Tribuna/Футбол/Блогі/У ЧБ усё ж падпісалі першага ў 2024-м серба – яго бацька злаваў Раналду і судзіў кіеўскі фінал ЛЧ, а цяпер працуе ў Расіі

У ЧБ усё ж падпісалі першага ў 2024-м серба – яго бацька злаваў Раналду і судзіў кіеўскі фінал ЛЧ, а цяпер працуе ў Расіі

Там у намах – настаўнік беларускіх арбітраў.

Аўтар — bytribuna com
28 красавіка, 06:00
У ЧБ усё ж падпісалі першага ў 2024-м серба – яго бацька злаваў Раналду і судзіў кіеўскі фінал ЛЧ, а цяпер працуе ў Расіі

27 красавіка «Мінск» абвясцiў пра пераход, дзякуючы якому «вышка» ў 2024-м усё ж не засталася без сербаў – да гэтага дня іх у лізе ўпершыню за 14 гадоў не было, пра прычыны мы ўжо расказвалі.

Падпісаўшы кантракт да канца года, навічком «гараджан» на правах свабоднага агента стаў 21-гадовы цэнтральны абаронца Огнен Мажыч. Вопыт у яго ёсць толькі на Радзіме – футбаліст прайшоў маладзёжныя каманды «Спартака» з Субоціцы і летам 2020-га прабіўся ў першы склад, праўда, у Д1 згуляў толькі тры матчы. Тады ж абаронцу выклікалі ў зборную Сербіі U-19, але дэбютаваць не далі. Далей Мажыч два сезоны выступаў у сербскім Д2 - сумарна правёў 24 матчы за «Бачку», «Вршац» і «Нові Сад».

«Мiнск» узяў гульца пасля доўгай паўзы – з лета 2023-га Мажыч заставаўся без каманды. У сваім апошнім на цяпер афіцыйным матчы, 20 мая 2023-га, абаронца аформіў аўтагол на карысць «Жалезнічара» з Панчава.

Значна больш вядомы ў футболе бацька навічка «Мінска». Міларад Мажыч – у мінулым адзін з топавых арбітраў ФІФА, суддзя фіналаў Кубка канфедэрацый-2017, Суперкубка Еўропы-2017 і Лігі чэмпіёнаў-2018, калі ў Кіеве гулялі «Рэал» і «Ліверпуль». Таксама быў уключаны ў шорт-ліст магчымых суддзяў фіналу Еўра-2016 (але ва УЕФА ўсё ж абралi англічаніна Марка Клатэнбурга). Дзевяць разоў Мажыча прызнавалі найлепшым арбітрам Сербіі. У траўнi 2017-га фінал Кубка Сербіі паміж «Црвенай Звездай» і «Партызанам» нават перанеслі, каб Мажыч паспеў прыляцець на гульню. Ён трымае рэкорд – 14 адпрацаваных дэрбі гэтых сербскіх грандаў. Акрамя таго, Мажыч судзіў матчы чэмпіянатаў Егіпта, Катара, Кітая і Румыніі.

У беларускіх заўзятараў са стажам дакладна ёсць шчаслівы ўспамін, звязаны з Мажычам. Менавіта ён судзіў матч маладзёжнага ЧЕ-2011 паміж Беларуссю і Чэхіяй за месца на АГ. У другім тайме чэх Лукаш Ваха атрымаў ад рэферы другую жоўтую картку, а пад канец матча Ягор Філіпенка забіў адзіны мяч у матчы, чым дадаў зборнай да бронзавых медалёў турніру пуцёўку ў Лондан-2012.

У кастрычніку таго ж года Мажыч судзіў таварыскі матч Румынія – Беларусь. У Бухарэсце па ходзе спарынгу госці двойчы адыгрываліся, узяўшы нічыю 2:2 дзякуючы голу Станіслава Драгуна на 82-й хвіліне.

Пазней Мажычу даверылі чвэрцьфінал Лігі чэмпіёнаў і паўфінал Лігі Еўропы, а ў 2014-м упершыню пусцілі на ЧС – але там праца атрымалася скандальнай. Першым для суддзі на турніры стаў матч Германія – Партугалія (4:0). Ужо ў яго пачатку Мажыч прызначыў спрэчны пенальці ў партугальскую браму.

У канцы першага тайма матча арбітр паказаў прамую чырвоную картку Пепе за тое, што той спачатку патрапіў рукой у твар Томасу Мюлеру, а затым падбег да яго і баднуў.

Не раз арбітру выказваў прэтэнзіі Крышцiяну Раналду, які быў незадаволены трактоўкай партугальскіх падзенняў у нямецкай штрафной.

У рэшце рэшт гулец партугальцаў Рауль Мейрэлеш зрабіў вось гэта.

Праўда, потым у партугальскай федэрацыі сцвярджалі, што Мейрэлеш такім чынам даваў інструкцыі партнёру. Ну а галоўны трэнер Партугаліі Паўлу Бенту пасля матча абвінаваціў Мажыча ў прадузятасці.

Другім і апошнім для Мажыча на бразільскім ЧС стаў матч Аргенціна – Іран (1:0). Там іранцы лічылі, што рэферы пазбавіў іх каманду чыстага пенальці. Галоўны трэнер Ірана Карлуш Кейруш казаў, што «суддзя і Месі зрабілі вынік», а іранская федэрацыя падала пратэст. У той жа гульні Мажыч паставіў на месца кутні сцяжок, які знёс, ўспылiўшы, Серхіа Агуэра.

Правал на ЧС не паставіў крыж на кар’еры Мажыча – пра яго пазнейшыя буйныя фіналы мы ўжо згадвалі. Ды і на ЧС-2018 Мажыч працаваў – у двух матчах групавога этапу і чвэрцьфінале Бразілія – Бельгія (1:2).

Свой апошні афіцыйны матч Мажыч адпрацаваў 1 снежня 2019-га ў кітайскай Суперлізе ва ўзросце 46 гадоў. Неўзабаве суддзя стаў інструктарам ФІФА, а потым два гады ўзначальваў судзейскі дэпартамент на Кіпры – казалі, што спрабаваў змагацца з карупцыяй у мясцовым футболе, але, відаць, не справіўся.

Ужо пасля пачатку вайны ва Украіне Мажыч павярнуўся ў бок Расіі: у верасні 2022-га ўвайшоў у склад экспертна-судзейскай камісіі РФС, а ў чэрвені 2023-га ўзначаліў дэпартамент судзейства, за што, паводле інсайдаў, атрымлівае 460 тысяч долараў у год. Намеснікам Мажыча пры гэтым стаў шматгадовы лайнсмен ягонай брыгады Далібор Джурджавіч, які ў канцы 2023-га быў запрошаны АБФФ для навучання беларускіх суддзяў працы на VAR. Вось толькі здарыўся казус – Джурджавіч усе лекцыі правёў па-англiйску, а даць перакладчыка федэрацыя забылася.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты