiваў па 20 тысяч долараў на месяц, а ў Расii – у разы больш.

Але ж было вядома i пра ўкладаннi Драгуна. Напрыклад, ён сумесна з яшчэ адным беларускім футбалістам Міхаілам Сіваковым ужо амаль пяць гадоў трымае ў «тусовачным» цэнтры Мінска бар Vinie Jones Pub. У канцы года там звычайна праводзяць спецыяльную вечарыну для абраных уладальнiкамi бара людзей з белфутбола.

А летам 2023-га «Трыбуне» стала вядома, што на грошы Драгуна жыве DMedia – каманда пад заяўку ў расiйскую аматарскую медыялiгу. Як нам удалося высветлiць, праект стварылi па жаданнi рэжымнага «мiнiстра спорту» Сяргея Кавальчука, якi даведаўся, што ў Расii гэта папулярны напрамак, i захацеў упiсаць туды сваё любiмае мiнскае «Дынама». Рэжым тут жа пасадзiў кiраўнiка каманды-канкурэнта, каб перахапiць у яго гатовы матч з расiйскiмi супернiкамi, а менеджар «Дынама» Платон Дзмiтрыеў хутка заняўся наборам новага калектыву.

Вось толькi фiнансавання Кавальчук не даў – сказаў, што для пачатку трэба трапiць у галоўны турнiр расiйскiх аматараў, але не атрымалася прайсцi «стыкi» (цяпер DMedia ўсё ж узялi наўпрост). Вось каманда i жыла на грошы старога знаёмага Дзмiтрыева Драгуна – ён упiсаўся, хаця рэжым, на загад якога стварылi каманду, самога Драгуна фактычна прымусiў завяршыць карʼеру, забаранiўшы гуляць за БАТЭ i ўвогуле ў ЧБ. У свежым iнтэрвʼю, дарэчы, экс-футбалiста запыталi пра сыход – i ён абцякальна адказаў, што «ўзніклі непераадольныя цяжкасці, якія прынялі рашэнне» за яго. А мы нагадаем: унесены ў «чорныя спiсы», Драгун паўгады дарэмна чакаў, што яму «даруюць», 4 чэрвеня абвясцiў канец карʼеры, 13 лiпеня правёў «пакаяльную» прэс-канферэнцыю – i ўжо праз колькi хвiлiн ўпершыню быў адкрыта прадстаўлены ў DMedia.

Вернемся да свежага iнтэрвʼю i таго, чым Драгун зарабляе. Са жнiўня (калi супрачоўнiчаць з iм у Беларусi стала «бяспечна») ён стаў так званым «брэнд-амбасадарам» аднаго з расiйскiх букмекераў – як гэта называе сам экс-футбалiст, «зарабляе тварам».

Што тычыцца бара, Драгун кажа, што ён непрыбытковы.

«Гэта больш было як аддушына. Наша з Сіваковым тэма, [каб было] куды прыйсці, паглядзець футбол, сустрэцца з сябрамі. Нават мінімальных грошай [бар] не прыносіць. Гэта чыста іміджавая гісторыя, якую мы цягнем. Якая асацыюецца з намі, са мной. Грамадскае харчаванне – бізнес, напэўна, самы цікавы, але і самы цяжкi адначасова», – сказаў былы гулец.

Экс-капітан зборнай Беларусi расказаў i пра наяўнасць iншых праектаў, куды ён укладваецца. Вынiкае, што самую вялiкую цiкавасць Драгуна прыцягвае IT-бізнес з яго стартапамi.

«Вельмі шмат напрамкаў, якія мне цікавыя, але не буду іх усё пералічваць. Тая ж айцішка цікавая, нейкія дадаткі, нейкія стартапы. Гэта цікава, бо ты бачыш, як расце тваё стварэнне, якім попытам яно карыстаецца. Альбо бачыш такія ж правалы, калі не карыстаецца попытам. [Думаеш:] «Навошта я ўкатаў туды кучу грошай?». Але зноўку ў гэтую тэму ўлятаеш. Гэта як наркотык – цябе ўжо не спыніць», – прызнаўся былы футбалiст.

Расказаў Драгун і пра тое, што ў яго ёсць не адзiн прыклад вельмi няўдалых ўкладанняў. Канкрэтны выпадак таксама пагадзiўся агучыць.

«Гадоў сем цi восем таму прапанавалі адзін стартап, які развіваўся ў Галандыі. На паперцы ўсё добра было – што iх дадатак вырашаў канкрэтную праблему. Я кажу: «Давай паспрабуем». Паспрабаваў – i ўсё, ні слыху, ні дыху. [Спрабаваў] грошы вяртаць – кажуць, тыя партнёры не паднімаюць слухаўкi, не адказваюць, ну і ўсё.

Сколькi страціў? 40 тысяч еўра. Для мяне гэта вялікія грошы. Прычым я захадзіў не на першых этапах інвеставання, i за гэтыя 40 тысяч, па-мойму, [толькi] 3% цi 5% кампаніі выкупіў», – падсумаваў Драгун.

Драгун сказаў, што прапановы ўкласціся куды-небудзь яму паступаюць рэгулярна. З часам ён стаў больш дасведчаным у выбары партнёраў, але ж вы таксама можаце паспрабаваць чымсьцi зацiкавiць экс-футбалiста праз яго Instagram.

«У месяц па дзве-тры прапановы паступае – туды ўкласціся, туды. Але цяпер гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Iдзе вельмi вялікі аналіз. I я ўжо аброс, так бы мовiць, магчымасцямі даведвацца пра праекты, пра людзей. У першую чаргу не праект вырашае, не iдэя, а людзi. I сярэднюю iдэю тры добрых спецыялiсты вывязуць», – упэўнены Драгун.

Таксама экс-футбалiст расказаў, што ад дрэнных укладанняў яго нярэдка стрымлівала жонка Таццяна.

«Жонка была як такі тормаз. Я казаў: «Трэба туды лезці, усё». А яна: «Не, стой, пачакай, падумай, не трэба». Са свайго песімістычнага пункту гледжання яна гэта ўсё даказвала – і недзе спыняла мяне. Недзе не, але потым атрымлівалася так, што яна мела рацыю – і [былі] легендарныя фразы: «Я ж казала табе», – успомнiў Драгун.

А яшчэ Драгун даў параду маладым гульцам – дбаць пра свой фiнансавы стан яшчэ падчас карʼеры. Былы футбалiст прывёў сябе як добры прыклад.

«Тое, што я абпальваўся, – гэта нармальная гісторыя. I я потым зразумеў, што зрабіў правільна, пачаўшы ўкладваць, калi яшчэ быў футбалістам. Няхай першыя інвестыцыі не прынеслі вялікага даходу – але да гэтага часу прыносяць маленькую капеечку, але прыносяць [некаторые з iх], якія я зрабіў там 11 гадоў таму.

Я любіў i люблю адпачыць прыгожа. Мне дазвалялi фiнансы, ды i гэта нармальна – схадзіць адпачыць, схадзiць у добры рэстаран. Але пры гэтым я грошы вялікія не прагульваў, не прайграваў у казiно там, а кудысьці стараўся ўкладваць. Калі ты прагараеш – акей, але ў цябе ёсць заробак добры, прыход ідзе. I ты недзе пачынаеш эканоміць – не злятаў кудысьці, лішні раз у рэстаран не пайшоў, а зноў збіраеш грошы, каб кудысьці ўкласці. I ты потым не так моцна адчуваеш гэтую страту.

А некаторыя казалі: «Я цяпер думаю толькі пра футбол. Скончыцца карʼера – вось потым буду ўкладваць». І я думаю, калі б я [толькi] цяпер уклаў першыя вялікія грошы і прагарэў, а прыходаў [заробку] няма, то сказаў бы: «Не-не-не, напэўна, тэма не мая. Я лепш буду сядзець на сваёй скарбонцы, браць паціху».

Але ёсць залатое правіла грошай, што ў іх ёсць уласцівасць заканчвацца. Ты бярэш [з запасаў], паступленняў няма – становіцца цяжэй, таму што ўзровень жыцця ў цябе дастаткова высокі. Я не шкадую, што я пачаў, скажам так, старацца думаць пра будучыню яшчэ гульцом», – распавёў Драгун.

Зрэшты, сучаснаму пакаленню беларускiх футбалiстаў будзе не так лёгка скарыстацца парадамi папярэднiка – заробкаў у 20 тысяч долараў у ЧБ ужо i блiзка няма, ды i нават дзве тысячы не ўпiсваюцца ў сучасны лiмiт. А рэальныя прыбыткi ў многiх гульцоў ужо не даюць нiякага «прыгожага адпачынку» – хапiла б на простае жыццё.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты