Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Помніце, як год таму сцюард у Смаргоні не пускаў нявесту на поле? Развязка гэтай гісторыі здарылася зусім нядаўна

Помніце, як год таму сцюард у Смаргоні не пускаў нявесту на поле? Развязка гэтай гісторыі здарылася зусім нядаўна

Раней за ЗАГС футбаліст паспеў дэбютаваць у вышэйшай лізе і нават вызначыцца голам (але атрымалася не вельмі).

Аўтар — KentYara98
7 снежня, 07:23
Помніце, як год таму сцюард у Смаргоні не пускаў нявесту на поле? Развязка гэтай гісторыі здарылася зусім нядаўна

Гэты чэмпіянат Беларусі для «Смаргоні» склаўся не самым удалым чынам. Каманда атрымала ўсяго 7 перамог у 28 гульнях і з 24 пунктамі размясцілася на выніковым 11-м радку ў табліцы. Пасля несуцяшальных вынікаў нават з'явіліся чуткі, што зімой каманда ўвогуле можа спыніць сваё існаванне. Але, здаецца, гэтага усё ж такі не здарыцца.

Ёсць у смаргонскай камандзе тыя, хто дакладна запомніць гэты год, няхай і не дзякуючы выбітнай гульні. Вось, напрыклад, у канцы кастрычніка 23-гадовы гулец «мядзведзяў» Уладзіслаў Шубовіч ажаніўся са сваёй абранніцай Аленай. Помніце гэтую пару?

А вы амаль дакладна пра яе чулі. У лістападзе мінулага года абаронца задумаў прыгажосць - вырашыў зрабіць прапанову рукі і сэрца сваёй дзяўчыне Алене наўпрост на футбольным полі падчас матча першай лігі. Не ўсе ведалі пра гэты план. Сцюард не зразумеў, чаго гэта незнаёмка збіраецца ісці да гульцоў, і нават штурхнуў без пары хвілін нявесту, каб яе спыніць. Але хіба спыніш сапраўднае каханне?

Відэа таго інцыдэнту стала вірусным і нават патрапіла ў адзін з найбуйнейшых футбольных паблікаў у інстаграм 433. Пазней адважны сцюард нагадае пра сябе. 10 верасня гэтага года Сяргей Новік ва ўзросце 68 гадоў 2 месяцаў і 11 дзён выйшаў на поле ў складзе «Смаргоні-2» у матчы Д3 супраць «Мастоў» (0:1) і стаў самым узроставым гульцом у гісторыі беларускага футбола. Уласна, Новік і ёсць той самы сцюард.

Шлях ад словаў да справы ў маладога футбаліста аказаўся не самым хуткім. Да ЗАГСа са сваёй дзяўчынай яны дабраліся толькі 21 кастрычніка гэтага года. Абышліся без пышных урачыстасцяў – на афіцыйную цырымонію былі запрошаныя толькі самыя блізкія.

Вобраз нявесты выглядаў даволі лаканічным – сукенка па постаці з рукавамі-ліхтарыкамі, жаніх быў у цёмным гарнітуры з штанамі, якія агаляюць шчыкалатку.

Як піша сама дзяўчына – з надворʼем ім не вельмі пашанцавала, але вясельная фотасесія ў восеньскіх колерах усё роўна адбылася.

Што да гульнявога года, то тут для Шубовіча ўсё склалася не супер, але і не так ужо кепска. Напрыклад, хлопец дэбютаваў у вышэйшай лізе. З большага ў чэмпіянаце быў асноўным абаронцаў для «мядзведзяў», а з відавочных спадаў можна вылучыць хіба што «вясельны» кастрычнік – там ён прапусціў усе чатыры матчы свайго калектыву. На наступны дзень пасля цырымоніі ягоная «Смаргонь» прымала «Гомель» – і без шанцаў згарэла 0:3. Шубовіча не было нават у заяўцы. Пасля дзве гульні ён правёў у запасе.

Яшчэ ў траўні абаронца адкрыў лік галам на топ-узроўні. Бяда толькі, што забіў ва ўласныя вароты, чым распачаў выязную перамогу «Шахцёра» 3:1.

Быў Шубовіч у складзе, і калі «Смаргонь» пацярпела найбуйнейшую паразу ў сваёй гісторыі ў вышэйшай лізе, атрымаўшы 0:7 ад «Дынама». Агулам у футбаліста 19 матчаў у ЧБ-2023, у іх ён атрымаў дзве жоўтыя карткі, а ў сярэднім праводзіў на полі па 75 хвілін.

Іншыя пасты блога

Усе пасты