Tribuna/Футбол/Блогі/На фоне выкліку ў зборную ў выхадца з Беларусі пайшло ў Бельгіі: у 19 пачаў стабільна гуляць і праяўляць моцныя бакі

На фоне выкліку ў зборную ў выхадца з Беларусі пайшло ў Бельгіі: у 19 пачаў стабільна гуляць і праяўляць моцныя бакі

Што адбываецца з Максімам Кірэевым.

Аўтар — bytribuna com
8 красавіка, 12:21
2
На фоне выкліку ў зборную ў выхадца з Беларусі пайшло ў Бельгіі: у 19 пачаў стабільна гуляць і праяўляць моцныя бакі

У сакавіку за зборную Беларусі дэбютаваў ураджэнец Бруселя Максім Кірэеў.

Сын беларусаў, якія пераехалі жыць у Бельгію, выйшаў на замену ў спарынгу супраць Чарнагорыі (0:2). На той момант Кірэеву было 19 гадоў 8 месяцаў і 12 дзён – так ён стаў 17-м па маладосці гульцом у гісторыі зборнай. Праз некалькі дзён хаўбек правёў 84 хвіліны з Мальтай (0:0).

На фоне навін пра зборную і выступленні за яе ў Кірэева пайшлі ў гару справы на клубным узроўні. 24 лютага 2024-га «Льерс Кемперзанен» (Д2 Бельгіі) узначаліў ужо чацвёрты трэнер у гэтым сезоне – 44-гадовы Свен Вандэнбрук. Як футбаліст ён гуляў у наймацнейшых дывізіёнах Бельгіі і Нідэрландаў. Трэнерскую карʼеру пачынаў асістэнтам у грэчаскіх і бельгійскіх клубах, а з 2016-га працаваў у афрыканскіх камандах і зборных. Да «Льерс Кемперзанен» працаваў у алжырскім «Белуіздадзе» (ліпень-кастрычнік 2023-га).

Вандэнбрук прыняў бельгійскі калектыў на 14-м месцы з 22 пунктамі пасля 23 тураў. У Д3 вылятаюць дзве найгоршыя каманды – з 15-га і 16-га месцаў. Ад зоны вылету каманду Кірэева на той момант аддзялялі тры пункты.

Новы трэнер пачаў з таго, што змяніў сістэму гульні. Калі раней «Льерс Кемперзанен» гуляў 4-5-1, то Вандэнбрук зрабіў стаўку на расстаноўку з пяццю абаронцамі, выпускаючы то аднаго, то двух нападнікаў. На момант прызначэння трэнера Кірэеў не быў гульцом стартавага складу: 15 разоў выходзіў на поле (толькі раз з першых хвілін), але не набраў ніводнага бала па «гол+пас».

Вандэнбрук таксама спачатку выпускаў Кірэева з лаўкі. Аднак ужо ў першай гульні пры новым трэнеры той забіў свой першы мяч на дарослым узроўні. Для гэтага спатрэбілася ўсяго дзве хвіліны пасля выхаду на замену ў матчы з «Франс Барэйнс» (3:1).

У наступнай гульні з «Берсхотам» (1:2) Кірэеў ізноў зʼявіўся з лавы запасных – на гэты раз усяго на 11 хвілін. Пасля Вандэнбрук перагледзеў ролю беларуса і з таго часу стабільна выпускае з першых хвілін. Трэнер, як і яго папярэднікі, карыстаецца шырокім функцыяналам футбаліста: той можа выйсці не толькі чыстым нападнікам (як гэта было ў зборнай у Алоса), але і крыху ніжэй, а таксама на любым флангу, таму што аднолькава добра валодае абедзвюма нагамі.

Упершыню ў сезоне ўсе 90 хвілін на полі Кірэеў правёў супраць «Льежа». У канцы першага тайма «Льерс Кемперзанен» зрабіў лік 1:1 з пенальці. 11-метровы каманда зарабіла за гульню рукой, якая здарылася пасля хуткага аўта ад Кірэева.

Вандэнбрук па ходзе матча мяняў флангі для гульца. І менавіта ён на 80-й хвіліне зрабіў лік 2:2: уварваўся справа ў штрафную суперніка і ўдарам левай патрапіў у дальні кут.

А на восьмай кампенсаванай хвіліне «Льерс Кемперзанен» вырваў перамогу 3:2. Так каманда Вандэнбрука пачала пераможную серыю, якая цягнецца дагэтуль. У наступным туры быў абгуляны «Стандард-2». Кірэеў да сярэдзіны другога тайма дзейнічаў на пазіцыі левага інсайда, затым на дзясятак хвілін перакваліфікаваўся ў нападніка, а пасля быў заменены. Матч застаўся за яго камандай 1:0.

У суботу 6 сакавіка «Льерс Кемперзанен» прымаў «Бруге-2». На гэты раз Вандэнбрук паставіў выхадца з Беларусі на пазіцыю левага нападніка. На 57-й хвіліне Кірэеў давёў лік на табло да 3:0: на хуткасці абгуляў абаронцу і магутным ударам расстраляў вароты – цяпер ужо правай нагой.

Гэты гол выдатна дэманструе наймацнейшыя якасці гульца – абводкі і рыўкі з прасоўваннем мяча наперад на дзясяткі метраў. У бельгійскім Д2 Кірэеў у сярэднім ідзе ў абводку 7,4 раза за 90 хвілін (13-ы паказнік па лізе). Паспяховымі атрымліваюцца 53,7 працэнта спроб. Што да рыўкоў з прасоўваннем, то іх у футбаліста ў сярэднім 3,9 за 90 хвілін, а гэта 12-ы паказнік па лізе.

Дзякуючы чатыром перамогам у пяці матчах «Льерс Кемперзанен» узняўся на дзясятае месца, якое дзеліць з «Бруге-2». Цяпер ад зоны вылету каманду аддзяляюць дзевяць балаў. Адзначым, што падапечныя Вандэнбрука бралі перамогі з прамымі канкурэнтамі з другой паловы табліцы. Пры новым трэнер «Льерс Кемперзонен» страціў пункты толькі з «Берсхотам», які цяпер лідаруе ў Д2.

Сёння Кірэева можна назваць галоўным маладым трансферным актывам клуба. З футбалістаў маладзейшых за 21 год толькі беларус стабільна выходзіць у кожным матчы. У снежні 2023-га партал Transfermarkt падняў кошт гульца да 150 тысяч еўра. Гэта далёка не топавы цэннік для «Льерс Кемперзонена», дзе ў сярэднім футбалісты каштуюць па 229 тысяч еўра (11-е месца па лізе сярод каманд).

Кантракт Кірэева з клубам разлічаны да лета-2025. Аднак прыхільнікі «Льерс Кемперзонена» ужо сёння прапануюць даць футбалісту новае пагадненне на даўжэйшы тэрмін, каб захаваць яго на будучыя сезоны або выгадна прадаць у іншы клуб.

«Прапануйце, калі ласка, кантракт!»

«Паважанае кіраўніцтва. Калі ласка, выявіце хоць раз разважлівасць і падоўжыце кантракт з гэтым хлопчыкам на тэрмін ад трох да пяці гадоў. У рэшце, гэта інвестыцыі. Калі ён будзе сыходзіць, давядзецца выкупляць доўгатэрміновы кантракт. Гэта пойдзе клубу толькі на карысць, дастаткова талентаў ужо сышло адсюль проста!»

«Падоўжыце кантракт! Прымушае задумацца, чаму ён так шмат часу правёў на лаўцы запасных у гэтым сезоне…»

«Перападпісанне Кірэева будзе перамогай».

«У яго кантракт да 2025 года. Так што не панікуйце».

«Я думаю, што папярэднія клубы [Кірэева] былі сляпымі і не далі шанцу такому таленту».

«Ён быў не такі моцны ў пачатку сезона. Моцна вырас. Добрая эвалюцыя».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты