Усе навіны

Аляксандр Пальчык: «У распранальні «Юнацтва» былі жарты пра пратэстоўцаў, маўляў, зноў выйшлі са сцягамі, куды яны лезуць. Гэта злавала»

28 ліпеня, 09:57

Былы нападаючы «Юнацтва» Аляксандр Пальчык распавёў «Зеркалу» пра стаўленне да пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў 2020 года ў камандзе.

– Бацька ў мяне быў у страйку «Беларуськалія». У іх з мамай потым кватэру забралі, хоць тата толькі прыняў удзел у легальнай забастоўцы. Бацькі не хацелі з'яжджаць са краіны, але калі ўсіх, хто быў у страйку, сталі саджаць, перабраліся ў Чарнагорыю.

Канешне, бачыў пратэсты, як людзі мірна выказвалі сваё меркаванне. У Салігорску, праўда, было мала пратэстоўцаў – больш АМАПа. Шахцёры хутка вырашылі вярнуцца на працу. А вось у Мінску размах быў іншы. Бацька, дарэчы, аднойчы ўцякаў ад сілавікоў. Уяўляеце, 50-гадовы мужчына змушаны быў паводзіць сябе, нібы ён вінаваты.

Вы пытаецеся, чаму хакеісты не выказваліся ў 2020-м, а пасля пачатку вайны адзінкі падпісалі Антываенную дэкларацыю? Гэта цяжкая тэма… Я не хаваў у распранальні «Юнацтва» сваю пазіцыю. Мог нешта абмеркаваць з іншымі маладымі хлопцамі, якія падтрымлівалі пратэсты. Але многія проста рабілі выгляд, што іх не тычыцца гвалт супраць народа. Памятаю яшчэ, што два тыдні пасля пачатку вайны не мог знайсці сабе месца. У «Юнацтве» хакеісты пыталіся, што здарылася. Наогул бамбяць Украіну, хлопцы!

Аднаклубнікі ведалі гісторыю маёй сямʼі. Калі ўздымаў тэму, то маўчалі. А так у распранальні нават былі жарты пра пратэстуючых, маўляў, зноў выйшлі з сцягамі, куды яны лезуць. Гэта злавала.

Калі ў 2020-м камандзе прапанавалі падпісаць праўладны [рэжымны] ліст, адразу сказаў, што не буду гэтага рабіць. Памятаю, тады былі размовы шэптам па вуглах. 30-летнія мужыкі думалі, як паступіць. Кіраўніцтва казала, што гэты ліст не за Лукашэнку. Але калі ўважліва прачытаць, то становіцца ўсё зразумела. Не ўсе ў «Юнацтве» падпісаліся, у тым ліку адмовіўся галоўны трэнер (у студзені 2021 года Аляксандра Макрыцкага звольнілі – Tribuna.com). Але некаторыя паставілі аўтограф. Мабыць, прасцей у хакейчык гуляць, чым адстойваць сваю пазіцыю, – распавёў Пальчык.