Усе навіны

Старшыня «Юнацтва» Баранаў пра прызначэнне Касцючонка: «Яго чакалі ў «Югры». Але з-за абставінаў яму трэба было знаходзіцца ў Мінску»

24 траўня, 15:48

Старшыня «Юнацтва» Аляксей Баранаў пракаментаваў прызначэнне Віктара Касцючонка на пасаду галоўнага трэнера клуба.

– Мы даўно з ім сябруем і супрацоўнічаем. Стэлефаноўваліся на працягу доўгага часу, калі ён працаваў у КХЛ і ВХЛ. Ведаю яго як трэнера, таму што мы разам асіставалі Міхаілу Захараву, ведаю яго стаўленне да працы, патрабаванні да хакеістаў. Для «Юнацтва» на дадзеным этапе гэта найлепшы варыянт.

– Не бянтэжыць тое, што ў Касцючонка няма досведу працы менавіта галоўным трэнерам?

– Наколькі я яго ведаю, у Віктара ёсць свой стрыжань, харызма. Мне здаецца, у яго ўсё атрымаецца.

– З чым звязана замінка ў пытанні прызначэння? Вы раней казалі, што кандыдатура павінная быць узгодненая з ФХБ.

– Узгадненне з федэрацыяй – абавязковая ўмова для любога клуба. Але ўвогуле быў шэраг момантаў, якія мы не хацелі выдаваць. Гэта датычыцца асабіста Касцючонка.

– Гаворка пра ўмовы кантракту?

– Не. Проста ў Віктара былі іншыя варыянты, якія ён разглядаў. Але ўсё ж такі «Юнацтву» ўдалося з ім дамовіцца.

– Раскрыеце гэтыя варыянты?

– Гэта не сакрэт. Усе ведаюць, з якім трэнерам ён разам працаваў у КХЛ і ВХЛ усе гэтыя гады.

– З Вадзімам Епанчынцавым, які нядаўна ўзначаліў «Югру».

– Так, Касцючонка там чакалі. Але абставіны склаліся так, што яму трэба было знаходзіцца ў Мінску. Таму ён прыняў рашэньне застацца тут.

– Хто ўвойдзе ў лік памочнікам новага рулявога?

– Аляксандр Кулакоў, Павел Тоўсцік і Дзмітрый Карпікаў – адпаведна трэнеры па нападаючых, абаронцам і брамнікам, – сказаў Баранаў.