Усе навіны

Выйшла кніга Надзеі Мялешкі

17 красавіка 2023, 14:39

Выйшла кніга жонкі экс-гульца зборнай Беларусі Дзмітрыя Мялешкі Надзеi Мялешкі, якая памерла 23 сакавіка.

Мялешка каля трох гадоў змагалася з ракам грудзей.

У інстаграме Надзеі з'явіўся пост напісаны да яе смерці.

«Я паспела. Мая кніга «Раніца надыходзіць заўсёды» убачыла свет. Гэты пост быў напісаны даўно і чакаў сваёй гадзіны, калі кожны чалавек зможа ўзяць у рукі «Кнігу Надзеі» і знайсці там нешта каштоўнае для сябе. У друк яна пойдзе, хутчэй за ўсё, ужо без мяне…

Ведаеце, пра што я мару? Каб вы ўзялі ў рукі гэтую кнігу і напоўніліся. Прагай жыць і тварыць, марыць шырока і дзейнічаць смела.

Усе мы смяротныя, і я кажу гэта без горычы. Гэтая думка робіць цвярозай і дазваляе інакш убачыць каштоўнасць кожнага дня. Няма ніякіх чарнавікоў, рэпетыцый, усё, што мы пішам, ствараем, адчуваем сёння – ужо наша жыццё, ужо чыставік.

Усміхніцеся. Вы можаце ўсміхнуцца? Вось, ужо светлыя праменьчыкі вакол вачэй, і свет здаецца крышачку лепшы… Нават калі зараз у вас баліць цела ці душа, вы ўсё роўна зможаце знайсці тое, за што трымацца, на што абаперціся, за што дзякаваць і чаму радавацца. Пра гэта мая кніга. Пра шчасце насуперак усяму і пра вялізную любоў да гэтага дзіўнага жыцця», — напісала Мялешка.