Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Падобна, што ліквідацыя «Смаргоні» скасаваная. Клуб захаваў чалавека, ад якога шмат чаго залежыць

Падобна, што ліквідацыя «Смаргоні» скасаваная. Клуб захаваў чалавека, ад якога шмат чаго залежыць

Але некаторыя перамены напэўна будуць (бедныя жанчыны!).

Аўтар — bytribuna com
29 лістапада, 17:47
Падобна, што ліквідацыя «Смаргоні» скасаваная. Клуб захаваў чалавека, ад якога шмат чаго залежыць

26 лістапада «Смаргонь» завяршыла сезон-2023 – апошні тур вышэйшай лігі каманда прапускае, а таму перамога над брэсцкім «Дынама» (3:1) стала заключным матчам гэтага года для калектыву з Гродзенскай вобласці. Зрэшты, калі меркаваць па некаторых паведамленнях, гэтая гульня можа стаць увогуле апошняй у гісторыі «Смаргоні» (ва ўсякім разе, на бліжэйшую будучыню). Паводле інфармацыі журналіста Мікалая Іванова, клуб чакае расфармаванне. Нібыта мужчынскі калектыў знікне «хутчэй за ўсё», а жаночы – «напэўна». «Трыбуна» даведалася, якая насамрэч склалася сітуацыя ў «Смаргоні». Не простая, але і не такая ўжо крытычная.

Сезон «Смаргоні»: адна перамога ўдома, недарэчная тэхпараза, шэдэўры маладога гульца

Вярнуўшыся пасля года ў першай лізе, «Смаргонь» вялікіх задач на чэмпіянат-2023 не ставіла. У выніку нават на званне моцнага «сярэдняка» не напрацавала, хоць у сезоне і рабіла сюрпрызы.

Калектыў Ігара Трухава першым завяршыў сезон, у 28 матчах атрымаўшы ўсяго сем перамог, тройчы згуляўшы ўнічыю і пацярпеўшы 18 параз. На сёння гэта 11-е месца, але калі «Нафтан» пераможа «Нёман» у апошнім туры, то «Смаргонь» – яна тур прапускае – застанецца 12-й. Статыстыка «мядзведзяў» у гэтым сезоне сціплая: па забітых мячах (28) каманда займае пятае месца з канца, а абарона пакуль найгоршая ў лізе. З 59 мячоў 50 уляцела ў вароты 30-гадовага Паўла Ахрэмчука ў 25 матчах «вышкі». Зрэшты, «Белшына», у якой на адзін прапушчаны мяч меней, можа яшчэ перахапіць у «Смаргоні» лідарства.

Запомніўся чэмпіянат-2023 у выкананні «Смаргоні» некалькімі момантамі. Падапечныя Трухава атрымалі ўсяго адну гасцявую перамогу – і тое толькі 27 кастрычніка, калі ў Мінску ўдалося абгуляць «Энергетык-БДУ» 4:2. Астатнія шэсць перамог – хатнія. У асноўным, удавалася абгульваць сераднякоў і аўтсайдараў («Белшыну», «Слуцк», «Нафтан», «Энергетык-БДУ» і брэсцкае «Дынама»). Аднак у канцы чэрвеня «Смаргонь» выдала сенсацыю – на стадыёне «Юнацтва» адолела будучага чэмпіёна мінскае «Дынама» 3:1. Той матч запомніўся і лікам, і фантастычным голам 20-гадовага паўабаронцы гаспадароў Мацвея Дуксы з цэнтру поля і не менш фантастычным ляпам галкіпера «бела-блакітных» Дзяніса Шпакоўскага.

Да нечаканасцяў у выкананні «мядзведзяў» можна прылічыць нічыю з «Тарпеда-БелАЗ» (1:1) у сярэдзіне жніўня. А з фэйлаў можна вылучыць матч з «Нафтанам» (2:2), калі Трухаў і ягоныя памочнікі не ўсачылі за заменамі і парушылі пункт рэгламенту па «лімітчыкам». У выніку – тэхнічная параза 0:3 па рашэнні КДК АБФФ.

Што да асобаў, у гэтым сезоне ў «Смаргоні», безумоўна, вылучаўся Мацвей Дукса – унук беларускага пісьменніка Марʼяна Дуксы і сын легенды смаргонскага футбола Уладзіслава Дуксы (рэкардсмена па колькасці матчаў у «вышцы» за «мядзведзяў», 67, і ў цэлым за каманду – 342). Хаўбек, якому 8 красавіка споўнілася 20, стаў найлепшым бамбардзірам «Смаргоні» ў гэтым сезоне і самым карысным гульцом (8 галоў, 8 асістаў). Выхаванец смаргонскай ДзЮСШ – і аўтар першага гола каманды ў вышэйшай лізе-2023. Запомніўся шыкоўнымі стрэламі ў вароты мінскага «Дынама», «Нафтана» і «Белшыны», трыма пунктамі (1+2) у матчы са «Слуцкам» і званнем найлепшага гульца ЧБ у чэрвені.

Аднак у цэлым сезон у «Смаргоні», хатнія матчы якой у сярэднім наведвалі 1112 чалавек (толькі тры сустрэчы сабралі менш за тысячу гледачоў), атрымаўся не самым яркім. Тут жа можна ўспомніць і вылет з 1/16 фіналу Кубка ад першалігавага «Астраўца» (0:2).

Праблемы ёсць, але пра расфармаванне ніхто не думае

За некалькі дзён да заключнага матчу «Смаргоні» ў сезоне-2023 зʼявіліся размовы пра тое, што клуб можа быць расфармаваны. Журналіст Мікалай Іваноў расказаў, што ў «кулуарах пагаворваюць» пра такое развіццё падзей зімой. І гаворка вядзецца як пра мужчынскую каманды, так і пра жаночую.

Як удалося даведацца «Трыбуне», у клубе з Гродзенскай вобласці сапраўды існуюць фінансавыя праблемы, аднак пра тое, што «Смаргонь» перастане існаваць, гаворкі, прынамсі сёння, няма і блізка.

Яшчэ ў красавіку дырэктар клуба Павел Люцько расказваў, што па ўмовах ягоны калектыў саступае большасці прадстаўнікоў Д1, таму даводзілася «з хлопцамі размаўляць, угаворваць». Як нам удалося даведацца, «Смаргонь» у гэтым сезоне ўваходзіла ў тройку ўдзельнікаў з найменшымі бюджэтамі. Па звестках нашых крыніц, бяднейшымі за «мядзведзяў» былі толькі «Белшына» і «Энергетык-БДУ» – галоўныя аўтсайдары сезона.

Зарплаты ў «Смаргоні» таксама былі аднымі з самых нізкіх у лізе. Гульцы атрымлівалі па 1-2 тысячы рублёў. Дзве тысячы рублёў, паводле нашай інфармацыі, мелі брамнік Ахрэмчук і 35-гадовы абаронца Сяргей Усеня. 28-гадовы форвард Глеб Расадкін (адзначыўся ў сезоне трыма галамі і трыма асістамі ў 19 матчах) меў паўтары тысячы рублёў. Для параўнання ў «Нафтане» максімум даходзіць да 2,5 тысяч рублёў, у «Белшыне», як і «Слуцку», некаторыя гульцы атрымлівалі па тры тысячы. Па афіцыйных выплатах гульцы «Смаргоні» знаходзяцца недзе побач з «Энергетыкам-БДУ», дзе футбалісты ў большасці сваёй атрымліваюць не больш за тысячу рублёў.

Практычна ўвесь сезон заробкі налічваліся смаргонцам своечасова. Па нашых звестках, на працягу года здарылася толькі адна затрымка – на месяц, але яе ўдалося пагасіць. Пры гэтым перад сезонам футбалістам і трэнерамі абяцалі прэміяльныя і надбаўкі. Аднак за год такіх выплатаў не было ні разу. І сёння кіраўніцтва «Смаргоні» шукае спосабы, каб пагасіць запазычанасці па дадатковых выплатах. Якраз гэтыя даўгі і зʼяўляюцца падставай для кулуарных размоваў пра незайздросную будучыню клуба.

І другі момант, які даў глебу для чутак, – магчымая змена дырэктара, пра што загаварылі ў пачатку лістапада. Тады, паводле інфармацыі «Трыбуны», Павел Люцько разглядаўся на пасаду старшыні «Мінска», дзе ён мог змяніць Аляксея Сытава. Як кажуць нашыя крыніцы, у такім выпадку «Смаргонь» сапраўды апынулася б на мяжы расфармавання, бо менавіта на Люцько, на ягоным уменні шукаць грошы і дамаўляцца з чыноўнікамі, трымаецца клуб. Кандыдатура функцыянера на пераход у «Мінск» разглядалася гарадскімі ўладамі некалькі тыдняў і ў выніку не была зацверджаная. Па якіх дакладна прычынах, нам невядома, але, як кажуць у кулуарах, чыноўнікі вырашылі не рызыкаваць, прызначаючы чалавека з футбола з меркаваннем, а палічылі за лепшае даверыць месца больш «згодліваму і паслухмянаму» функцыянеру. Будзе гэта Сытаў альбо нехта іншы, хутка высветліцца.

Так ці інакш, на сёння 36-гадовы Люцько па-ранейшаму кіруе «Смаргонню» (дырэктарам зʼяўляецца з лета 2020-га). А гэта значыць, што, як і раней, з высокай імавернасцю ён здолее знайсці падыход да абласных уладаў. Прынамсі, нашыя суразмоўцы перакананыя, што без цяперашняга кіраўніка «Смаргоні» было б яшчэ горай, а вось з Люцько казаць пра расфармаванне дакладна не варта.

Паводле нашай інфармацыі, цяпер ідзе працэс падпісання плана развіцця на 2024 год. Па звестках крыніц, нічога не мусіць перашкодзіць таму, каб «Смаргонь» атрымала подпіс ад так званага міністра спорту. У мінулым годзе клуб стаў адным з першых у «вышцы», каму дакумент зацвердзілі, дазволіўшы карыстацца падтрымкай з бюджэту.

У 2023-м партнёрамі «Смаргоні» была адна з букмекерскіх кампаній і найбуйнейшая гандлёвая сетка краіны. Пакуль пра спыненне супрацы з імі размова не ідзе. Як кажуць нашыя крыніцы, «Смаргонь» мае намер далей гуляць у вышэйшай лізе.

Па жаночай камандзе пытанняў болей

Па нашай інфармацыі, няма ў клубе і размоваў пра расфармаванне жаночай каманды. Кіраўніцтва «Смаргоні» мае намер захаваць калектыў на наступны сезон, аднак вялікая верагоднасць, што каманда пройдзе праз вымушанае кардынальнае абнаўленне.

Жаночая «Смаргонь» выступае ў ЧБ з 2022 года, ставячы сабе задачай забяспечываць магчымасць развівацца маладым футбалісткам побач з больш вопытнымі калегамі, якія таксама ёсць у складзе. У сезоне-2022 «Смаргонь» фінішавала сёмай з 10, а ў мінулым чэмпіянаце паказала куды лепшы вынік: 48 пунктаў у 30 матчах (15 перамог, 3 нічыіх, 12 паразаў), шосты радок сярод 11 удзельнікаў. Самай выніковай у калектыве стала 27-гадовая паўабаронца Юлія Дубень – з 22 галамі падзяліла чацвёрты радок у спісе бамбардзіраў ЧБ.

Пры гэтым жаночая каманда перажыла няпросты год. Па нашых звестках, практычна ўвесь сезон дзяўчыны гулялі без грошай. Толькі пару разоў ім перападалі мізэрныя сумы. Перад футбалісткамі сабраліся даўгі, якія таксама трэба закрываць. А вось дзе ўзяць грошы, гэта пытанне.

Як кажуць нашыя крыніцы, улады Гарадзенскай вобласці ўжо далі зразумець кіраўніцтву «Смаргоні», што гатовыя дапамагаць фінансава толькі мужчынскай камандзе. А калі гаворка заходзіць пра жаночую, то спасылаюцца на крызіс. У клубе разглядаюць варыянт рэзкага амаладжэння жаночага калектыву са стаўкай на зусім маладых футбалістак, у тым ліку выхаванак мясцовай ДзЮСШ, якія хочуць паказаць сябе на дарослым узроўні. Сярод опцый – запрашэнне па рэшткавым прынцыпе на вельмі сціплыя ўмовы футбалістак, якія не зацікавілі іншыя калектывы. Аднак і пра расфармаванне жаночага калектыву ў клубе пакуль не думаюць і плануюць заяўляцца ў чэмпіянат-2024.

Іншыя пасты блога

Усе пасты