Усе навіны

«Арызона» плануе скасаваць кантракт з Гальчанюком, яго арыштоўвалі і прад'явілі абвінавачванне

14 ліпеня, 08:30

«Арызона» змясціла 29-гадовага нападаючага Алекса Гальчанюка на драфт адмоваў з мэтай скасавання кантракту – праз два тыдні пасля таго, як хакеіст перайшоў у клуб.

Гальчанюка арыштавалі 9 ліпеня па шэрагу абвінавачванняў, у тым ліку напад на прыватную ўласнасць, хуліганства, непадпарадкаванне, супраціў арышту і пагрозы або запалохванне, паведамляе The Athletic.

У паліцэйскім упраўленні Скотсдэйла пацвердзілі ўсе факты і заявілі, што «гэта была толькі матэрыяльная шкода і ніякіх траўмаў не было».

Прадстаўнік турмы паведаміў, што хакеіста адправілі ў гарадскую турму ў нядзелю ўвечары і вызвалілі на наступны дзень пад падпіску аб нявыездзе.

Згодна з пратаколам суда, у панядзелак Гальчанюку было прад'яўлена абвінавачанне.

Агент Гальчанюка Пэт Брысан пакуль ад каментароў адмовіўся.

Прадстаўнік NHLPA сказаў: «Мы разглядаем гэтае пытанне». У прафсаюза ёсць 60 дзён з даты скасавання кантракта, каб вырашыць, падаваць скаргу ці не.

Гальчанюк правёў 654 матчы ў НХЛ і набраў 354 (146+208) ачкі. Хакеіст абраны «Манрэалем» пад трэцім нумарам на драфце НХЛ-2012.