Tribuna/Футбол/Блогі/У Гродне трэнер рабіў прапанову дзяўчыне падчас футбольнага матча. Дзецям, якія дапамагалі, вельмі спадабалася

У Гродне трэнер рабіў прапанову дзяўчыне падчас футбольнага матча. Дзецям, якія дапамагалі, вельмі спадабалася

Развязка прадказальная.

Аўтар — Pam-pam
8 красавіка, 15:00
У Гродне трэнер рабіў прапанову дзяўчыне падчас футбольнага матча. Дзецям, якія дапамагалі, вельмі спадабалася

Сёння зрабіць прапанову сваёй палавінцы падчас спартыўнага мерапрыемства – не такая ўжо сенсацыя. Так, руку і сэрца прапаноўвалі на матчы гандбалістцы «Гомеля» Наталлі Маркавай, баскетбольнаму арбітру Анастасіі Раскопе, а яшчэ заўзятаркам «Шахцёра» і мінскага «Дынама».

Праўда, ні адна з гэтых гісторый не здолела пабіць па папулярнасці прапанову футбаліста «Смаргоні» Уладзіслава Шубовіча. Увосень 2022-га падчас матчу супраць пінскай «Хвалі» хлопец вырашыў не чакаць фінальнага свістка і стаў на калена ў адной з паўз. Толькі вось на заклік Шубовіча першым адгукнуўся мужчына моцнай камплектацыі (прапанова рабілася не яму), а потым сцюард палічыў абраніцу Шубовіча парушальніцай грамадскага парадку і так адштурхнуў, што замест прыгожай гісторыі ледзь не ўсчалася бойка.

І ўсё ж футбалісту «Смаргоні» ўдалося скончыць пачатае і пачуць «так». Відэа моманту хутка разляцелася па сусветных спартыўных пабліках і сабрала мільёны праглядаў, а пара яшчэ год дабіралася да ЗАГСу.

У мінулыя выходныя ў Гродне абышлося без такіх прыгод, але пэўная разыначка ўсё ж была. У перапынку матча «Нёман» – «Тарпеда-БелАЗ» прапанову сваёй дзяўчыне рабіў трэнер мясцовай СДзЮШАР Ілля Ляўша. Падтрымаць яго прыйшла пара дзясяткаў выхаванцаў з паветранымі шарыкамі. Ім працэдура відавочна спадабалася. Малыя ад душы крычалі: «Віншуем!» Дзяўчына была вельмі ўсцешаная. Калі яна ўрэшце адказала «Так!», на трыбунах з'явіўся плакат «Яна сказала так».

25-гадовы Ляўша ў свой час сам спрабаваў гуляць у футбол і правёў пару сезонаў у дублі «Нёмана» (агулам адбегаў 44 матчы). Яго выбранніцай стала Ганна Крук. Дзяўчына працуе цырульніцай.

Асабістыя сацсеткі яна вядзе не вельмі актыўна. Самы свежы пост там датаваны 13-м лютага – ў ім дзяўчына падзялілася здымкам з аднаго з гродзенскіх кафэ.

У цэлым жа яе акаўнт – гэта набор уласных фатаграфій у розных лакацыях.

Яе жаніх працуе з групай дзяцей 2013 года нараджэння.

Сам час ад часу гуляе на аматарскім узроўні.

Знакавы для пары матч завяршыўся перамогай «Нёмана» дзякуючы пенальці, пастаўленаму пасля спрэчнага моманту. Пасля трох тураў каманда Ігара Кавалевіча ідзе другой у табліцы.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты